Могілкі — не палігон для смецця

Духовность

Апошнім часам адыходзіць у нябыт ганебная звычка, калі на Радаўніцу на могілкі Смілавічаў вязлі стол, а назад ужо і тых, хто сядзеў за ім. А вось адносіны да парадку, на жаль, не паляпшаюцца. У першую чаргу — з боку грамадзян, чые блізкія тут пахаваны. Магілу прыбяруць, а побач, на адлегласці ад яе нейкі метр — і пальцам не паварушаць: растуць зелле, дзікія кусты, ляжыць смецце. Яго могуць пакласці ў зарослым кутку альбо вынесці за агароджу і кінуць у любым месцы, нягледзячы на тое, што ёсць блізка і спецыяльныя кантэйнеры. Сёлета 27 красавіка раблю заўвагу адной жыхарцы Смілавічаў: “Чаму не выносіце спілаваныя кусты да сметніка і не высечыце астатнія?” Адказ: “Зробяць на суботніку”.

Спадзяванне на кагосьці — характэрная псіхалогія многіх жыхароў нашага рэгіёну. Ніяк не выкрышталізуюцца адносіны: “Гэта мой асабісты святы абавязак”. Нельга стрымаць абуральныя пачуцці, гледзячы на такое святатацтва — за агароджу могілак па вуліцы Савецкай выкідаюць у поліэтыленавых пакетах хатняе смецце. Колькі праехаў па свеце — нідзе не назіраў такой недарэчнай з’явы.

З заходняга боку могілак старыя штучныя кветкі, вянкі, іншае смецце скідаюць у роў, які аддзяліў могілкі ад поля. З гэтага ж боку абкасілі некалькі магіл, але ж пустазелле, траву скідалі ў кучу за агароджай. Неўзабаве сюды дададуць яшчэ што-небудзь, і атрымаецца новы міні-сметнік. А тым часам зусім жа недалёка знаходзіцца пляцоўка для адыходаў. Напярэдадні Радаўніцы на самы вугал могілак, вуліцы Савецкай і праезда гаражоў, выкінулі пакет са смеццем, вянок. Маўляў, хтосьці прыйдзе і прыбярэ. А калі не прыбяруць, то мы, людзі, спытаем у кіраўніцтва пасёлка: “Чаму ў  нас так брудна на вуліцах? Не ўбачылі гэта камунальнікі?”

Могілкі “Святая горка” ў маім полі зроку знаходзяцца даўно: калі аднойчы знайшоў прысыпаны зямлёй камянёвы ідал і расказаў аб ім у раённай газеце. Тады паўночны бок могілак гэтых уяўляў сапраўдны палігон для смецця. Тэхніка ліцэя вывезла ўсе адыходы, у тым ліку і рознае жалеззе. Але праз колькі гадоў зноў убачыў тут непрыглядны малюнак.

Нядаўна праводзіў экскурсію для навучэнцаў каледжа па гістарычных мясцінах Смілаўшчыны. Стала мне сорамна перад моладдзю. У сярэдзіне могілак, прама ля ўваходу, складзена вялізная капіца са смецця і дзярніны. Зусім жа блізка адсюль размешчана спецыяльная пляцоўка, дзе ёсць кантэйнеры. Няўжо не бачылі гэтага “творцы” капіцы? Куды падзеліся іх святасць, добрасумленнасць?

Не аднойчы назіраў, як старшыня Смілавіцкага сельскага Савета Валянціна Іванаўна Півавар са сваімі супрацоўніцамі наводзіць на гэтых могілках парадак. Хіба іх абавязак? Але ж у яе баліць сэрца за стан святога месца. А ў грамадзян?

Сёлета ездзіў на Радаўніцу на Лагойшчыну. Наведаў шэраг могілак Смалявіцкага і Лагойскага раёнаў, гарадскога пасёлка Плешчаніцы. Нідзе няма такіх адносін да месц пахавання памерлых родзічаў, як у нас. Чаму ж мы такія “арыгінальныя”?

Смілавіцкім пасялковым і Смілавіцкім сельскім Саветамі з падтрымкай райвыканкама шмат зроблена па ўпарадкаванню могілак. Для гэтага выкарыстоўваюцца самыя розныя магчымасці. Засыпаны вялізны доўгі роў, які падзяляў калісьці могілкі на каталіцкую і праваслаўную часткі. На яго месцы зрабілі праезд, што значна палепшыла ўмовы для правядзення пахаванняў памерлых. Абгарадзілі. На кожных суботніках працуюць тут прадстаўнікі смілавіцкіх арганізацый і прадпрыемстваў. Супрацоўнікі выканкамаў паказваюць прыклад. Зроблена шмат.  Безумоўна, не ўсё магчымае. Гэта разумеюць у мясцовых органах улады. Але ж вельмі выспела неабходнасць агульных намаганняў. Без такога калектыўнага падыходу нельга дабіцца істотных зрухаў.

Як жа іншыя зацікаўленыя бакі ўдзельнічаюць у гэтым працэсе? Сміліавіцкія могілкі знаходзяцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Значыцца — яна і ўладальнік. Але ж гаспадарскіх адносін няма.  Старшыні мясцовых органаў улады вымушаны вельмі часта “грукаць-стукаць” да кіраўніцтва смілавіцкага ўчастка, каб штосьці было зроблена своечасова і дакладна. Вось прыклад. На суботніку спілавалі шмат кустоў, дрэў, але не паспелі ўсё вывезці. Рэшткі і зараз знаходзяцца на месцы, але ўжо зараслі.

Амаль за тыдзень пачынаюць людзі рыхтавацца да памінальнага дня. Камунгас не можа дадумацца, каб у гэты час паставіць ля могілак прычэп для смецця. Шмат хто б старыя кветкі, вянкі  аднёс у яго. Менш засталося б бруду і непатрэбна была б яго асобная пагрузка. Менавіта так робяць на могілках, якія я наведваў у іншых раёнах.

І яшчэ. Няма адказнага за адвод месца для магіл. Кожны капае на сваё бачанне.

Шмат якіх праблем магло і не быць, калі б камунальнікі добрасумленна выконвалі сваю ролю. Старшыня Смілавіцкага пасялковага Савета Ірына Пятроўна Марціновіч неаднаразова ўносіла прапанову кіраўніцтву Чэрвеньскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі аб увядзенні ў штатны расклад адзінкі на абслугоўванне могілак. Старшыня Смілавіцкага сельскага Савета Валянціна Іванаўна Півавар таксама турбуе ў гэтым напрамку, у тым ліку і прапановай узяць на баланс могілкі “Святая горка”.

Выспявае і такая праблема: на мясцовых могілках хаваюць мінчукоў, якія не маюць нават смілавіцкіх каранёў. Такім чынам сваякі памерлых пазбягаюць неабходнасці плаціць за месца, як гэта робяць у Мінску. На мой погляд, раённаму Савету дэпутатаў трэба прыняць рашэнне аб увядзенні для такіх пахаванняў аплаты. Прапанова раней таксама агучвалася.

 

Іван ЯРАШЭВІЧ, член выканкама Смілавіцкага пасялковага Савета



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *