Што робіцца для зніжэння п’янства і алкагалізму, усталявання бяспекі на дарогах

Безопасность

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі райвыканкама па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ДАІ Чэрвеньскага РАУС, пракуратуры, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела адукацыі, старшыні Смілавіцкага пасялковага і сельвыканкамаў.

Намеснік старшыні раённай камісіі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Гоман пазнаёміла прысутных з ходам выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па пераадоленні і папярэджанні п’янства і алкагалізму за першае паўгоддзе гэтага года ў параўнанні з адпаведным перыядам года мінулага.

Як высветлілася з выступлення, па ўсіх паказчыках назіраецца зніжэнне колькасці (правапарушэнняў, няшчасных выпадкаў на вытворчасці з прычыны знаходжання на працоўным месцы ў нецвярозым стане, атручванняў алкаголем і г.д.) альбо іх захаванне на мінулагоднім узроўні. Вялікую работу ў гэтым накірунку праводзяць участковыя інспектары Чэрвеньскага РАУС на сваіх адміністрацыйных участках, дзе выяўляюцца факты рэалізацыі самагону, вадкасцяў, якія ўтрымліваюць спірт, іншыя парушэнні антыалкагольнага заканадаўства. Для аператыўнага рэагавання на іх у раёне арганізавана работа «гарачай» тэлефоннай лініі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца супрацьдзеянню распаўсюджвання наркатычных рэчываў і прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў сярод насельніцтва раёна.

Выконваючы абавязкі начальніка ДАІ Чэрвеньскага РАУС Аляксей Красікаў распавёў пра арганізацыю работы па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў дарожнага руху, пазнаёміў са статыстыкай дарожна-транспартных здарэнняў на тэрыторыі Чэрвеньшчыны. З мэтай прафілактыкі ДАІ Чэрвеньскага РАУС штодзень праводзіць работу, накіраваную на выяўленне нецвярозых вадзіцеляў. Так, за першае паўгоддзе гэтага года іх затрымана 69, прычым 6 — падчас кіравання транспартнымі сродкамі сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

Па статыстыцы абласнога ДАІ, пік парушэнняў Правілаў дарожнага руху традыцыйна прыпадае на жнівень. Як запэўніў Аляксей Красікаў, у гэты месяц асаблівая ўвага будзе надавацца выяўленню парушальнікаў сярод вадзіцеляў аўта- і мотатранспарту, а таксама сярод пешаходаў. Будзе працягнута і прафілактычная работа — выступленне інспектараў ДАІ ў працоўных калектывах.

Напярэдадні новага навучальнага года найбольш актуальнымі становяцца пытанні бяспекі дзяцей на шляху да сваіх навучальных устаноў і каля іх. Як падкрэсліў Аляксей Красікаў, яшчэ засталіся 4 вясковыя школы, ля якіх абслугоўваючыя арганізацыі — ДРБУ-121 і Чэрвеньская ЖКГ — не зрабілі штучныя няроўнасці. Пытанне трымаецца на кантролі. Уласную заклапочанасць такой жа праблемай у Смілавічах выказала старшыня мясцовага пасялковага выканкама Ірына Марціновіч.

Паколькі на пасяджэнні не прысутнічалі прадстаўнікі Чэрвеньскага камунгаса, намеснік старшыні камісіі Алена Гоман прапанавала вярнуцца да пытанняў арганізацыі работы па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў дарожнага руху ў цэлым і дзяцей у прыватнасці ў наступным месяцы. Члены камісіі падтрымалі гэтую прапанову.

Старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская выступіла са справаздачай аб арганізацыі работы па пераадоленні і папярэджанні п’янства і алкагалізму на тэрыторыі гэтага сельсавета ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Яна заўважыла, што асаблівая ўвага ўдзяляецца ранняму выяўленню і своечасоваму лячэнню асобаў, якія маюць алкагольную залежнасць. І асабліва — з сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія. З гэтай мэтай, апрача ўсяго іншага, ладзяцца сумесныя рэйды з прадстаўнікамі Чэрвеньскага РАУС, камісіі па справах непаўналетніх. За першае паўгоддзе гэтага года праведзена 6 такіх рэйдаў (за адпаведны перыяд мінулага года — 3), абследаваны жыллёва-бытавыя ўмовы 16 сем’яў (летась — 13). Выяўлены і пастаўлены на ўлік у сельвыканкаме 6 сем’яў (летась — 4), у якіх выхоўваюцца 8 дзяцей. Некаторыя сем’і абследаваліся па некалькі разоў.

У маі гэтага года камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прыняла рашэнне аб забранні аднаго дзіцяці з сям’і па прычыне антысанітарнага стану ў месцы пражывання і злоўжывання дарослымі спіртнога. У абласной бальніцы ад алкагольнай залежнасці пралечана адна гора-маці з нядобранадзейнай сям’і — з яе згоды.

За першае паўгоддзе праведзена 6 пасяджэнняў камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, якая працуе пры Калодзежскім сельвыканкаме (летась — 2). Падчас іх разглядаліся паводзіны асобаў, якія злоўжываюць спіртным, з іх запрашэннем на камісію. Усяго разгледжана 16 чалавек. З імі, а таксама з тымі, хто знаходзіцца ў сельвыканкаме на ўліку, праводзіцца пастаянная прафілактычная работа па папярэджанні п’янства і алкагалізму, сямейных скандалаў. Таксама на тэрыторыі сельсавета вядзецца барацьба з самагонаварэннем і незаконным продажам спіртнога. Зарэгістраваны ўжо 6 фактаў рэалізацыі (летась — 3).

Аднак, нягледзячы на ўсю актыўную работу, толькі за першы квартал гэтага года за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы прыцягнуты да адказнасці 16 чалавек (летась — 9). Хаця, як зазначыла Людміла Пасудзеўская, магчыма, гэтая колькасць гаворыць пра тое, што сёлета больш актыўна ў гэтым накірунку працуе міліцыя. Дарэчы, размова тут ідзе пра зарэгістраваныя факты. У рэальнасці ж парушальнікаў антыалкагольнага заканадаўства, на жаль, значна больш. І не толькі на тэрыторыі гэтага сельсавета, але і ўсяго Чэрвеньскага раёна.

Падчас пасяджэння, гаворачы пра бяспеку ўдзельнікаў дарожнага руху, і найперш — пешаходаў, узгадалі і аб праблемнай абстаноўцы на вуліцы Барыкіна — насупраць Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці і прыватных крамаў, дзе часта праезная частка загрувашчана машынамі. Там, зазначыла Алена Гоман, проста неабходна ўмяшальніцтва супрацоўнікаў ДАІ. Як зазначыў Аляксей Красікаў, першы крок для паляпшэння сітуацыі ўжо зроблены — «зебрай» абазначаны пешаходны пераход. Застаецца спадзявацца, што вадзіцелі аўтамашын хаця б паступова прывучацца не ігнараваць яго і пешаходаў на ім, а таксама знакі з абмежаваннем хуткасці да 40 км/г на пэўных участках вуліц Барыкіна, Ленінскай, Мінскай ды іншых.

Між іншым, нядаўна нарэшце высеклі куст непадалёк ад СШ №2 г.Чэрвеня, які на падыходзе да «зебры» добра-такі засланяў для пешаходаў агляд праезнай часткі. Чакаем наступных станоўчых зменаў.

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *