МЫ СУМУЕМ, ПЁТР СЦЯПАНАВІЧ…

Общество

Набліжаецца вялікае свята для ўсіх жыхароў Беларусі — Дзень Перамогі. Асабліва радаснае і адметнае яно для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар змагання са зброяй у руках супраць фашысцкай навалы. Гэта мужныя, бясстрашныя, адданыя сваёй краіне людзі, якія ўсе разам набліжалі Перамогу.

На жаль, з кожным годам усё меней і меней становіцца жывых сведкаў той вайны. І вельмі шкада, што ў нашых Рэчках ужо няма ў жывых ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай. А налічвалася іх, здаецца, зусім нядаўна з добры дзясятак.

Сёння я хачу ўзгадаць пра апошняга слаўнага змагара з нашай вёскі — Пяхоту Пятра Сцяпанавіча, які адышоў у нябыт год таму.  Вельмі прыемны і цікавы быў чалавек. Падчас размоў заўсёды прыгадваў шмат эпізодаў ваеннага ліхалецця, якое давялося перажыць. Слухаючы яго аповеды, ніхто не заставаўся абыякавым. А слёзы на вочы нагортваліся як у прысутных, так і ў самога ветэрана…

Дзень Перамогі для Пятра Сцяпанавіча быў асаблівым. У гэтае свята ён апранаў свой лепшы касцюм з бліскучымі ўзнагародамі і выходзіў на вуліцу. Да яго далучаліся суседзі, дзятва, проста прахожыя… І пачыналіся ўспаміны.

Некалькі апошніх гадоў Пётр Сцяпанавіч жыў у дачкі ў Чэрвені. Але на Дзень Перамогі абавязкова прыязджаў у сваю родную вёску Рэчкі, у сваю хату, быў жаданым госцем у суседзяў. А ўлетку любіў адпачываць на ўлонні прыроды, любавацца цудоўнымі краявідамі… Мы сумуем, Пётр Сцяпанавіч, што ўжо больш не сустрэнемся з табою, не пачуем тваіх цікавых аповедаў, не пагаворым…

Штогод у вёсцы Луч у Дзень Перамогі ля помніка адбываецца мітынг, на які запрашаюцца шаноўныя ветэраны з усёй ваколіцы Лядзенскага сельсавета. Пётр Сцяпанавіч Пяхота заўсёды з задавальненнем наведваўся туды. Ганарыўся, што яго памятаюць, аб ім клапоцяцца…

І яшчэ хачу прыгадаць некалькі ветэранаў з нашай вёскі. Гэта Ждановіч Міхаіл Іванавіч, Юрчанка Аляксей Анатольевіч, Багамаз Васіль Іванавіч, Кушнер Мікалай Васільевіч ды іншыя. Яны таксама былі паважанымі людзьмі, неаднойчы наведвалі школу, дзе былі жаданымі гасцямі. І вучні заўсёды радаваліся іх прыходу. Святочны выгляд ветэранаў, шматлікія ўзнагароды, аповеды пра вайну засталіся ў памяці тых, хто сустракаўся з імі.

Спіце спакойна, шаноўныя нашы збаўцы ад фашысцкай навалы! Мы вас ніколі не забудзем…

 

Рэгіна ШАЛУПЕНКА, в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *