Артур Дзямко:“Рэнтабельнасці вытворчасці спрыяюць уласная перапрацоўка і фірменны гандаль”

Экономика

Закрытае акцыянернае таварыства “Турэц”, якое спецыялізуецца на свінагадоўлі, па выніках мінулага года ўнесла важкі ўклад у эканоміку раёна.
Павялічыўшы пагалоў’е свіней у параўнанні з 2015 годам больш чым на 5 тысяч галоў, тут забяспечылі тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі 381,8 працэнта. З 1,8 да 5,8 працэнта ўзрасла рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі. Значна павялічылася і дасягнула 94,6 працэнта ступень пакрыцця выдаткаў выручкай. А ўдзельная вага фонду заработнай платы ў выручцы скарацілася да 20,7 працэнта.

Падрабязней пра набыткі, складнікі поспеху і перспектывы развіцця гаспадаркі распавёў “Раённаму весніку” яе дырэктар Артур Дзямко:

– 2016 год быў для нас годам эканамічнага росту. Пераважную большасць прагнозных паказчыкаў, даведзеных райвыканкамам і Барысаўскім камбінатам хлебапрадуктаў, удалося забяспечыць. За выключэннем сярэднясутачных прывагаў свіней, паколькі стаўка летась была зроблена на пашырэнне матачнага статка, каб хутчэй павялічыць пагалоўе.
У мінулым годзе мы выканалі праграму-максімум па рэканструкцыі. Увялі ў эксплуатацыю два сектары для апаросу свінаматак, удвая пашырыўшы колькасць станкоў у кожным з іх. Пры гэтым менш стала ручной працы, што дазволіла не павялічваць колькасць абслугоўваючага персаналу: аператар, які раней даглядаў трыццаць свінаматак, зараз даглядае шэсцьдзесят.
Сёлета разлічваем правесці рэканструкцыю астатніх чатырох сектароў. Пасля гэтага будзем мець 360 пастановачных месцаў для апаросу свінаматак.
Пры рэканструкцыі, якую вядзём сваімі сіламі і сродкамі, без прыцягнення крэдытных рэсурсаў, мы знайшлі магчымасць істотна зменшыць выдаткі на яе. Справа ў тым, што завадскія станкі ў Беларусі не вырабляюцца, а купляць іх у Расіі ці Украіне вельмі дорага. Таму мы набываем металічныя трубы і робім станкі самастойна. Атрымлівацца ў тры (!) разы танней.
Рэалізацыя планаў па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў дасць магчымасць выканаць пастаўленую перад нашай гаспадаркай задачу: на працягу трох гадоў павялічваць пагалоўе свіней штогод на 2,5-3 тысячы і давесці яго да 20-21 тысячы галоў. Яна вынікае з таго, што ад колішняга намеру пабудаваць у Чэрвеньскім раёне новы свінакомплекс з-за адсутнасці фінансавання давялося адмовіцца. Яно, мо, і да лепшага. Бо новыя комплексы, якія пабудаваныя ўжо, пры сённяшняй эканамічнай сітуацыі невядома калі акупяцца і ці акупяцца наогул…
Зразумела, галоўным паказчыкам эфектыўнасці нашай працы з’яўляецца рэнтабельнасць вытворчасці. Па выніках мінулага года яна склала 5,8 працэнта, а сёлета за студзень, паводле папярэдніх падлікаў, павінна дасягнуць 6 працэнтаў. Канешне, гэта не тыя 12-13 працэнтаў, якія мы мелі ў 2012-2013 гадах. Але і попыт на свініну зараз значна ніжэйшы.
У гэтай сітуацыі выратоўвае тое, што маем уласную перапрацоўку. Бо, калі б сёння рэалізоўвалі свініну праз мясакамбінаты, то штомесяц гублялі б на гэтым каля 800 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. А так усё перапрацоўваем у сябе і прадаём праз пяць фірменных магазінаў і выязны гандаль. Са 100-150 тон мяса жывой вагой, якія вырошчваем за месяц, частку рэалізоўваем паўтушамі, частку – розрубам. І 20-25 тон складае прадукцыя ўласнага каўбаснага цэха.
Дарэчы, нашы каўбасы прыйшліся даспадобы пакупнікам, асабліва ў Мінску. Бо мы пры іх вытворчасці не выкарыстоўваем ніякіх дабавак, акрамя солі і перцу. Сёння камерсанты прапануюць нам дабаўкі, за кошт якіх можа амаль удвая павялічваць выхад гатовага прадукту. Але мы свядома на гэта не ідзём і ісці не будзем. Таму што не так складана вырабіць прадукцыю, як яе прадаць. Асабліва прадукцыю якасную, каб людзі не крыўдзіліся на вытворцаў.
Бліжэйшым часам перапрацоўку будзем толькі паглыбляць, паколькі акрэсліўся спад попыту на мяса ў паўтушах. Пры двухзменнай працы маем магчымасць перапрацоўваць на каўбасы і іншыя мясныя вырабы да 50-70 тон мяса за месяц…
З ростам вытворчасці паляпшаецца дабрабыт нашых работнікаў. За мінулы год сярэдні заробак склаў у нас 570 рублёў. Кожны работнік мае магчымасць штомесяц набыць 10 кілаграмаў мяса па льготнаму кошту. Невысокі і кошт комплексных абедаў у нашай сталовай. А ў буфеце рэалізоўваецца ўся прадукцыя Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў без гандлёвых надбавак.
Сёлета разлічваем павялічыць аб’ём вытворчасці свініны на 40 працэнтаў. Гэта паспрыяе выкананню пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы павялічыць сярэднюю заработную плату да 500 долараў США ў эквіваленце.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *