Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку — 90 гадоў

Общество

Прыцягненне невідушчых людзей да грамадскай работы, арганізацыя іх адпачынку, адукацыі і быту — такую мэту ставілі ў 1924 годзе пры ўтварэнні Беларускага таварыства сляпых. І сёння «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» працягвае работу ў гэтым накірунку. Датай яго ўтварэння лічыцца 23 лістапада. У гэты дзень прайшоў  першы арганізацыйны сход у памяшканні  Мінскага вучылішча сляпых. Быў прыняты Статут таварыства, якое аб’яднала 30 чалавек.

На працягу 1932-1937 гадоў у шэрагу раёнаў Мінскай вобласці была  арганізавана работа Дамоў працы для невідушчых людзей, у тым ліку і ў Чэрвені (у 1933 годзе) на 30 працоўных месцаў.

У той час людзі працавалі ў прыстасаваных драўляных памяшканнях: вілі вяроўкі, плялі кошыкі, валялі валёнкі. Людзі з абмежаваным зрокам выпускалі прадукцыю, якая дастойна канкурыравала з валёнкамі Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі.

Падчас вайны, усё, што было створана і пабудавана, знішчылі фашысцкія захопнікі. Пасля вызвалення Чэрвеня вучэбна-вытворчае прадпрыемства таварыства сляпых у складаных умовах разрухі аднавіла сваю работу. Ужо ў 1949 годзе тут працаваць мелі магчымасць 70 інвалідаў. У 1956 годзе вытворчасць «перасялілася» у новы двухпавярховы будынак. Напачатку 60-х гадоў пабудавалі два жылыя дамы, інтэрнат. У 1973 годзе поўнасцю змяніўся асартымент прадукцыі, якую выпускала прадпрыемства, — перайшлі на вытворчасць электраўстановачных вырабаў. Інваліды па зроку пазбавіліся цяжкай фізічнай працы. Калектыў прадпрыемства з года ў год павялічваў аб’ёмы выпуску прадукцыі. У 90-я гады, калі ў рэспубліцы намеціўся пераход да рыначных умоў гаспадарання, парушыліся эканамічныя сувязі з пастаўшчыкамі сыравіны і спажыўцамі з блізкага і далёкага замежжа. Перад калектывам з’явіліся новыя задачы, ад рашэння якіх залежала выжыванне прадпрыемства і адаптацыя яго ў новых умовах. Давялося прыкласці нямала намаганняў, каб аднавіць, хаця б часткова, эканамічныя сувязі. Прадпрыемства перайшло на выпуск электраўстановачных вырабаў па еўрастандарту, палепшылася якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі.

З 2001 года прадпрыемства — філіял унітарнага прадпрыемства «Светлапрыбор» грамадскага аб’яднання «БелТІЗ».

Дырэктар установы Альберт Беластоцкі:

— Сёння Чэрвеньскі філіял — гэта структурнае падраздзяленне без права юрыдычнай асобы, ёсць галаўное прадпрыемства ў Мінску. Працуе ў нас каля 90 чалавек. 65 % — інваліды, не толькі па зроку, ёсць і па агульнаму захворванню. Займаемся зборкай электраўстановачных вырабаў. Асноўная прадукцыя — разеткі, патроны, выключальнікі. Імкнёмся працаўладкаваць інвалідаў, якія жывуць не толькі ў Чэрвені, але і ў Пухавіцкім і Бярэзінскім раёнах. У  Чэрвені ўсе інваліды, якія жадаюць працаваць, уладкаваны. Падтрымліваем сувязь з Цэнтрам занятасці, стараемся задаволіць усіх.

На прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для працы. Добраўпарадкавана тэрыторыя, прасторныя светлыя цэхі: на першым паверсе — резьбанарэзны, на другім — электразборачны. Сярэдні заробак сёння складае каля трох мільёнаў.

Эканамічная сітуацыя сёння такая, што і ў нас на прадпрыемстве назапасілася пэўная колькасць прадукцыі. Зараз мы займаемся мадэрнізацыяй склада. Зрабілі пад’язныя шляхі, у памяшканні замянілі падлогу, устанаўліваем стэлажную сістэму. Збіраемся набыць пагрузчык, каб механізаваць працу.

У нас працуюць і людзі са зрокам. Надзейны памочнік для невідушчых — майстар Святлана Бандзік. Менавіта да яе, як да прафесіянала, ў першую чаргу звяртаюцца з праблемамі і пытаннямі. Дапамагаюць у рабоце адміністрацыі прадпрыемства і створаныя грамадскія арганізацыі — адна на прадпрыемстве, якую ўзначальвае Ніна Брунеўская, другая  — аб’ядноўвае непрацуючых інвалідаў па зроку, яе старшыня — Алена Пляшкевіч.

Ніна Брунеўская, старшыня пярвічнай арганізацыі Чэрвеньскага філіяла УП «Светлапрыбор» ГА «БелТІЗ», вядучы бухгалтар прадпрыемства:

— На ўліку ў мяне 60 чалавек. Мэта ў нас адна — рэабілітацыя інвалідаў па зроку, каб кожны мог добра арыентавацца на рабоце, на вуліцы і дома. На прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы: усюды — турнікеты для арыентавання, ёсць гукавыя сігналы, вызначаны яркай фарбай першыя прыступкі на лесвіцах, на дзвярах памяшканняў і кабінетаў — надпісы па сістэме Брайля. Ёсць медпункт. Працуе тут медсястра Алена Зубаха, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу, калі камусьці гэта неабходна. Мы набываем медыкаменты, запрашаем урачоў, яны праводзяць гутаркі, чытаюць лекцыі. Працуе радыёвузел. Рабочыя без адрыву ад вытворчасці маюць магчымасць іх слухаць. Слухаюць таксама спецыяльны рэспубліканскі  радыёчасопіс «Таварыш», рыхтуем і мы свой — «Светач». Па нашаму радыё арганізоўваем віншаванні да дня нараджэння працуючых, юбіляраў і тых, хто выходзіць на заслужаны адпачынак, віншуем з падарункамі і кветкамі. Ёсць у нас культарганізатар — Таццяна Сіманян, у яе  спецыяльная адукацыя, і акампаніятар — Тамара Пракапенка. Раней у нас было болей сваіх талентаў, зараз на святы запрашаем артыстаў. Радыёчасопісы інфармуюць работнікаў пра эканамічны стан прадпрыемства: колькі прадукцыі выраблена, колькі рэалізавана, колькі прыбытку, які заробак, сярэдні па прадпрыемству і па падраздзяленнях. Увогуле можна ведаць пра ўсё жыццё калектыву.

Абсталявана памяшканне для прыёму ежы. Тут ёсць печ-СВЧ, халадзільнік, столікі з крэсламі, электрачайнік. Створана ў нас камісія па культуры вытворчасці, якая пастаянна сочыць за парадкам на прадпрыемстве. Кожны панядзелак камісія правярае санітарны стан ва ўсіх падраздзяленнях: санвузлы, распранальні — жаночая і мужчынская, душавыя,  цэхі і г.д. Па меры магчымасці аказваем дапамогу і ў вырашэнні бытавых праблем. Плануем правесці сустрэчу з работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншымі службамі райвыканкама.

Асаблівы наш клопат і гонар — ветэраны працы. Мы вельмі рады бачыць іх на прадпрыемстве, заўсёды запрашаем на святы, аказваем матэрыяльную дапамогу.

Святлана Бабіцкая, старшыня прафкама:

— Зараз у нас завяршаецца турнір па шашках, які праходзіў у рамках месячніка «Белая трость». Падвядзём вынікі, пераможцы атрымаюць сувеніры. Арганізавалі і правялі свята да Дня пажылых людзей. Рыхтуемся да Дня інвалідаў і да Новага года. На працягу года арганізоўвалі экскурсіі ў Магілёў, Гродна, былі ў Мінскім заапарку і цырку. Выдзяляем пуцёўкі для дзяцей у аздараўленчыя лагеры. Шмат бесплатных пуцёвак у розныя санаторыі атрымліваем для дзяцей. Аказваем матэрыяльную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Работнікам да юбілеяў, на Новы год, 8 сакавіка і Дзень Абаронцаў Айчыны ўручаем падарункі.

Алена ПЛЯШКЕВІЧ, старшыня праўлення Чэрвеньскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БелТІЗ»:

— Чэрвеньская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускага таварыства інвалідаў па зроку» налічвае 100 дарослых інвалідаў па зроку і 10 дзяцей-інвалідаў па зроку. На чале арганізацыі — праўленне ў складзе пяці чалавек: старшыні  і чатырох членаў — гэта інваліды па зроку Леанід Свабода, Галіна Дубіцкая, Таццяна Чэрнік, Ларыса Маркавец. Задачы праўлення — наладзіць сувязі паміж інвалідамі, якія не працуюць, маюць першую групу інваліднасці і тымі, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, прыцягнуць іх да грамадскага жыцця, дапамагчы па меры магчымасці  вырашыць бытавыя праблемы.  Члены нашай арганізацыі жывуць і ў Чэрвені, і на вёсцы.

Аказваем гуманітарную дапамогу. Яе дае Мінскае дабрачыннае таварыства «Служэнне пакаленням». Уручаюць падарункі да Новага года і Каляд не толькі  дзецям-інвалідам, але і дзецям членаў грамадскага аб’яднання «БелТІЗ». Дабрачынная арганізацыя «Карытас» паабяцала выдзеліць дапамогу ў студзені 2015 года. Супрацоўнічаем з Мінскім  дабрачынным таварыствам «Водгук».

Штогод праводзяцца мерапрыемствы: «Брэйн-рынг» — інтэлектуальны турнір, у якім абавязкова ўдзельнічаем. Збіраем каманду. Кожны раз да нас далучаюцца розныя людзі. У Мінску арганізоўваюцца выставы народнай творчасці, куды мы прывозім свае вырабы: хто з дрэва, хто вышывае, хто вяжа, пляце вырабы з бісеру. Нашы дзеці ўдзельнічаюць у выставах дзіцячай творчасці: хтосьці малюе, хтосьці лепіць з пластыліну. Кожны ўдзельнік конкурсу атрымоўвае падарунка, таму што журы выдзеліць кагосьці вельмі складана. Стараюцца ўсе. Віктар Барысёнак, член нашай арганізацыі, працуе ў Грабёнскім сельскім Доме культуры мастацкім кіраўніком. Ён арганізаваў калектыў мастацкай самадзейнасці, у якім удзельнічае інвалід па зроку Алена Бабкіна. Яна вельмі добра спявае. Прымалі ўдзел ў раённых мерапрыемствах, прысвечаных Дню пажылога чалавека і мерапрыемствах, якія ладзіць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дарэчы, дырэктар цэнтра Людміла Шаркова аказвае нам дапамогу ў правядзенні нашых мерапрыемстваў. Дзякуй ёй за гэта.

Штогод праводзяцца сходы  раённай арганізацыі, дзе мы падводзім вынікі работы, плануем, што будзем рабіць на будучыню. Дзякуй дырэктару Чэрвеньскага вытворча-харчовага завода Мікалаю Шыфрыну, які аказвае нам фундатарскую дапамогу ў правядзенні сходаў. На іх прысутнічае  старшыня абласнога праўлення Святлана Сянько. Яна ў курсе ўсіх падзей нашай раённай арганізацыі. Можа адказаць на ўсе пытанні інвалідаў, даць неабходныя парады. Мы дапамагаем набыць тэхнічныя сродкі рэабілітацыі — смартфоны, галасавыя тэлефоны, танометры, гадзіннікі. Раней працаваць у гэтым накірунку было прасцей — склаў спіс тых, каму што неабходна і выслаў у Мінскі абласны камітэт па сацыяльнай абароне. Зараз неабходна прайсці медыцынскую камісію, якая пацвярджае неабходнасць набыцця таго ці іншага тэхнічнага сродку і выдае даведку. Яе  мы адвозім у камітэт, там інвалідаў, якім неабходны сродкі рэабілітацыі, ставяць на ўлік.

Сярод маіх падапечных шмат таленавітых адукаваных людзей, ветэранаў працы, якія пайшлі на заслужаны адпачынак з Чэрвеньскага філіяла «Светлапрыбор»: Валянціна Рачыцкая, Іван Трус, Зоя Анцілеўская, Ніна Маковіч, Ларыса Маркавец, Венера Тапырык, Яўген Тапырык, Таццяна Мурашка, Браніслава Танкевіч, Ядвіга Жабінская, Ганна Андрушкевіч, Вольга Барадзіна, Ада Бразгоўка, Станіслава Галуза, Леанід Качан.

 

Занатавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *