“Будаўнік” — на п’едэстале

Спорт

На фінішы чэмпіянату краіны, які завяршыўся мінулымі выхаднымі ў Мінску, склалася непрыемная сітуацыя: адразу тры каманды – “Бабруйск”, гомельскія “БелГУТ” і “Эскулап” — з-за фінансавых праблем не прыехалі на гульні ў сталіцу. Ім былі залічаны тэхнічныя паражэнні. У выніку, паводле турнірнага становішча, у матчы паміж чэрвеньскім “Будаўніком” і брэсцкім “Меркурыем-ДМК” фактычна разыгрываліся сярэбраныя і бронзавыя медалі спаборніцтваў (чэмпіёнам датэрмінова стаў гомельскі “Саюз-Энерга”).
На жаль, наша каманда не здолела сабраць на вырашальную сустрэчу аптымальны састаў: тры ігракі былі занятыя ў гульнях чэмпіянату Беларусі па футболу, яшчэ тры – накіраваліся ў Віцебск на першынство Міністэрства ўнутраных спраў па міні-футболу. Але і ў такіх абставінах на працягу першага тайма “Будаўнік” на роўных змагаўся з моцным сапернікам: на табло гарэлі стартавыя нулі.
І невядома, якім бы быў выніковы лік матча, калі б незадоўга да сірэны на перапынак не атрымаў сур’ёзную траўму нагі абаронца нашай каманды Антон Срыбненка. Яго адсутнасць на пляцоўцы пасля перапынку адчувалася вельмі востра. Абарончыя парадкі “Будаўніка” раз-пораз капітулявалі перад магутнымі атакамі “Меркурыя-ДМК”. За першыя дзесяць хвілін мяч тройчы пабываў у нашых варотах. Затым гол Дзмітрыя Чыстага адрадзіў інтрыгу ў матчы. Але не надоўга: прапусціўшы два мячы за адну хвіліну, “Будаўнік” паставіў сябе ў амаль што безвыходнае становішча. Адыграцца было складана, тым больш, што з-за траўмы выбыў з гульні яшчэ і вопытны Аляксей Мішковіч. Адзінае, што атрымалася, не дапусціць канчатковага разгрому. Перамога “Меркурыя-ДМК” – 5:1 – прынесла яму сярэбраныя медалі чэмпіянату. У “Будаўніка” – “бронза”.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *