З веснавых палеткаў

Аграрный сектор

Як бы ні супраціўлялася зіма-свавольніца, але чарга яе прайшла. Кружыць ужо над лугам, шырока раскінуўшы крылы, бусел, журчыць бярозавы сок, а хлебаробы з асаблівай доўгачаканай асалодай вывелі  свае трактары на палі і ўключыліся ў  калаўрот веснавых палявых работ. Загула тэхніка амаль на ўсіх палетках  раёна. Найперш яе вывелі на падкормку азімых зерневых, шматгадовых траў і пашы. У прыватнасці, механізатар ААТ «Крыніца Ігуменшчыны» Андрэй Зыль (на здымку) гэтымі днямі праводзіць падкормку пашы азотнымі ўгнаеннямі. І хаця ён толькі другі год працуе пасля заканчэння Смілавіцкага каледжа ў гаспадарцы, тут упэўнены: не падвядзе. Бо Андрэй добра зарэкамендаваў сябе летась падчас пасяўной і ўборачнай.  Сёлета ён  і механізатар Сяргей Чарапахін правядуць на значнай плошчы падкормку пасеваў, іх апрацоўку і ўвесь комплекс работ па догляду за азімымі і яравымі. Яны не скардзяцца на такую нагрузку, бо разумеюць важнасць аператыўнасці і своечасовасці выканання сваіх абавязкаў. Ды яшчэ і неблагія  меры матэрыяльнага стымулявання за работу заахвочваюць выконваць яе якасна і ў тэрмін.

— Усяго  нам неабходна правесці падкормку  на 1200 гектарах, — зазначае галоўны аграном ААТ «Крыніца Ігуменшчыны»  Аляксандр Фурс. — Як і ў іншых гаспадарках, мы хваляваліся за азімыя. Але пасля аб’езду палёў  высветлілася, што збожжавыя, хоць іх і кранула снежная цвіль, перазімавалі няблага. Таму на некаторых участках, дзе можа праехаць тэхніка, пачынаем падкормку азотнымі ўгнаеннямі.  Адначасова двума культыватарамі, на якіх працуюць вопытныя механізатары Генадзь Дзюк і Васіль Гаталюк, вядзём закрыццё вільгаці. Цяпер на палях працуем комплексна, — дзеліцца далей падыходамі  ў арганізацыі працэсу Аляксандр Васільевіч, — манеўруючы тэхнікай у залежнасці ад гатоўнасці глебы, надвор»я і тэрмінаў правядзення кожнага віду работ.

Ужо сёння (на момант размовы — 18 красавіка) паспрабуем укінуць у глебу першае насенне. Усяго нам неабходна пасеяць 400 гектараў яравых: 280 — зерневых і зернебабовых і 120 — аднагадовых траў.  Справіцца са сваёй задачай  ёсць усе падставы: дастаткова тэхнікі, на якой працуюць 11 нашых механізатараў і тры — з  Украіны.

Людміла РАБЕЦКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *