ЭКАЛОГІЯ — ДЛЯ ДАРОСЛЫХ, ЭКАЛОГІЯ — ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ

Общество

Экалагічныя пытанні апошнім часам цікавяць як дарослых, так і дзяцей. Пра іх пішуць і распавядаюць сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт. Сярод іншых займаюцца экалагічнай асветай, прапагандуюць экалагічныя веды бібліятэкі. Вось і раённы семінар сельскіх бібліятэкараў гэтым разам ладзіўся па тэме «Бібліятэка як цэнтр экалагічнай інфармацыі і культуры».

Пра экалагічнае становішча ў Чэрвеньскім раёне распавёў наш госць — начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Пузанкоў. А яшчэ адказаў на шматлікія пытанні прысутных, якія цікавіліся ступенню шкоднасці і мерамі барацьбы з баршчэўнікам і залатарнікам канадскім, узнімалі пытанні забруджанасці пітной вады на Чэрвеньшчыне, пыталіся пра тэрміны будаўніцтва станцыі абезжалезвання і іншае.

Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі выступленне на тэму «Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў экалагічнай тэматыкі ў падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў». У цэнтры ўвагі было сумяшчэнне інтэрнэту з перыядычнымі выданнямі і кнігамі адпаведнай тэматыкі.

У якасці паказальнага мерапрыемства мы прапанавалі ўвазе прысутных вусны часопіс «Птушкі — нашы сябры». У яго ўвайшлі наступныя старонкі: «Крылатая», «Зімовая», «Гульнявая», «Цікаўная», «Чырвоная». Удзельнікі мерапрыемства глядзелі відэаролікі з інтэрнэту, спрабавалі адгадваць птушак па запісе іх галасоў, адрозніваць песні жаваранкаў — белакрылага, ляснога, палявога… Пазнавалі птушак па апісанні, збіралі з асобных слоў прыказкі, станавіліся гульцамі… А яшчэ — атрымалі магчымасць даведацца шмат цікавых фактаў пра птушак. Напрыклад, якая — самая маленькая (калібры) і якая — самая вялікая (страус). Хто з іх можа лётаць назад, развіваць хуткасць да 60 км/г, галадаць 9 тыдняў і г.д.

Супрацоўнікі Лядзенскай, Краснадарскай, Чарнаградскай сельскіх бібліятэк, Шасціснопскай бібліятэкі-клуба падзяліліся вопытам работы сваіх клубаў па інтарэсах экалагічнага накірунку. Яны распавядалі пра формы работы, мерапрыемствы, дэманстравалі альбомы, прапаноўвалі загадкі… Безумоўна, кожны з прысутных шмат карыснага ўзяў для сябе.

Перад бібліятэкарамі выступіў і супрацоўнік Дзяржпажнагляду Васіль Бойка, які распавёў пра асноўныя правілы супрацьпажарнай бяспекі, асабліва — у халодную пару года.

Алена МАТВЕЕВА,

намеснік дырэктара Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *