Якая падзея зацікавіла вас апошнім часам?

Люди и судьбы

Галіна БАЛДОВА, пенсіянерка:

— Падзеі ў суседняй дзяржаве — Украіне. Вельмі жудасна назіраць, як гінуць людзі. Колькі крыві пралілося! Палітыкі пазбавілі мірнае насельніцтва спакойнага жыцця. Гэта не можа не турбаваць і не выклікаць суперажыванні.

Асабліва хвалюе праведзены нядаўна незалежны рэферэндум, на якім вырашаўся лёс Крыма. На гэта адрэагавалі не толькі кіраўнікі суседніх дзяржаў, але і Амерыка, Германія… Не зразумела, што будзе далей. Я не палітык, не ведаю, як правільна вырашыць гэту сітуацыю. Але вельмі хачу, каб усё закончылася, каб не пачалася вайна і людзі жылі мірна.

 

 Дзмітрый МАЛАМАНАЎ, галоўны спецыяліст аддзела карпаратыўнага бізнеса ААГ «Беларусбанк»:

— Мяне, як спартыўнага аматара, вельмі цікавіла Алімпіяда. Асабліва падабаюцца біатлон і фрыстайл. Стараўся глядзець усе спаборніцтвы, сачыў за вынікамі кожнага беларускага спартсмена. Канешне, вельмі ўразілі нашы спартсмены, якія вярнуліся з такой колькасцю медалёў. А якая малайчына Дар’я  Домрачава! Я адчуў пачуццё гонару за Рэспубліку Беларусь, за тое, як прадставілі краіну на міжнароднай спартыўнай арэне.

Зараз чакаю не менш важную і цікавую міравую падзею — Чэмпіянат міра па хакеі, які пройдзе ў Мінску.

 

 Зінаіда КРАСОЎСКАЯ, пенсіянерка:
— Надвор’е. Яно настолькі непрадказальнае, што не ведаеш, чаго чакаць. Стаялі такія цёплыя па-вясноваму дзянькі, затым нечакана пайшоў снег, мяцеліца… Летась у сакавіку яшчэ горшы «падарунак» атрымалі ад прыроды. Такія перапады  негатыўна ўплываюць на стан здароўя многіх.  Я — метэаадчувальны чалавек, хварэю, асабліва артэрыяльны ціск «скача». Таму цяпер пастаянна цікаўлюся прагнозам надвор’я, каб ведаць, што будзе заўтра, да чаго рыхтавацца.

 

 Вольга СЕЗОНЧЫК, намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы сярэдняй школы №2 г.Чэрвеня:

 —  Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь. Сёлета я ўпершыню прысутнічала на выбарах у якасці члена камісіі Маякоўскай выбарчай акругі №2. Мяне вельмі ўразіла вялікая колькасць выбаршчыкаў. Сур’ёзна і адказна, добрасумленна аднесліся да гэтай падзеі выбаршчыкі гэтага ўчастка. Асабліва пенсіянеры. Прыходзілі галасаваць датэрмінова, калі ў асноўны дзень з’явіцца на ўчастак не выпадала магчымасць. Некаторыя тэлефанавалі з просьбамі наведаць іх дома.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *