У доме-інтэрнаце ліквідавалі ўмоўны пажар…

Безопасность

Чэрвеньскія выратавальнікі напярэдадні прафесійнага свята адпрацавалі ліквідацыю ўмоўнага пажару ў доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Па задумцы, узгаранне адбылося ў памяшканні сталовай. Умоўна былі выкліканы ўсе аварыйныя службы, на месцы была машына “Хуткай дапамогі”.

Выратавальнікі адпрацавалі практычныя ўводныя задачы, у тым ліку адну раптоўную, на выпадак, калі будуць пацярпелыя са звяна газадымаахоўнай службы. Уся інфармацыя перадавалася ў Цэнтр аператыўнага кіравання.
На ўмоўнай ліквідацыі агню былі задзейнічаны выратавальнікі з пажарных частак у Чэрвені і Смілавічах, з пастоў у Ведрыцы, Горках і Дамавіцку.
Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Батура распавёў пра асаблівасці вучэнняў:
— Дом-інтэрнат — гэта сацыяльна значны аб’ект з масавым кругласутачным знаходжаннем людзей, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі. Асаблівасць будынка — яго корпусная планіроўка і працяглыя калідоры, па якім агонь і дым могуць хутка распаўсюдзіцца па ўсім паверсе. Ад падраздзяленняў патрабуецца хутка сарыентавацца на месцы і дзейнічаць зладжана, каб у лічаныя хвіліны ліквідаваць узгаранне і выратаваць людзей.
Каб выключыць магчымасць распаўсюджвання агню, пажарныя правялі разведку сумежнага паверха — цокальнага. У цэлым з пастаўленай задачай, па словах Аляксея Батуры, справіліся паспяхова.
Два гады таму чэрвеньскія выратавальнікі ўжо тушылі ўмоўны пажар у доме-інтэрнаце — у першым корпусе будынка.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *