УЗБАГАЦІЛІСЯ ВЕДАМІ ДЛЯ ЭФЕКТЫЎНАЙ ПРАЦЫ

Аграрный сектор

У ААТ «Валевачы» прайшоў раённы семінар-вучоба з кіраўнікамі і спецыялістамі жывёлагадоўчай галіны.

Адкрываючы яго, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Малахаў зазначыў, што многія заатэхнікі і ветурачы не ведаюць, як правільна атрымаць і вырасціць цяля. Першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Ляснеўскі дадаў, што ў шэрагу гаспадарак маладняк буйной рагатай жывёлы вырошчваецца з сур’ёзнымі парушэннямі тэхналогіі, што ў далейшым негатыўна адбіваецца на прывагах і надоях малака.

Падчас наведвання цэха сухастою на малочнатаварнай ферме «Валевачы» ён, у прыватнасці, засяродзіў увагу ўдзельнікаў семінара-вучобы на асаблівасцях кармлення кароў, якія будуць цяліцца. Так, грубай памылкай з’яўляецца выкарыстанне ў іх рацыёне зялёнай масы кукурузы, што, паводле слоў Віктара Ляснеўскага, працяглы час практыкавалася на гэтай ферме. Правільны рацыён для сухастойных кароў першага перыяду — 18 кілаграмаў сенажу, тры — сена, два кілаграмы саломы. На другім перыядзе ў яго ўводзіцца не больш за 10 працэнтаў кукурузнага сіласу, 2-3 кілаграмы канцэнтратаў, шрот або макуха.

Асаблівая ўвага была звернута на тэхналогію запуску кароў. За 60 дзён да ацёлу ім павінны быць уведзены спецыяльны прэпарат, які блакуе сасковы канал вымя. Дзякуючы гэтаму, у каровы ўзновіцца малочная залоза, будзе ісці нармальнае развіццё плода.

Таксама на ферме «Валевачы» ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з утрыманнем нованароджаных цялят у індывідуальных доміках. Іван Малахаў ацаніў іх фізічны стан як нездавальняючы. Высветлілася, што звязана гэта, у прыватнасці, з парушэннямі тэхналогіі кармлення.

Падчас разгляду пытання ветэрынарнага догляду за жывёлай Іван Малахаў запатрабаваў, каб на кожнай ферме быў падрабязны каляндарны план прафілактычных мерапрыемстваў, а падчас ацёлаў у начны час дзяжурыў адказны спецыяліст, каб своечасова даць нованароджанаму цяляці малодзіва.

Напрыканцы семінару-вучобы Віктар Ляснеўскі нагадаў кіраўнікам і спецыялістам, што да 15 верасня павінен быць цалкам завершаны перавод дойнага статку на зімовае стойлавае ўтрыманне з адпаведным рацыёнам кармлення (сянаж, сена, яравая салома, канцэнтраты, мінеральна-вітамінныя і бялковыя дабаўкі) і абавязковымі прагулкамі — на выгульных пляцоўках або пашах, калі яны знаходзяцца побач з фермамі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *