Свята Перамогі на плошчы Свабоды

Общество

IMG_1017З нагоды 71-ай гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Чэрвеньшчыне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага свята. Здавалася, што нават прырода спрыяла ўзнёсламу настрою. Сонечнае, па-летняму цёплае надвор’е запрашала жыхароў і гасцей Чэрвеня на плошчу, дзе адбываліся святочныя ўрачыстасці. Прыйшло шмат людзей рознага ўзросту, цэлымі сем’ямі, каб ушанаваць памяць загінуўшых, а таксама парадавацца сённяшняму мірнаму жыццю ў краіне.

Па традыцыі ўрачыстасць пачалася з Алеі Герояў. Тут у вялікай калоне былі прадстаўнікі райвыканкама, грамадскіх і прафсаюзных аб’яднанняў, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, вучні, жыхары і госці Чэрвеньшчыны. У памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны да помніка ўсклалі кветкі і вянкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў вайны ў Афганістане, ад працоўных і моладзі раёна.
Пад гукі духавога аркестра Чэрвеньскай школы мастацтваў калона разам з ветэранамі, якіх везлі на аўтамабілях, пачала ўрачыстае шэсце па галоўнай вуліцы горада да помніка воіну-вызваліцелю. Удзельнікі акцыі «Бессмяротны полк», у знак павагі, падзякі і памяці пранеслі партрэты сваіх родных і блізкіх — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.2
Пачаўся ўрачысты мітынг тэатралізаванай харэаграфічнай замалёўкай «Ах, война, что ты, подлая, сделала». Пасля гімна Рэспублікі Беларусь з віншавальным словам да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Макаранка.
Пранізлівай цішынёй, шчымлівым болем у сэрцы кожнага прысутнага адазвалася хвіліна маўчання ў памяць тых, хто загінуў за свабоду.
Затым ля помніка разгарнулася тэатралізаваная харэаграфічная замалёўка «Никто не забыт, ничто не забыто» разам з удзельнікамі акцыі «Бессмяротны полк».
Патрыятычна і эмацыянальна прагучала прамова старшыні раённай арганізацыі беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Віктара Казачонка.
IMG_1499У памяць аб загінуўшых да помніка воіну-вызваліцелю ўсклалі кветкі ад Чэрвеньскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-інтэрнацыяналістаў, ад Чэрвеньскага ваеннага камісарыята, раённага аддзела ўнутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ад працоўных калектываў і моладзі горада. А самыя маленькія грамадзяне горада падарылі ветэранам з любоўю зробленыя малюнкі.
Сёлета ўпершыню падчас святкавання 9 мая на Чэрвеньшчыне адбыўся аўтапрабег па месцах баявой славы «Дарогамі Перамогі». У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Упрыгожаныя сцягамі, адметным магнітам у выглядзе стужкі колеру беларускага сцяга і яблыневай кветкай аўтамабілі праехалі з сігналамі па плошчы і накіраваліся па месцах баявой славы на тэрыторыі Чэрвеньскага, Калодзежскага і Лядзенскага сельсаветаў. IMG_0142
Пасля мітынгу свята на плошчы працягвалася. Тут былі гульневыя, тэматычныя пляцоўкі, праводзіліся майстар-класы. Кожны жадаючы змог паўдзельнічаць, дзе яму падабаецца. Іграў духавы аркестр Чэрвеньскай школы мастацтваў. Працавалі гандаль, разнастайныя дзіцячыя пляцоўкі і атракцыёны.
У амфітэатры адбыўся святочны канцэрт з удзелам вакальных і харэаграфічных калектываў і выканаўцаў з устаноў культуры раёна. У кінатэатры «Современник» паказалі мастацкі фільм «72 часа», дакументальны фільм «Последний в жертвенном списке». Вечарам на плошчы чэрвенцаў чакала моладзевая танцавальная праграма, акцыя «Праспяваем «День Победы» разам», а таксама святочны салют у гонар Перамогі.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара і Наталлі КАРАЛЬКЕВІЧ



1 комментарий по теме “Свята Перамогі на плошчы Свабоды

  1. Спасибо, Червень! Отличный праздник, всё очень понравилось! Впрочем , как и всегда.
    Светлана, г.Минск

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *