Валянціна Півавар: у віры жыцця

Общество

Пра гэты юбілей я даведаўся выпадкова ў вёсцы Кулікі, калі завітаў да сваіх даўніх сяброў Брычкоўскіх. Яны перабраліся сюды з Мінска. Мая Барысаўна — тутэйшая ўраджэнка. У размове зазначыў, што вёску не пазнаць: вуліцы заасфальтаваныя, працуе шмат малых прадпрыемстваў,  жыхарам няма патрэбы ездзіць у сталіцу на працу. Мая Барысаўна актыўна падоўжыла: “Няма параўнання з былым. Сёння ў вёсцы чысціня, парадак. Я на “шпільках” выходжу на вуліцу.  У гэтым асабістая заслуга старшыні Смілавіцкага сельсавета Валянціны Іванаўны Півавар. Яна сапраўдны сучасны кіраўнік, жыве інтарэсамі людзей. Мы шчыра ёй удзячны. Дарэчы, 26 мая ў яе юбілей. Хай беражэ яе Бог і шчасціць у жыцці”.

— Гэтая шчырая размова і падштурхнула сустрэцца з Вамі, шаноўная Валянціна Іванаўна. У Смілавіцкім рэгіёне, у нашым раёне Вы добра вядомая асоба — па справах, чулых адносінах да кожнага чалавека. І шмат чуў ад людзей просьбу распавесці пра Вас на старонках раённай газеты. Для гэтага зараз ёсць добрая  нагода. Калі ласка, раскажыце  пра свае карані.

—  Нарадзілася я ў вёсцы Загорнае, што на Клеччыне, у сям’і калгаснікаў, так што змалку зведала няпростую сялянскую працу. Мама была даяркай, за ўдарную працу яе прэміравалі аўтамабілем “Ніва”. Я вельмі ганарылася. Дапамагала ёй, калі вучылася ў школе і калі ўжо стала студэнткай.  Сярэдняя школа была за шэсць кіламетраў ад нашай вёскі, даводзілася ездзіць на веласіпедзе ці неяк інакш дабірацца…

— А чаму абралі прафесію агранома?

— Па-першае, зямлю любіла і люблю. А па-другое, аграном у сельскай гаспадарцы — спецыяліст патрэбны. Гэта галоўны тэхнолаг палеткаў. Я закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці вучоны аграном, а затым яшчэ Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт і атрымала  спецыяльнасць эканаміста. Падчас вучобы ў акадэміі выйшла замуж і разам з мужам паехала працаваць у саўгас “Камаровічы” Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, які займаўся вырошчваннем лекавых раслін. Муж шчыраваў галоўным інжынер-механікам, а я была эканамістам. Адпрацавалі шэсць гадоў. Цудоўныя там былі мясціны, маляўнічыя. І  цякла прыгожая рака Арэса.

— Якія ў Вас тады былі мары і ці здзейсніліся яны?

— Канешне, былі. І многае ажыццёўлена. Я знайшла сваё шчасце і ў працы, і ў сям’і. Мы з мужам пабудавалі дом, пасадзілі сад, выхавалі дзяцей, прычакалі ўнукаў…

— А як трапілі на Чэрвеньшчыну?

— Прыехалі ў госці да сястры мужа. Заполле нам спадабалася. Працу прапанаваў тагачасны дырэктар саўгаса Сяргей Уладзіміравіч Нупрэйчык і з жыллём абяцаў дапамагчы. Мы  тады меркавалі пераехаць бліжэй да бацькоў…

— Ці вагаліся, калі Вам прапанавалі пасаду старшыні сельсавета? Я падлічыў: улетку ў Вас будзе другі юбілей — 20 гадоў працы на гэтай пасадзе.

— Найперш быць старшынёй сельсавета прапанавалі майму мужу, але ён катэгарычна адмовіўся. Пачалі “сватаць” мяне. Канешне, напачатку былі сумненні, развагі. Справа ж новая для мяне, хоць і мела вопыт работы з людзьмі яшчэ са студэнцкіх гадоў — з’яўлялася намеснікам сакратара камітэта камсамола факультэта.

— Ці запомніліся першыя працоўныя дні ў якасці старшыні?

— Так, шмат было хвалявання, за ўсё адразу хапалася. У першую чаргу навялі парадак на рабочых месцах, у кабінетах сельвыканкама. Праца з першых дзён паланіла мяне, зрэшты, не адпускае і цяпер. Я адчуваю радасць, задавальненне, калі ўдаецца вырашыць нейкае надзённае пытанне, з якім да мяне звяртаюцца людзі.  Тады і стомленасці — як і не было. Стараюся, каб у полі зроку быў кожны чалавек. Асаблівую ўвагу звяртаю на ветэранаў вайны, працы. Без іх намаганняў не было б  сучаснага шчаслівага дня.

— А што канкрэтна Вам удалося зрабіць?

— Усяго і не пералічыш.  Вельмі многае зроблена па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Вы прыгадалі Кулікі, а яшчэ больш зроблена ў Заполлі. У гэтай вёсцы ўстанавілі гранітны мемарыяльны помнік жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, у 2000 годзе наш сельсавет выйшаў пераможцам ў рэспубліканскім спаборніцтве па добраўпарадкаванню вёсак.

Сельсавет набыў новы трактар за сродкі, заробленыя ад пазабюджэтнай дзейнасці. Аказваем людзям паслугі. Агарадзілі могілкі, засталося яшчэ зрабіць гэта ў Куліках.

Вялікая і складаная работа праведзена па выдзяленню зямлі для будаўніцтва індывідуальных дамоў. Гэта асабліва ўхваліла моладзь. Мікрараён у Карзунах зняў напружанасць па жыццёва важных пытаннях. Будуюцца дамы, закладваюцца сады, вырашаецца і дэмаграфія. Пасёлак маладзее.  Інжынерна-камунікацыйнае забеспячэнне гэтага мікрараёна вырашае і праблему добрай вады для Карзуноў, Заполля, Снежак, Смілавіч. Мы, мусіць, у ліку першых пачалі працэс выкарыстання зямельных плошчаў у выглядзе ўшчыльнення. У вёсцы Гудавічы атрымалася  вельмі добрая вуліца…

Адразу цяжка ўспомніць усе здабыткі. Людзі помняць — і гэта галоўнае.

— Што б Вам хацелася ажыццявіць яшчэ?

— Заасфальтаваць у Смілавічах, вёсках кожную вулачку, пабудаваць станцыю абезжалезвання вады, прабурыць новыя артэзіянскія свідравіны. Вельмі патрэбны дзіцячая пляцоўка і клуб у аграгарадку Заполле. А яшчэ — вызначыць новыя ўчасткі для жыллёвага будаўніцтва — накшталт Карзуноўскага мікрараёна.

— Ці верыце Вы ў каханне з першага погляду? Ці дапамагае Вам муж?

— Веру ў першы погляд, які вызначае лёс жанчыны ці мужчыны. Свайго мужа я прыкмеціла на пасяджэнні камітэта камсамола і дала згоду, каб ён правёў мяне. А неўзабаве ўзялі шлюб. Муж у мяне добры, дапамагае, без яго падтрымкі я не змагла б справіцца з безліччу службовых абавязкаў. Сумесная падтрымка мацуе і сям’ю.

— Раскажыце, калі ласка, аб Вашых “кветках жыцця”.

— У нас двое дзяцей — сын і дачка. У дачкі ўжо гадуецца сынок і наш любімы ўнучак, пястунок.

— Што б Вы змянілі ў сваім жыцці, каб з’явілася такая магчымасць?

— Нічога. Усё ад Бога. Вельмі хацелася б больш пабачыць свету. Бо нідзе за межамі Беларусі не была, за выключэннем былой ГДР падчас студэнцкай практыкі.

— Чым Вы любіце займацца ў вольны час?

— Агародам. Мы з мужам вырошчваем каля дваццаці культур. І абавязкова — кветкі. Мне падабаюцца ружы раніцай з кроплямі расы. Цешаць вочы лілеі. А яшчэ я люблю слухаць народную музыку,  з’яўляюся  прыхільніцай ансамбля “Бяседа”. Сама спяваю народныя песні.

З задавальненнем гляджу фільмы савецкіх часоў: цёплыя, чулыя, з чалавечай годнасцю. Напрыклад, “А  зори здесь тихие…”

Калі выпадае вольны час, вышываю крыжыкам ці бісерам. Вышыла ікону “Неўпіваемая чаша”.

— Вы ў жыцці сустракаеце шмат цікавых людзей. Хто з іх найбольш уразіў?

— Сапраўды, таленавітых, адметных людзей шмат.  З асаблівай пашанай адношуся да ўраджэнца Карзуноў архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана.

Не забыць мне размовы з Ібрагімам Канапацкім, вядомым дзеячом татарскага адраджэння. На жаль, ён ужо пайшоў з жыцця.

— А як Вы ставіцеся да моладзі?

— Большасць маладых людзей — разумная, працавітая, мэтанакіраваная. І гэта радуе. Ад нас патрэбна ёй падтрымка ў стварэнні ўмоў для жылля. Я маю на ўвазе не гатовае, а выдзяленне зямлі пад будаўніцтва, крэдытаў. У гэтым накірунку таксама працую.

— Якую перспектыву  Вы бачыце для Смілавіцкага рэгіёна?

— Развіццё турызму. У нас ёсць што паказаць, пра што распавесці. Праз турызм з’явіцца магчымасць удасканальваць і пасёлак, і вёскі.

— Як ставіцеся да веры?

Станоўча, яна патрэбна чалавеку. Калісьці сама з бабулей хадзіла ў Юдчыцкую царкву, дапамагала  адчыніць храм, за што ўзнагароджана ордэнам Кірылы Тураўскага, а за помнік — медалём “60 гадоў Вялікай Перамогі”.

— Што Вы пажадаеце чытачам газеты?

— Здароўя, міру і ладу, дабрабыту. Няхай кожнага аберагае Бог.

Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *