Барцом ты можаш і не быць, а чалавекам — абавязаны

Молодежная политика Спорт

Здаецца, зусім нядаўна на гэткім жа барцоўскім дыване Дзяніс БУБЕНЬКА сам пад кіраўніцтвам трэнера Юрыя Лейкіна спасцігаў азы барцоўскага майстэрства. Сёння ў яго свае вучні, а з любімым трэнерам Дзяніс побач і зараз. Толькі цяпер яны, што для Дзяніса вялікі гонар, калегі — абодва працуюць у Чэрвеньскай дзіцячай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву.

Да 9 класа Дзяніс жыў і трэніраваўся ў Чэрвені, ездзіў на спаборнітвы, займаў першыя і прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх першынствах. Потым паступіў у вучылішча алімпійскага рэзерву ў Плешчаніцах, і там стаў трэніравацца ў Лейкіна-старэйшага, Лазара Барысавіча. А праз два гады паступіў у Акадэмію фізкультуры. За час вучобы Дзяніс стаў не толькі трэнерам па вольнай барацьбе, але і сам дабіўся добрых вынікаў — ён майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе (гэта той від, у якім бароўся знакаміты на ўвесь свет Аляксандр Карэлін) і кандыдат у майстры спорту па вольнай (гэта той від, у якім бароўся знакаміты на ўвесь свет Аляксандр Мядзведзь).
Пасля заканчэння ВНУ працаваў настаўнікам фізкультуры ў Смілавічах, потым пераехаў у Барысаў. Стварыў сям’ю, нарадзіўся сын Ягор. У Барысаве працаваў трэнерам па грэка-рымскай барацьбе. Яго вучні ўдзельнічалі ў першынствах Беларусі і Еўропы, перамагалі на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. Сярод былых падапечных ёсць майстры і кандыдаты ў майстры спорту.
І вось пасля будаўніцтва новага Фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Чэрвені нарэшце Дзяніс атрымаў магчымасць працаваць трэнерам па вольнай барацьбе на сваёй малай радзіме. Ды не проста працаваць, а рабіць гэта побач са сваім уласным трэнерам! Зараз у яго дзве групы (25 чалавек) пачатковай падрыхтоўкі і адна старэйшая з васьмі выхаванцаў. Дзяніс распавядае: «Дзеці трэніруюцца ўсяго паўгода. Але ўжо ўдзельнічаюць у абласных спаборніцтвах. За гэтыя шэсць месяцаў ездзілі ці 8, ці 10 разоў. Былі ў Шклове, Слуцку, Клецку, Дружным. Гэта вельмі шмат за такі тэрмін, у мой час, калі я быў пацаном, мы не маглі так часта ездзіць. Сённяшняя актыўнасць маіх выхаванцаў — гэта заслуга кіраўніцтва спартыўнай школы. Яны імкнуцца знайсці сродкі фінансаваць наш удзел у спаборніцтвах. Вялікі дзякуй за гэта! Бліжэйшыя планы юных чэрвеньскіх вольнікаў — адкрытае першынства у Мар’інай Горцы».
Што ж патрэбна, каб дабіцца выніку, стаць сапраўдным барцом? Якія рэкамендацыі наконт гэтага дае сваім выхаванцам трэнер Дзяніс БУБЕНЬКА? «Ведаеце, мой трэнер Лазар Барысавіч Лейкін яшчэ ў дзяцінстве на ўсё жыццё прывіў мне, ды, думаю, і іншым сваім выхаванцам, дэвіз: «Барцом ты можаш і не быць, а чалавекам — абавязаны!» І зараз, калі я ўжо сам трэнірую дзяцей, гэта заўжды мае ім першыя і галоўныя словы. Вучу іх таксама таму, што барацьба — гэта не спорт, а вобраз жыцця. Нельга на дыване быць дужым, стойкім, а ў жыцці — слабаком. Ну, і для кожнага, хто хоча дабіцца выніку ў спорце, галоўнымі якасцямі павінны быць мэтанакіраванасць, цярпенне і працавітасць. Без гэтага не даб’ешся выніку, якім бы не быў таленавітым. Наогул, у поспеху толькі 1 працэнт таленту. А 99 працэнтаў — гэта праца. Таму я ніколі не вызначаю нейкіх «маленькіх зорак», маўляў, вось гэты у нас лепшы, самы здольны. Вось ёсць у нас Аліна ТАРАСІК. Ёй 10 гадоў. Здаецца — малая… Ды яшчэ і дзяўчынка. Адзіная дзяўчынка ў маёй групе. Але гэта сур’ёзны чалавек, вельмі мэтанакіраваны, трэніруецца ўпарта, уровень з хлопчыкамі. Таму ўжо і першы вынік ёсць — Аліна ўдзельнічала ў рэспубліканскім турніры і заняла другое месца. Адным словам, кожны можа, прыклаўшы намаганні, дабіцца высокіх вынікаў.”
Пажадаем спартыўных поспехаў выхаванцам Дзяніса БУБЕНЬКІ, і, кіруючыся настаўленнем ужо не аднаго пакалення трэнераў — што б не здаралася, заўжды заставацца людзьмі.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *