Дзеці вайны: з майзароўскага жыцця

Общество

…На двары золка, босыя ногі мерзнуць. Пачуўшы гул, задзіраю галаву ўверх — гэта самалёты. Іх некалькі, лічыць я не ўмею. Вось яны ўжо над вёскай, ад іх гулу закладае вушы.

Першае знаёмства з нямецкім самалётам у мяне адбылося летам, і  я хуценька хаваюся пад куст парэчак.

— Дудкі! Цяпер гэты фашыст мяне не ўбачыць. — Я здымаю світку і захутваю ёй галаву.

У вёсцы чутны галасы, тупат ног. А самалёты ўсё яшчэ гудуць. Нешта моцна бабахнула, загрукатала, аж затрэслася зямля. I вось ужо самалёт нада мной, пачулася жудаснае выццё з прысвістам, якое ўсё набірала моц. Потым так бабахнула, што залажыла вушы, і мяне нібы падкінула ўверх.

Калі ўсё сціхла, я расплюшчыла вочы, адхінула світку, сяджу на тым жа самым месцы пад кустом парэчак. Цераз вуліцу, побач з хатай маіх сябровак, шугае вялікае вогнішча. Самалётаў ужо няма, цішыня — толькі чуваць трэск ад полымя. Я баюся нават паварушыцца. Пачуўся лямант цёткі Паўліны, яе хата непадалёк ад нашай. I вось ужо збягаюцца людзі на яе падвор’е. Асмеліўшыся, я пабегла туды ж. За хатай цёткі гарыць хлеў, людзі спрабуюць яго патушыць, каб не дапусціць агню да хаты.

Галавешкі — вось што засталося ад хлява, іх расцягваюць па агароду і прысыпаюць зямлёй. Цераз вуліцу насупраць дагараюць дзве хаты. На месцы адной — глыбокая яма і кругом дымяцца галавешкі. У хаце, у якую трапіла бомба, знаходзіліся гаспадары, ад іх нават касцей не знайшлі.

У той дзень фашысты ляцелі ў бок Паповай Грады. Там у лесе знаходзілася партызанская зона. Пачыналася блакада супраць народных мсціўцаў, і немцы ляцелі бамбіць. Над нашай вёскай яны толькі праляцелі і прынеслі многа гора людзям за некалькі хвілін, якія падаліся мне вечнасцю.

Калі ўсё суцішылася, маці запытала, дзе мая світка. Я пра яе нават забылася і не ведала, куды яна падзелася. Так мы яе і не знайшлі: мо ўтапталі ў гразь, а мо згарэла. Па сваёй абнове я галасіла, як па нябожчыку. Пашыць новую світку не было з чаго. Усю восень і зіму давялося сядзець на печы.

Марыя БЯЖАН,

былая жыхарка

вёскі Майзарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *