«ЧАС ВЫБІРАЦЬ ПРАФЕСІЮ»

Общество

Пад такой назвай прайшло пасяджэнне клуба «Маладзёжнае перакрыжаванне», які дзейнічае пры нашай бібліятэцы.

Удзел у ім узялі вучні дзявятых класаў СШ №4 г.Чэрвеня, класны кіраўнік Ларыса Мікалаеўна Няборская, бібліятэкары і нашы госці — загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Кароль і псіхолаг гэтай жа ўстановы Святлана Аношка.

Псіхолаг пазнаёміла школьнікаў з рознымі прафесіямі — прэстыжнымі (менеджэры, юрысты, фінансісты і г.д.), небяспечнымі (лётчык-выпрабавальнік, аператыўнік, пажарны), рэдкімі (тытэстар, пастыжор, самелье). Апошнімі ўдзельнікі сустрэчы зацікавіліся найбольш.

Тытэстар — чалавек, які вызначае гатунак і якасць чаю, дэгустатар чаю. Такіх спецыялістаў яшчэ называюць чайнымі самелье. Яны складаюць калекцыі чаю з розных яго гатункаў.

Пастыжор — чалавек, які вырабляе парыкі, шыньёны ці накладныя прычоскі са штучных альбо натуральных валасоў. Гэта даволі папулярная прафесія, да таго ж, адна з самых патрэбных у тэатральных колах. Ды і пры стварэнні кінафільмаў пастыжор адыгрывае не апошнюю ролю. Тут, апрача парыкоў, ён вырабляе накладныя бароды, вусы, бакенбарды.

Самелье — работнік рэстарана, адказны за набыццё, захаванне вінаў і прапанову іх кліентам. Ён складае вінную карту, займаецца дэгустацыяй вінаў і дае парады па выбары напояў наведвальнікам рэстарана.

Увогуле, у міжнародным стандарце класіфікацый прафесій існуе іх 10.333.

Таксама Святлана Аношка правяла анкетаванне, прапанавала школьнікам даведацца, якія прафесіі падыходзяць ім па знаку Задыяка. А Святлана Кароль распавяла пра работу тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працуе тэлефон даверу, па якому ўсіх уважліва выслухаюць, дапамогуць справіцца з праблемамі, паверыць у сябе, дадуць добрую і патрэбную параду. Нумар тэлефона — 5-07-30, час працы — панядзелак-пятніца, з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00.

Напрыканцы сустрэчы бібліятэкары правялі тэст «Якая прафесія табе падыходзіць?»

Наталля МАЛАНКА,

бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота Святланы ЖДАНОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *