ЗГАДКІ Уладзіміра ДАРАГУЖА г.Чэрвень

Общество

Беражыце сябе

Узнёс  д’ябал  Ісуса на дах храма і пачаў спакушаць словамі са Свяшчэннага Пісання: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана,  што накажа пра Цябе Анёлам Сваім, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю». І адказаў Ісус: » А напісана яшчэ: не спакушай  Госпада Бога твайго».

Кожны з нас не раз быў на валасок ад смерці.  Вось і я ў дзяцінстве ледзь не зваліўся з маста  з возам  сена  і канём, у сталым узросце двойчы мог апынуцца пад коламі  аўтамабіля, а пад старасць ледзьве не сарваўся галавой уніз з лесвіцы. Уратаваў Бог. Але і нам самім трэба думаць аб  сабе, берагчы сябе. Тады і  Гасподзь дапаможа. «Беражонага і Бог беражэ» — кажуць у народзе.

Краявід з адзінаю казою

У васьмідзесятыя жонка разам з іншымі работнікамі адукацыі паехала на экскурсію «По золотому кольцу Москвы».  Вярнуўшыся, яна падзялілася сваімі ўражаннямі.

Запусценне, як перад  нейкім канцом. Праязджаеш праз вёску — нідзе ні плота, ні градкі, усё парасло бур’яном.  Ні каровы, ні нават курыцы… І толькі ля Тулы ўбачыла адну казу, прывязаную да коліка.  І ўсюды шмат, шмат п’яных.  А калі вярталіся назад, пераехалі  беларускую мяжу — зусім іншая карціна. Адразу пацяплела на душы. Радзіма!

Паганскі — не значыць паганы

Адзін мясцовы  краязнаўца звярнуў  увагу на тое, што ў маіх артыкулах сустракаюцца тэрміны  «паганскі», «паганства», што, на яго погляд , некарэктна.  Спатрэбілася  тлумачэнне.

У старажытнасці,  калі  ў гарады ўжо прыйшло хрысціянства, большая частка народа яшчэ  мела ранейшыя  —  язычаскія, шматбожныя  вераванні, абрады, святы.  Іх у Еўроре называлі  паганскімі (ад лацінскага paganus — сялянскі, вясковы, просты). Паганства  — гэта  тое ж, што  і язычніцтва.

А хрысціянскія святары, каб прынізіць  веру нашых продкаў,  сталі выкарыстоўваць слова «паганы» як сінонім словаў «дрэнны», «благі», «кепскі».

Трыумф  стаматалогіі

Доктарка-стаматолаг лячыла майго бацьку шмат  гадоў.  Калі ж яму выдаліла  апошні  зуб, то  з палёгкаю сказала:

— Ну, вось і разлічылася з вамі. Цяпер  я вам болей  нічога не павінна.

Знайшлі чым ганарыцца

Гэтыя настаўніцы, што нарадзіліся ў вёсках Чэрвеньшчыны  і  там жа атрымалі  пачатковую адукацыю, з пыхай,  з гонарам  заяўляюць, што зусім не ведаюць беларускай мовы.  Дык няўжо беларуская  вёсачка  чым  больш  глухая, тым бліжэйшая  яна да Масквы!?

Каб выхаваць манкуртаў

Выпадкова патрапіла мне ў рукі  кніжка — метадычная распрацоўка па музыцы і спевах для настаўнікаў нашых агульнаадукацыйных школ. Выдадзеная ў Мінску, у дваццаць першым стагоддзі, вядома ж на расейскай мове. Але што мяне найбольш уразіла — нават  тэксты беларускіх народных песняў  у ёй пададзены ў перакладзе  на расейскую мову… Манкурты хочуць выхоўваць манкуртаў — людзей без роду  і племені,  іванаў, якія не памятаюць радства.

Фінансавая мара

У кожнага ёсць нейкая фінансававая мара. Адзін хацеў бы стаць міліянерам, даляравым, а не рублёвым. Другі — атрымліваць зарплату  гэтакую, як яго начальнік.  Ёсць мара і ў мяне: каб павышэнне пенсіі  паспявала за ростам коштаў.

Ні то, ні сё

Тутэйшы, які не размаўляе па-беларуску  —  ужо не беларус.  Але  і  расейцам  ён  ніколі не стане . Гэтак і будзе —  «ні то, ні сё». Пра такіх у народзе казалі: і ад варон адстала, і да паваў не прыстала.

 Цень

У маладосці чалавек перамяшчаецца  так  шпарка, што  свой уласны цень абганяе.  А пад старасць …  Адстае ад ценю,  адстае.

Пачуў ад Святланы Сурганавай

Па берагу мора ідуць двое — чалавек і Бог. На мокрым пяску застаюцца сляды.

— Божа! Чаму калі мне добра, Ты ідзеш побач са мною, а калі  мне кепска, Ты пакідаеш мяне, і бачу я  тады толькі адзін след? — пытаецца  чалавек.

— Які ж ты нездагадлівы! — кажа Бог. — Калі табе бывае кепска, Я нясу цябе на Сваіх руках.

Толькі дзве

Прадстаўляючы  на тэлеканале «Ностальгия»  савецкія песні аб прафесіях, тэлевядоўца  Дзімітрый Быкаў зазначыў:

— Было гэтулькі выдатных прафесіяў.  А засталося толькі дзве — багатыя і бедныя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *