Успамін

Общество

93746Наступала Чырвоная Армія, і немцы ўжо драпалі. У лесе, непадалёку ад вёскі, партызаны вылавілі трох немцаў. Паглядзець на паланёных збеглася ўся вёска. Гэта былі простыя салдаты, адзін — зусім малады, амаль падлетак. Стаялі яны напалоханыя і разгубленыя, з панурымі вачыма. Яны ўжо не паходзілі на тых ганарыстых, бязлітасных ваяк. Гэта былі звычайныя людзі, якім не хацелася паміраць.

Неяк з пачатку вайны немцы гэтак жа вылавілі трох маладзенькіх чырвонаармейцаў, тыя хаваліся на калгаснай ферме. Як яны там апынуліся, куды і адкуль ішлі, невядома. Наша армія адступала амаль без бою, бо была абяззброена. Дык мо дзе адсталі, а мо прабіраліся дадому. Яны былі схуднелыя ды абарваныя і ледзь трымаліся на нагах. Людзі толькі здагадваліся, што данёс аб іх паліцай, хата якога была непадалёку ад фермы. Немцы сагналі сялян і на іх вачах здзекваліся над тымі юнакамі. Паказвалі, якія яны суровыя і бязлітасныя да свайго ворага. Потым прымусілі напоўніць малочныя бідоны вадой і ўзваліць сабе на плечы. Гэтак яны пагналі іх у бок могілак разам з сялянамі. Было незразумела, дзеля чаго гэта? Чырвонаармейцы бясконца валіліся з ног, іх білі, падымалі, і яны ізноў закідвалі на плечы тыя бідоны, знясілена цягнулі. На могілках фрыцы загадалі ім капаць яму. Зразумеўшы, што яны капаюць сабе магілу, адзін юнак сказаў, звяртаючыся да сялян, што яны навабранцы і нават не трымалі ў руках зброю, але шкадуюць, што не давялося забіць хоць аднаго гада. Але ўпэўнены, што за іх адпомсцяць, бо перамога абавязкова будзе. А косці гэтых фашыстаў сатлеюць на нашай зямлі. Прозвішчаў сваіх яны не назвалі, так іх і расстралялі безымяннымі.

Потым выступіў фрыц, ён гаварыў на рускай мове.

— Хуткая Перамога за Вялікай Германіяй! Ваша армія ні на што не годная, гэткая ж слабая і знясіленая, як вось гэтыя салдаты, не меўшыя моцы нават бідоны несці. Немцы ажыўлена забалбаталі нешта, фанабэрыста напыжыліся, бы індыкі. Відаць, ганарыліся сваім лейтэнантам, які так красамоўна паказаў Чырвоную Армію.

Пасля забойства немцы ад’ехалі, а сяляне доўга не разыходзіліся ды галасілі, мо і іх сыны гэтак жа загінулі.

А цяпер вось, быццам Бог наканаваў гэтак — стаяць гэтулькі ж немцаў, панура апусціўшы галовы, хоць ты пашкадуй іх ды адпусці. Ці ж маглі сяляне дараваць тым фрыцам, якія прынеслі гэтулькі гора? Адзін з партызан, відаць, ведаў нямецкую мову, бо нешта сказаў тым фрыцам. Маладзейшы адразу ўзбадзёрыўся, павесялеў і нешта залапатаў у адказ. Партызан сказаў штосьці яшчэ, і той рушыў у бок дзяўчат — там стаяла і мая сястра Яня. Фрыц пачаў прыглядацца да дзяўчат. Сяляне нічога не разумелі, і партызан растлумачыў, што паабяцаў дараваць жыццё фрыцам, калі яны згодны ажаніцца з нашымі дзяўчатамі альбо жанчынамі. Старэйшыя фрыцы, відаць, разумелі, што гэта лухта, здзек, таму і стаялі панурыўшыся, а малады купіўся. Каму ж ахвота паміраць, лепей ажаніцца.

Бабы, пачуўшы такое, кінуліся, як звар’яцелыя, лупіць тых немцаў, ды валтузіць. Абступілі і таго партызана.

— Я ж пажартаваў, — церабіўся ён ад баб.

Немцаў адвялі за сяло і расстралялі. Закапалі тут жа на абочыне ў вырытую самімі немцамі яму. Потым засыпалі і разраўнялі, нават пагорка не пакінулі. Быццам і не было нічога.

А тым чырвонаармейцам пасля вайны зляпілі няхітрую агароджу і ў калгаснай кузні скляпалі тумбу-помнік з зоркай…

Марыя БЯЖАН, г. Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *