ЯКІМІ КЛОПАТАМІ ЗАРАЗ ЖЫВЯЦЕ?

Общество

Васіль Васільевіч ІВАНОЎ,

в.Пагулянка:

— Зімой у нас мала застаецца вяскоўцаў. Толькі чатыры сям»і, што жывуць тут пастаянна. Але мы абавязкова наведваем адзін аднаго. Праўда, цяпер крыху маразы прыціснулі, але не бяда! Падрыхтаваліся да іх яшчэ з восені.  Я, напрыклад, у суседнім лясгасе купіў дровы. А дзеці прыехалі — пасеклі, склалі акуратненька, каб мне засталося толькі ўзяць і ў печ іх кінуць. Вось цяпер у хаце цёпла.

Жывём удваіх з жонкай. Пяцёра нашых дзяцей — у горадзе. Наведваюць, але зімой радзей. Мы часта з імі звязваемся па тэлефоне.

Зімой у вёсцы цішыня. Адна падзея, якая разварушвае яе, калі прыязжае аўтакрама. Тады падцягваюцца ўсе да яе, каб за жыццё пагаварыць, папытацца ў прадаўца, што новенькага ў раёне, ды і прадукты, свежы хлеб набыць.  Дзякуй ім за гэта.

А так жывем пакрыху. Трымаем яшчэ і хатнюю гаспадарку. А як жа без яе на вёсцы?  Ёсць у нас і карова, і конь. Гэта вялікая падмога для нас. Калісьці набыў трактар і сеялку-камбайн, які выкарыстоўваю не толькі на сваім падвор»і, але і дапамагаю суседзям.

Наталля Уладзіміраўна ЦІХАНОВІЧ,

в.Праходка:

— Якія клопаты цяпер, асабліва зімой?  Многіх сталых людзей забралі дзеці ў горад.  Вёска цяпер пазірае на нас, як на пастаянных жыхароў, сваімі цёмнымі вокнамі. Пакуль зіма перажываецца няблага. Няма яшчэ завірух, як у мінулым годзе. Таму і па вёсцы цяпер можна прайсці-праехаць.  Да нас даязджаюць і гандляры, і дзеці, і, калі трэба, «хуткая дапамога». Праўда, хацелася б крыху палепшыць медыцынскае абслугоўванне нашых людзей у вёсцы, бо яны тут, у большасці,  сталага ўзросту і не заўсёды маюць  магчымасць паехаць у аптэку або на прыём да ўрача ў Чэрвень.

Іншы раз і мне даводзіцца клапаціцца пра сваіх аднавяскоўцаў. Паколькі я працую ў мясцовай краме, мяне часта просяць прынесці прадукты, дзесьці дапамагчы па гаспадарцы. І хаця ў вёсцы ёсць сацыяльны работнік, усё ж не магу адмовіць ім у дапамозе.

А нядаўна ў нашай вёсцы адбылася значная падзея — нарадзіўся ў маладой сям’і хлопчык. Усе вельмі радаваліся з гэтай нагоды.

 

Ігар Уладзіміравіч

ГАРАШЧУК,

в.Шасціснопы:

Зараз у нас будуецца вуліца Садовая, папаўняецца новымі дамамі, і многія маладыя сем’і, заахвочаныя жыллём, перасяляюцца ў Шасціснопы. Вёска цяпер амаль на 80 працэнтаў  газіфікавана, таму асаблівых праблем з ацяпленнем няма.

У адрозненне ад іншых вёсак, наша  жыве паўнацэнным жыццём, нават зімой. У нас добра наладжаны культурны адпачынак. Вось і зараз ужо рыхтуемся да правядзення свята Масленіца. Дарэчы, яго ўжо тры гады святкуем у сваёй вёсцы. Праходзіць мерапрыемства весела, цікава! Радуе, што да яго актыўна далучаюцца маладыя сем»і!

Тэлефанавала

Кацярына ШУМКО

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *