Да перамогі прывяла… бензапіла

Общество

П'едэстал гонару спаборніцтваў
П’едэстал гонару спаборніцтваў (злева направа) — Сяргей Молчан, Аляксандр Зянькевіч і Дзмітрый Горгун

У Чэрвеньскім лясгасе прайшлі раённыя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу «Лесаруб-2014», у якіх узялі ўдзел 14 прадстаўнікоў гэтай прафесіі з усіх лясніцтваў.

Канкурсанты дэманстравалі сваё майстэрства ў валцы дрэў, замене ланцуга бензапілы, распілоўцы бервяна камбінаваным рэзам і дакладнай распілоўцы, а таксама — абрэзцы сукоў макета дрэва.

Кампетэнтнае журы ацэньвала выкананне пералічаных аперацый па мноству адмысловых параметраў. У прыватнасці, пры спілоўванні дрэва звярталася ўвага на накірунак яго валкі, дакладнасць прапілоўвання, падпілоўвання. На абрэзцы сукоў важнымі былі не толькі хуткасць «праходжання дыстанцыі», але і якасныя паказчыкі: за кожны звышнарматыўны выступ або пашкоджанне ствала налічваліся штрафныя балы. А вось падчас замены ланцуга бензапілы хуткасць мела вырашальную ролю. Што да распілоўкі бервяна, то тут, не ўдаючыся ў падрабязнасці крытэрыяў ацэнкі, як відавочца выкажу ўласнае ўражанне: каб бездакорна ўсё выканаць, трэба надзвычай дасканала валодаць «інструментам»…

Аляксандр Корзун
Якасць распілоўвання ацэньвае член журы, ляснічы Грабянецкага доследна-вытворчага лясніцтва Аляксандр Корзун

Пераадолеўшы ўсе этапы спаборніцтваў, лесарубы прыйшлі на фініш з пэўным багажом балаў, якія і вызначылі месца кожнага ў «турнірнай табліцы». Уручэнне Дыпломаў і грашовых прэмій пачалося з узнагароджання пераможцаў кожнага этапу. Першае месца па валцы дрэва заняў Дзмітрый Горгун (Валмянскае лясніцтва), які, дарэчы, у дзень спаборніцтваў адзначаў дзень нараджэння. Лепшым у дакладнай распілоўцы бервяна стаў Сяргей Анішчонак (Грабянецкае доследна-вытворчае лясніцтва). У астатніх трох намінацыях не было роўных неаднаразоваму прызёру раённых і ўдзельніку абласных спаборніцтваў вальшчыкаў лесу Аляксандру Зянькевічу з Хутарскага лясніцтва. Ён таксама стаў пераможцам у агульным заліку, апярэдзіўшы Дзмітрыя Горгуна з Валмянскага лясніцтва і Сяргея Молчана з Іванаўскага лясніцтва, якія занялі другое і трэцяе месцы, адпаведна.

Падчас праходжання этапаў па абрэзцы сукоў і распілоўванні бервяна камбінаваным рэзам
Падчас праходжання этапаў па абрэзцы сукоў і распілоўванні бервяна камбінаваным рэзам

 

 

— Адна з галоўных мэтаў спаборніцтва — яшчэ раз праверыць, наколькі дакладна нашы вальшчыкі ведаюць і выконваюць патрабаванні тэхнікі бяспекі пры рабоце з бензапілою. Конкурсныя заданні складзены менавіта з улікам гэтага, — зазначыў галоўны інжынер Чэрвеньскага лясгаса Аляксандр Калько. — Ну і, канешне ж, вызначылі мацнейшых канкурсантаў, якія, спадзяюся, пасля дадатковых трэніровак годна прадставяць раён на абласных спаборніцтвах.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *