Свята ў Заслаўі

Общество

Тут, у старажытным паселішчы, Дзень пісьменства святкаваўся ў другі раз, першы быў 14 гадоў таму. Я ж Заслаўе ўпершыню ўбачыў у 1963 годзе, калі разам з іншымі студэнтамі капаў непадалёк — у вёсцы Дзічкі — бульбу. Тады Заслаўе мела вельмі сціплае аблічча і выглядала вялікай вёскай. Пазней, у 2000 годзе, пашчасціла пабываць у ім на свяце пісьменства… І ўражанне засталося прыемнае. Зараз гэты горад не мае ніякага параўнання з тым, які я ўбачыў  у маладосці. Змены адбыліся грандыёзныя. Заслаўе стаў прыгожым і добраўпарадкаваным. Гістарычнае месца вабіць вока спалучэннем сівой даўніны і сучаснасці. Да чарговага нацыянальнага свята горад яшчэ больш прыбраўся, набыў урачысты выгляд. Сёлетняе свята пісьменства доўжылася два дні. Культурная праграма была вельмі разнастайнай і налічвала каля ста мерапрыемстваў, якія праходзілі адначасова на некалькіх пляцоўках.

Цікава выступалі паэты, пісьменнікі, мастакі.   У розных кутках, на сцэнічных пляцоўках спявалі, ігралі, танчылі, давалі майстар-класы. Мяне вельмі захапіў цудоўнай ігрой духавы аркестр.  Добрае ўражанне  пакінулі выстава народнай творчасці, “Горад майстроў”.  Парадавалі і два павільёны Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Больш як сто прадпрымстваў гандлю абслугоўвалі наведвальнікаў і ўдзельнікаў свята: было што купіць на памяць і   чым паласавацца. На любы густ можна было знайсці аўтарскія сувеніры, кніжкі. Ва ўсе мясцовыя музеі ўваход быў бясплатным.

Шырока прадставілі сваю прадукцыю кніжныя выдавецтвы, сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і раённыя газеты. З радасцю ўбачыў наш “Раённы веснік” і рэдактара Людмілу Рабецкую.

Сярод кніжных выдавецтваў асабліва, на мой погляд, вылучалася выдавецтва “Чатыры чвэрці”, якое прадстаўляла не толькі яго дырэктар Ліліян Анцух, але і маленькая таленавітая спявачка Насця Жабко.

Уразіла таксама прэзентацыя выдавецкага дома “Звязда”, дырэктарам якога з’яўляецца Алесь Карлюкевіч. Прысутных чакаў сюрпрыз. Вядомы беларускі гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў, які сумесна з Алесем Карлюкевічам распачыналі праект “У пошуках згубленага” і прадоўжылі яго, рэканструяваў друкарскі станок Францыска Скарыны і паперу, на якой друкавалася яго Біблія. Кожны жадаючы ўласнаручна мог атрымаць па сярэдневечнай тэхналогіі паперу і на ёй надрукаваць першую старонку Бібліі. Усталявалася нават чарга — і да самага вечара не памяншалася плынь людзей. Не мінуў гэтай спакусы і я. Адзначу, што напярэдадні свята ў Смілавічах разам з Уладзімірам Аляксеевічам шукалі лямец, які патрэбен для вырабу паперы.

Шостага верасня падчас урачыстасці быў адкрыты помнік заснавальніку горада князю Ізяславу, якога ў народзе звалі князь-кніжнік.

Адбыліся ўзнагароджанні пераможцаў рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай», конкурса юных чытальнікаў Мінскай вобласці «Жывая класіка», навукова-практычная канферэнцыя «Заслаўскія чытанні»…

З задавальненнем зазначу, што нават падрабязны пералік усяго, што давялося мне пабачыць, не здольны перадаць тую асаблівую атмасферу агульнанацыянальнага свята, якое засведчыла значную ролю пісьменства ў духоўным жыцці нашага грамадства, яшчэ раз нагадала пра неабходнасць беражлівага захавання роднай спадчыны.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *