ШКОЛА ВЕНІКІ… ВЯЖА!

Общество

Падчас раённай педагагічнай канферэнцыі на пляцоўцы каля Чэрвеньскага цэнтра культуры і адпачынку ўвагу прыцягваў адмыслова аформлены стэнд Лядзенскага дзіцячага сада-СШ… з венікамі! Яны былі двух відаў — для лазні і для падмятання (апошнія ў народзе найчасцей называюць дзеркачамі). Усім цікаўным тут тлумачылі, як з дапамогай непрыдатнага матэрыялу можна зарабляць грошы.

Як вядома, у мінулым навучальным годзе была арганізавана работа чатырох школьных бізнес-кампаній — на базе СШ №4, Новазелянкоўскага, Руднянскага і Лядзенскага дзіцячых садоў-школ. Вось апошнія і заняліся венікамі.

— Я прадстаўляю Лядзенскі дзіцячы сад-сярэднюю школу са сваім праектам «Грашовае дрэва», — упэўнена распавядае дзесяцікласніца Вольга Сёмкіна. — Назва абрана невыпадкова. Справа ў тым, што ўсе дробныя галінкі, якія застаюцца пасля зразання дрэў, ляжаць непатрэбныя, яны гніюць. А мы вырашылі зрабіць з іх карыснае людзям, грамадству і сабе. Бо збіраючы кінутыя галінкі, мы тым самым ачышчаем наваколле…

Калі летась быў аб’яўлены конкурс «100 ідэй для Беларусі», мяне зацікавіў гэты праект. І вось наш клас разам з настаўнікам працы Уладзімірам Міхайлавічам Дзярновічам пачаў вязаць венікі! Мы ўжо зарабілі 2 мільёны 600 тысяч рублёў. Спадзяёмся, што і сёлета нашы вырабы будуць запатрабаванымі, і ў першую чаргу — сельгаспрадпрыемствамі ды іншымі арганізацыямі раёна…

— Увогуле, гэты праект вельмі ўдалы, — пацвярджае дырэктар Ірына Змачынская. — І я рада гэтаму. Дзеці маюць магчымасць развіваць свае прафесійныя якасці. Такое ўменне, відавочна, спатрэбіцца ім і ў дарослым жыцці. Апрача ўсяго іншага, яны паглядзяць і адчуюць, як зарабляюцца грошы, зразумеюць, што дарэмна ніхто нічога не дасць.

— А куды траціцца заробленае?

— З першага заробку вучні вырашылі зрабіць нашым дашкольнікам навагодні падарунак — падараваць паездку ў цырк. З’ездзілі туды і самі, а яшчэ — у музей Я.Коласа. Гэтым летам наша бізнес-кампанія рэалізавала венікаў на 960 тысяч рублёў, і дзеці наведалі парк імя М.Горкага, планетарый…

 

Магчыма, старонняму назіральніку такі спосаб заробку падасца вельмі лёгкім. Бяры нікому не патрэбныя галінкі, вяжы венікі ды прадавай. Мо, вязаць і нескладана. А вось наконт рэалізацыі… Відаць, не памылюся, калі скажу, што ў нашым раёне ў гэтым відзе дзейнасці існуе канкурэнцыя. Таму і мае школьная кампанія паперадзе слова «бізнес». Бо яе ўдзельнікі набываюць не толькі патрэбныя працоўныя навыкі, але і вучацца, так бы мовіць, законам рынку. Поспехаў ім у гэтай справе — і зараз у школе,

і ў далейшым дарослым жыцці!

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *