Раённы бацькоўскі сход сабраў каля 500 удзельнікаў

Общество

Сёлета штогадовы раённы бацькоўскі сход праходзіў на базе пяці ўстаноў адукацыі раёна. Тэмай для абмеркавання стала прафілактыка сярод падлеткаў залежных паводзін.
У раённым бацькоўскім сходзе, які адбыўся на базе гімназіі, удзельнічалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса АСАНОВІЧ, начальнік РАУС Аляксей ПРАТАПОВІЧ, урач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марыя ГАНЧАРОВА, настаяцель Свята-Мікольскай царквы протаіерэй Аляксандр ЛАЗОЎСКІ і куратар праекта «За жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці» дабрачыннага Фонду імя Прападобнай Ефрасінні Полацкай Алена ЯРАШЭВІЧ.

Перад пачаткам сходу сярод бацькоў арганізатары правялі анкетаванне, мэта якога — выявіць праблемныя моманты ва ўзаемадзеянні сям’і і школы. Па словах Ларысы Асанович, менавіта ад ўзгодненасці дзеянняў гэтых двух сацыяльных інстытутаў залежыць эфектыўнасць выхавання дзіцяці.
Напярэдадні бацькоўскага сходу анкетаванне правялі і сярод навучэнцаў 5-11 класаў — па пытаннях жорсткага абыходжання ў сям’і. Па выніках, 2% рэспандэнтаў назіраюць хатні гвалт. Дзеці адзначалі, што ахвярамі жорсткага абыходжання становяцца іх мамы.
— Праблема мэтанакіраванага, лагічна пабудаванага дзіцячага выхавання стаіць перад установамі адукацыі так жа востра, як і перад сям’ёй, — заўважыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — Між тым, мы назапасілі значны вопыт работы з бацькамі, далучылі сям’ю да арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Яна агучыла дзве тэндэнцыі ў развіцці сям’і, якія склаліся ў раёне на працягу апошніх двух гадоў. Адна з іх станоўчая, звязана з павелічэннем колькасці шматдзетных сем’яў з 348 да 429. Другая — адмоўная: узрасла і колькасць няпоўных сем’яў, іх у раёне 987.
Па стану на 1 кастрычніка бягучага года 155 дзяцей з 76 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У 24 выпадках бацькі вядуць амаральны лад жыцця і злоўжываюць алкаголем. Ларыса Асановіч звярнула ўвагу на тыя крытэрыі, па якім становішча ў сям’і прызнаецца сацыяльна небяспечным. Прычыны, па якіх сем’я трапляе ў гэту катэгорыю, розныя: бацькі не выконваюць свае абавязкі па выхаванню дзіцяці або, наадварот, злоўжываюць сваімі правамі, паказваюць дрэнны прыклад дзецям, жорстка з імі абыходзяцца і інш. Прычынай могуць стаць і супрацьпраўныя паводзіны непаўналетніх. У бягучым годзе (па стану на пачатак лістапада) школьнікі здзейснілі 4 злачынствы: 3 крадзяжы і 1 хуліганства. Выпадкаў прыцягнення непаўналетніх да даказнасці па «наркатычным» артыкуле выяўлена не было, у мінулым жа годзе фіксаваліся 3 такія факты.
— Асаблівая ўвага ў прафілактыцы асацыяльных паводзін дзяцей адводзіцца арганізацыі шостага дня, — адзначыла Ларыса Асановіч. — Суботні дзень з’яўляецца часткай выхаваўчага працэсу, напоўнены мерапрыемствамі экалагічнага, краязнаўчага, патрыятычнага і іншых напрамкаў. Пры арганізацыі шостага дня актыўна выкарыстоўваецца спартыўная база раёна, якая ўключае, акрамя спартыўных збудаванняў устаноў адукацыі, турысцка-краязнаўчы цэнтр, СДЮШАР.
Яе садакладчыкы ўздымалі ў сваіх выступленнях шырокае кола праблем, звязаных са здароўем, маральнасцю, бяспекай жыццядзейнасці. Па выніках раённага бацькоўскага сходу была прынята рэзалюцыя.
Акрамя гімназіі, раённы бацькоўскі сход прайшоў ва ўстановах адукацыі ў Смілавічах, Раванічах, Валевачах і Лядах. Асаблівасцю сходу ў Лядзенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе стала работа яго ўдзельнікаў па секцыях, прысвечаных інфармацыйнай бяспецы ў глабальнай сетцы, прававым паводзінам, сямейнаму выхаванню на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *