Мікалай Міхайлавіч ШЫФРЫН: “Па жыцці мяне вяло адчуванне сваёй запатрабаванасці”

Общество

З біяграфіі.

Нарадзіўся 30 жніўня 1953 года ў вёсцы Карзуны Чэрвеньскага раёна.

Пасля васьмі класаў вучыўся на агранамічным аддзяленні Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Завочна закончыў агранамічнае аддзяленне Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Працаваў памочнікам брыгадзіра, аграномам-насенняводам, намеснікам старшыні калгаса імя Фрунзе,  старшынёй калгаса імя Фрунзе. Цяпер — дырэктар Чэрвеньскага гароднінасушыльнага завода.

Быў дэпутатам сельскага і раённага Савета дэпутатаў, дэлегатам  чацвёртага Усебеларускага народнага сходу.

Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Заяўка з працоўнага калектыву

Пачуццём вялікай             павагі да гэтага чалавека было тэлефанаванне ў рэдакцыю з гароднінасушыльнага завода.  “У газеце часта распавядаецца пра адметныя даты чытачоў, — з адабрэннем зазначылі на другім канцы провада. — Напішыце, калі ласка, і пра нашага дырэктара. У яго 30 жніўня таксама адметная дата — 60 гадоў з дня нараджэння”.

Але хто ж лепей раскажа пра сябе, як ні ён сам.

 

Васемнаццаць пытанняў і адказаў

— З такім багатым жыццёвым багажом, ці ўсё, да чаго імкнуліся, удалося, Мікалай Міхайлавіч, ажыццявіць?

— Ну і пытанне… Так сходу і не адкажаш. Хаця…  большасць з задуманага мне ўдалося здзейсніць. Праўда, для гэтага давялося шмат працаваць.

Склалася шчасліва сямейнае жыццё. А калі зыходзіць з мудрага сцвярджэння, што мужчына абавязаны за сваё жыццё пабудаваць дом, выгадаваць сына і пасадзіць дрэва, то гэта я спаўна выканаў. Працуючы старшынёй калгаса імя Фрунзе, шмат будаваў жылля для працаўнікоў гаспадаркі. Часам па 10 і болей дамоў за год. Гэта няпроста давалася: не хапала будаўнічых матэрыялаў. Выкарыстоўваў асабістыя сувязі, дапамогу шэфаў. З цягам часу цэнтральная сядзіба калгаса — вёска Чарнаградзь — падалася ўшыркі новабудоўлямі, папрыгажэла. Гуртам пасадзілі сквер. Растуць у ім і мае дрэўцы. А на ўласным участку — сад. У Карзунах на бацькоўскім падвор’і пасадзіў 17 вішань. Цудоўная атрымалася алея.

Не аднаго, а трох сыноў і дачку выгадавалі мы з жонкай. Цяпер ужо радуемся ўнукамі. Іх у нас дзевяць.

— А што Вас вяло па жыцці, які стымул?

— Адчуванне таго, што запатрабаваны ў абранай прафесіі, у справе, якую выконваў, у стасунках з людзьмі. Відаць, гэта ад бацькоў перадалося…

— Скажыце колькі слоў пра іх.

— Бацька ўвесь час працаваў у Карзунах на ферме. Загадчыкам, а апошнія гады — асеменатарам. Быў і зборшчыкам малака ў вёсцы, адвозіў яго ў Смілавічы на малаказавод.

Яму  выпалі цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. У вайну немцы ў Смілавічах растралялі ўсю бацькаву сям’ю і сваякоў, спалілі хату. Сам ён з 1939 года служыў у войску, быў цяжка паранены. Вярнуўся пасля вызвалення Беларусі інвалідам. Левая нага была ампутавана спачатку да калена, а потым і вышэй. Пасяліўся у Карзунах. Там і сышліся з мамай. Яна працавала даяркай, цялятніцай. На жаль, іх няма ўжо… А бацькоўская хата і цяпер з’яўляецца для нас агульным прытулкам. Час ад часу наведваюся туды. Там мае карані, маіх трох братоў і сястры. Там далучаліся мы да сялянскай працы.

— І што даводзілася рабіць?

— Усё, што патрэбна было дома па гаспадарцы ды яшчэ і ў калгасе. Бацькі трымалі карову, каня, свіней, шмат садзілі бульбы, гародніны. У той час вясковыя дзеці не гультаявалі. Пасля заняткаў я са старэйшым братам дапамагаў бацькам і на ферме. А летам пасвіў цялят, абганяў калгасную бульбу, пасля жніва на валакушы сцягваў з палеткаў салому, падвозіў да малатарні снапы лёну, затым разам з іншымі грузіў іх на машыну. Калі выходзілі на луг касцы (а іх было па 60 і болей чалавек), дастаўляў ім ваду. Навучыўся і сам касіць.

Вельмі падабалася, калі сусед-трактарыст дазваляў самому араць. Мяне прыцягвала тэхніка, але вучыцца пайшоў на агранома.

— Ці лёгка навука давалася?

— Спачатку цяжкавата было. Мой сусед кінуў вучобу, і я таксама наважыўся так зрабіць. Але бацька, калі даведаўся, падняў угору кій, з якім увесь час хадзіў, і сурова папярэдзіў: “Пераламаю на табе, калі кінеш. Ты са сваёй рукой не зможаш фізічна працаваць…”

— Што ён меў на ўвазе?

— Траўму на маёй левай руцэ. У нас у вёсцы была такая завядзёнка. Абганяючы калгасную бульбу, старэйшы па ўзросту падлетак верхам на кані ўпраўляў ім, а малодшы ішоў за плугам. У ролі такога кіроўцы аднойчы быў я. Усё ішло як мае быць, але нечакана спудзіўся конь, панёсся ў галоп, я не ўтрымаўся, упаў і ў гэты момант па левай руцэ “прайшоўся” плуг. У мяне і цяпер на ёй тая недарэчная памятка.

— З жонкай, Мікалай Міхайлавіч, дзе пазнаёміліся?

— У Смілавіцкім тэхнікуме, разам вучыліся ў адной групе. З трэцяга курса сябравалі. Пасля заканчэння вучобы неўзабаве пабраліся шлюбам. Якраз на яе дзень нараджэння — 27 мая. Галя па накіраванні працавала брыгадзірам у Бярэзінскім раёне. Праз непрацяглы час пераехала да мяне ў Чарнаградзь. Пасады па яе адукацыі ў гаспадарцы не было, таму напачатку прызначылі загадчыкам фермы, а я працаваў памочнікам брыгадзіра. Нам і яшчэ адной маладой сям’і спецыялістаў выдзелілі агульную трохпакаёвую кватэру. Месціліся ў адным пакоі, а калі нарадзіўся першынец, мы займалі ўжо два пакоі.

— І колькі гадоў Вы аддалі сельскай гаспадарцы?

— 32. З іх — 25 гадоў і тры месяцы працаваў старшынёй калгаса. Абралі на гэтую пасаду ў снежні 1978 года. Мне было тады 25 гадоў — самы малады  старшыня калгаса ў раёне. І сама больш адпрацаваў на гэтай пасадзе. Увогуле за ўсё жыццё я толькі адзін раз змяніў месца працы.

— Даводзілася ў кагосьці вучыцца, пераймаць вопыт?

— Для мяне тады былі прыкладам гаспадарання старшыні калгасаў “Бальшавік” — Стэльмашонак, “Сцяг Кастрычніка” — Габец, “Іскра” — Бялясаў, саўгаса “Раванічы” — Дайліда, пазней — дырэктар саўгаса “Запаветы Ільіча” Сямашка. Важкую практычную дапамогу аказаў дырэктар саўгаса “Дамавіцкі” Шэлег. Калі я прыняў калгас, было цяжкае становішча з кармамі. Кіраўнік адной з гаспадарак,  які да мяне ўзначальваў калгас імя Фрунзе, на маю просьбу дапамагчы хаця б саломай, запрасіў за яе шмат грошай. Мы іх не мелі. А Шэлег даў бясплатна. І насеннем дапамог.

Пазней у нас, маладых кіраўнікоў, склалася сяброўства, узаемавыручка і здаровае саперніцтва за дасягненне падначаленымі  калектывамі высокіх працоўных вынікаў.

— Які момант у сваім жыцці, Мікалай Міхайлавіч, Вы лічыце самым радасным?

— Нараджэнне сына. У калгасе, як толькі даведаліся пра гэта,  дамоў да мяне завіталі павіншаваць спецыялісты гападаркі. Зладзілі застолле. Я запрасіў яшчэ двух суседзяў-механізатараў. І мы, 17 мужчын, за яго здароўе і шчаслівы лёс апаражнілі ўвесь цешчын немаленькі запас…

— Якімі Вы выхоўвалі сваіх дзяцей?

— Калі шчыра, дык я іх і не выхоўваў. З раніцы да вечара на працы. Паспяваў толькі заехаць на абед. А было, што і не заедзеш.  Дзецьмі жонка займалася… Клопатаў у яе хапала і па гаспадарцы, бо трымалі дзве каровы, коз, авечак,  свіней. Калі дзеці падраслі, то яны дапамагалі. Тады ўжо і на рэпетыцыі калгаснага хору жонка паспявала, і з канцэртамі выступаць. Пры ўсім пры гэтым завочна закончыла Горкаўскую сельскагаспадарчую акадэмію.

— А што такое, па Вашаму, сямейнае шчасце?

— Калі пануюць узаемапаразуменне, лад і згода. З намі апошнім часам жыла цешча. Вельмі мудрая была жанчына. Заўсёды навучала сваю дачку падтрымліваць  мужа ў яго справах, не ствараць спрэчных сітуацый. Мне пашчасціла: якія б не складваліся часам адносіны, мая Галіна ніколі не пярэчыла. Пакуль у гаспадарцы не пабудавалі сталовую, даводзілася часта запрашаць дамоў на абед прыязджаўшых у калгас, шэфаў. Бывала па 8 чалавек збіралася — і на ўсіх трэба было прыгатаваць, падаць на стол… Ніколі жонка не папракала — заўсёды паказвала гасціннасць. Калі пабудавалі ў калгасе сталовую, яна з палёгкай уздыхнула: “Цяпер мне меней гатаваць давядзецца”.

— Мікалай Міхайлавіч, а як Вы ўспрынялі паварот лёсу — з хлебароба ў прамысловасць?

— Як неабходнасць. Прапанавалі новы ўчастак работы — і я згадзіўся. А на пасадзе старшыні калгаса мяне замяніў старэйшы сын. Пэўны час працавалі ў гаспадарцы і два малодшыя сыны-блізняты. Яны вучыліся ў Смілавіцкім тэхнікуме на пчалаводаў. У калгасе была вялікая пасека — каля 200 пчоласем’яў. Тут яны і гаспадарылі.

— Што змянілася на прадпрыемстве з Вашым прыходам?

— За амаль дзесяць гадоў даволі шмат зроблена па карэннай мадэрнізацыі вытворчасці і выпуску новай прадукцыі, удасканаленні тэхналагічных працэсаў, будаўніцтву гаспадарчым спосабам складскіх памяшканняў. У прыватнасці, набылі сучаснае абсталяванне і асвоілі выпуск соладу, які выкарыстоўваюць у вытворчасці хлеба. Купілі навейшыя прэсы для перапрацоўкі на сок яблыкаў і ягад, і цяпер яго атрымліваем ачышчаным ад мякаці. Да таго ж, на 3-5 працэнтаў больш. Для зніжэння сабекошту вытворчасці  безалкагольных напіткаў асвоілі выраб поліэтыленавых бутэлек. Нам яны абыходзяцца значна танней, чым куплёныя. Некаторыя нашы напіткі атрымалі брэнды “Лепшыя тавары года”. Ці вось такі факт. Напачатку мы пачыналі выпускаць 3-5 тысяч дэкалітраў напіткаў,  цяпер — 30 тысяч. Было і 50 тысяч.

Падрабязна пералічваць усё станоўчае, можа, і не варта. Скажу толькі, што наш завод амаль штогод выходзіць пераможцам раённага спаборніцтва сярод прамысловых прадпрыемстваў, пастаянна займае першае ці другое месца ў сістэме абласнога спажывецкага таварыства. Мы атрымалі Ганаровы знак Белкаапсаюза  “Лепшае прадпрыемства”. Гэта высокая адзнака нашай працы. Цяпер рыхтуемся, і ў кастрычніку павінны атрымаць, міжнародны сертыфікат на ўсе віды прадукцыі. У тым ліку і на мінеральную, пітную ваду, якую  пастаўляем у продаж. Усё гэта здабыта сумеснымі намаганнямі працоўнага калектыву.

Даволі значныя сумы падаткавых адлічэнняў — за месяц 2 мільярды 800 мільёнаў. У раённым бюджэце гэта 15 працэнтаў. Больш за нас ніхто не пералічвае.

Маем канкрэтныя накірункі эфектыўнай працы на бліжэйшы час. Адзін з іх — пастаўка прадукцыі на расійскі рынак, атрыманне валютнай выручкі.

— Вы аптыміст?

— Так, бо заўжды веру ў тое, што пастаўленую задачу можна выканаць.

— А якія якасці ў чалавеку  найбольш цэніце?

— Сумленнасць, шчырасць, працавітасць, дабрыню, адказнасць, надзейнасць, вернасць, настойлівасць…

— А ці ўмееце Вы дараваць?

— Так, калі чалавек шчыра разумее сваю памылку і раскайваецца. Трэба даваць людзям шанц для гэтага. Вось адзін з некалькіх  выпадкаў. Неяк прыязджаю ў 4 гадзіны дня на поле, а механізатар — п’яны. Давялося адхіліць ад работы. А ад брыгадзіра запатрабаваў, каб даведзенае заданне было выканана і раніцай на нарадзе мне аб гэтым далажыў. На наступны дзень ён мне дакладвае, маўляў, учарашняе заданне механізатар выканаў. Пасля нарады еду на тое поле — сапраўды так. Аказваецца, механізатар падняўся шэрым раннем і зрабіў усё як мае быць. Пакаранне да яго я тады не прымаў і пазней у гэтым чалавеку не расчараваўся.

— Як Вы ўспрымаеце ўласны юбілей?

— Як нагоду сустрэцца з блізкімі, сябрамі, сваякамі… Шчыра паразмаўляць, паспяваць, узгадаць маладосць. Словам — прыемна бавіць час у добрай кампаніі, за добрым сталом і з добрым настроем…

— Напрыканцы не магу не пацікавіцца, як Вы ставіцеся да нашай газеты?

— Яна мне вельмі падабаецца. Увесь час яе выпісваю і першай пачынаю чытаць. Многіх у раёне ведаю, таму амаль кожная публікацыя для мяне цікавая. Хачу пажадаць журналістам цікавых навін, лёгкага пяра, удзячных чытачоў і высокіх тыражоў.

— Віншую Вас з юбілеем. Жадаю і надалей быць запатрабаваным.

— Дзякую.

 

Гутарыў

Аляксандр БУШЭНКА.

Фота

Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *