Людміла Шэмет: «Наша шчасце — у дзецях!»

Люди и судьбы

Складаецца яно з сямі анёлкаў: дванаццацігадовага Уладзіслава, дзесяцігадовай Аліны, васьмігадовай Алены, шасцігадовага Дзімы, чатырохгадовай Насці, двухгадовага Арцёма і чатырохмесячнай Лізы.  Людміла нарадзілася ў Чарнаве, а Ігар — у Новых Зеляньках.  Пазнаёміліся яны ў клубе. Сябравалі тры гады, паўтара з якіх Людміла чакала каханага з войска. Пасля  згулялі вяселле. Зараз іх вялікая, шчаслівая сям’я жыве ў Рудні, у доме, які выдзеліў калгас. Людміла — вясёлая, таварыская, прывабная маладая жанчына, з твару якой амаль не знікае шчаслівая ўсмешка. У яе доме — чысціня і, нягледзячы на маленькіх дзяцей, парадак, пахне пірагамі, на паліцах шмат сямейных фота… Давайце даведаемся ў Людмілы, чым жыве шматдзетная сям’я.

— Вы марылі пра такую вялікую сям’ю?

— І я, і муж выраслі ў шматдзетных сем’ях. Я гадавалася сярод чатырох братоў, Ігар — сярод двух. З маленства мы бачылі прыклад вялікай сям’і, дзеці ў якой заўсёды дапамагалі і стаялі гарой адзін за аднаго, старэйшыя даглядалі і выхоўвалі меншых і гэтак далей. Так і мы выхоўваем сваіх дзетак. Марыла з дзяцінства, што мая асабістая сям’я будзе вялікай. Так і атрымалася. Мы не планавалі нарадзіць сем дзяцей, але задаволеныя кожным. Яны — самае каштоўнае, самае святое. Усё ў жыцці аддам, каб бачыць іх здаровымі і вясёлымі.

— Ці цяжка быць шматдзетнай маці? Хто Вам дапамагае?

— А па-іншаму я свайго жыцця не ўяўляю. Можа, з першым было крыху цяжка, бо ён першы. Зараз вось ужо ўсё ведаю і нават магу даваць парады іншым па выхоўванню дзяцей. Стараюся кожнаму надаваць аднолькавую ўвагу, выдзяляць час. Ведаеце, мы ніколі ні на каго не спадзяёмся, толькі на свае сілы. І нараджалі дзяцей не для дзяржавы, а для сябе. Калі патрэбна, з малымі можа пасядзець мая маці ці іх цёткі. Значна дапамагае муж.

— З якімі адносінамі з боку грамадства вы сутыкаецеся?

— Зараз успамінаю, як першыя гады жылі ў інтэрнаце, дзе некалькі пакояў выдзеліў Руднянскі калгас. Тады ў нас ўжо было некалькі дзяцей. І некаторыя людзі казалі, што іх мы нараджаем для таго, каб больш грошай атрымаць ад дзяржавы. Як я тады плакала! А муж супакойваў і прасіў не звяртаць увагу. Зразумела, матэрыяльнае пытанне ў гадаванні дзяцей заўсёды ўзнікае, але мы ніколі не скардзімся і не просім грошай. Цяпер людзі нас ужо добра ведаюць і бачаць, як мы жывём, таму такіх сцвярджэнняў больш не чуем у свой бок.

— Ці трымаеце вы гаспадарку?

— А як жа без яе на вёсцы?! Нашай сям’і гэта вялікая дапамога. Ёсць карова, конь, свінні, трусы, качкі, куры. Мы працы не баімся, і дзяцей з маленства прывучаем да гэтага. Яны яшчэ малыя, але ў старэйшых ёсць свае абавязкі. Улад дапамагае трусоў і качак карміць, дзяўчаты — мне па кухні. Іншыя, напрыклад, прыбіраюць цацкі. Хачу, каб дзеці зразумелі каштоўнасць свайго дому, сваю ролю ў сям’і. Мне здаецца, кожнаму трэба разумець, што ён патрэбны і можа ўнесці асабісты ўклад.

— Якім павінен быць бацька у шматдзетнай сям’і?

— Сапраўдным мужчынай. Лічу, што мне вельмі пашчасціла з мужам і дзецям з татам. Ён, у асноўным, гаспадарку даглядае, пражыў у вёсцы і звыклы да такой працы. Жыў трохі і ў Мінску, але ўцёк адтуль. Працуе суткі цераз двое ў Смалявічах, але яшчэ знаходзіць час мне з хатнімі справамі дапамагчы. А для дзяцей ён самы лепшы сябар і прыклад працавітага, уважлівага мужчыны! Ён у мяне — самы лепшы муж!

— Кажуць, што адно дзіця вырастае эгаістам, а дзеці са шматдзетных сем’яў больш валодаюць такімі якасцямі, як сяброўства, падтрымка і г.д. Ці згодны Вы з такім меркаваннем?

— Так, згодна. Я бачу гэта і па той сям’і, дзе сама вырасла, і па сваіх дзецях. Між сабой вельмі добра сябруюць, і ў школе, у дзіцячым садзе з іншымі дзеткамі. Так, старэйшыя назіраюць за меншымі. І гэта не проста іх абавязак, а асабістае жаданне, цікавасць. Мы вучым іх заўсёды дзяліцца цацкамі. Напрыклад, на нашым двары, асабліва летам, можна ўбачыць дзяцей з усёй вёскі. Усё, што ёсць у нашых дзяцей, таго яны не шкадуюць іншым. Але можна сцвярджаць, што шмат залежыць ад выхавання. Стараемся быць цярплівымі, не крычаць, не прымушаць, а падтрымаць і падбадзёрыць. Для сваіх дзяцей хочам быць не толькі бацькамі, але і сябрамі, дарадцамі.

— Сярод клопатаў застаецца вольны час на сябе? Якія ў вас захапленні?

— Вольны час я, у асноўным, аддаю дзецям. Нядаўна ў Алены быў Дзень нараджэння. Рыхтавалася я адказна і дзяцей падключыла: рабілі запрашальныя білеты, упрыгожылі двор, невялічкія сувеніры-падарункі для дзяцей купіла. Калі атрымоўваецца, разам з мужам возім дзяцей у Мінск на атракцыёны, у заапарк, цырк, кафэ, кінатэатры. Калі казаць асабіста пра мае захапленні, то люблю кветкі. Хварэю імі! Шмат і пакаёвых, і вулічных. Таксама падабаецца балаваць сваіх дамачадцаў  — гатаваць розную смакату. У апошні час цікаўлюся выпечкай. Амаль праз дзень гатую тарты розных памераў і па розных рэцэптах. Ужо і сваякі пачалі прасіць зрабіць тарты на святы.

— Аб чым вы марыце сёння?

— Галоўная мара — каб дзеці былі здаровыя і ім пашанцавала ў жыцці! Яшчэ плануем пабудаваць свой дом. Вялікі, утульны, з велізарным сталом! Бо гасцям мы заўсёды рады.

Размаўляла Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *