СВЯТА ВЯСНЫ І ПРЫГАЖОСЦІ

Общество

 

Запазнілася ў гэтым годзе вясна. Усе не ідзе і не ідзе, забавілася дзесьці. А як жа хочацца ўжо прыгожых, яркіх красак, блакіту нябёс, сонечных дзён і такога ж сонечнага настрою!..

Вось і клічам вясну, як можам, стараемся прыспешыць яе наступленне яркімі «дзействамі».

Менавіта такое чароўнае, прыгожае «дзейства» і адбылося ў сярэдняй школе №1 г.п. Смілавічы. Па ініцыятыве вучняў 10 класа прайшоў конкурс «Міс школы — 2013». Вядучыя Ангеліна Варэнік і Наталля Муха запрасілі ўсіх прысутных у падарожжа па краіне вясны і прыгажосці. На працягу трох гадзін (менавіта столькі часу доўжылася мерапрыемства) перапоўненая гледачамі немаленькая актавая зала школы гудзела, пляскала ў далоні, эмацыянальнымі воклічамі падтрымлівала ўдзельніц праграмы. А гасцей ў гэты дзень было вельмі шмат. Завіталі ў школу старшыня Чэрвеньскага райвыканкама І.П. Муха, старшыня Смілавіцкага пассавета І.П. Марціновіч, начальнік аддзела адукацыі Л.В. Асановаіч, кіраўнікі школ раёна, дырэктар аграрнага каледжа Т.К.Сень, а таксама бацькі, вучні школы і іх сябры.

Восем удзельніц, восем прыгажунь, мілых і абаяльных дзяўчатак трымалі на сабе ўвагу гледачоў лепш, чым прафесійныя мадэлі. Гэта— Верамейчык Вікторыя (9 «А» клас), Байчук Вікторыя (9 «Б»), Бабраўнічая Даяна (10), Вікторчык Дарына (10), Патупчык Вікторыя (7 «Б»), Пыко Лізавета (10), Слабко Марыя (8), Раманюк Аліна (7 «Б»).

Канкурсанткі па чарзе прадстаўлялі сябе гледачам: створаныя ўдзельніцамі «візітоўкі» — відэаролікі, кліпы і прэзентацыі — расказвалі аб захапленнях, уменнях і дасягненнях кожнай. У творчым конкурсе трэба было прадэманстраваць падрыхтаваны загадзя нумар мастацкай самадзейнасці. Шчырыя імправізаваныя адказы на пытанні ад журы дапамаглі праявіць інтэлектуальны патэнцыял удзельніц і , нарэшце, — дэфіле ў вячэрніх уборах! Гэта было незабыўнае шоу!

Ва ўсіх прысутных у зале — свае фаварыткі, якім яны вельмі зычылі перамогі. Але карона «Міс школы» толькі адна. Падсумаваўшы балы за кожны конкурс, журы перадало вынікі вядучым. Наталля Муха і Ангеліна Варэнік па чарзе называлі прозвішчы ўдзельніц, адзначаных у той або іншай намінацыі. Дырэктар школы С. А. Ананчыкава і намеснік дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце М. У. Бортнік узнагароджвалі дзяўчат ганаровымі лентамі і падарункамі. Верамейчык Вікторыя — «Міс крэатыўнасць»; Байчук Вікторыя — «Міс фотагенічнасць»; Бабраўнічая Даяна — «Міс сімпатый гледачоў»; Вікторчык Дарына — «Міс талент»; Патупчык Вікторыя — «Міс дружба»; Слабко Марыя — «Міс кемлівасць»; Раманюк Аліна — «Міс грацыя»; Пыко Лізавета — «Міс зачараванне». Інтрыга трымалася да апошняга: хто ж надзене карону «Міс школы»?

Такога накалу эмоцый даўно не было тут. Выбраць пераможцу, здавалася, наогул немагчыма — вельмі прыгожымі, абаяльнымі, мілымі і, сапраўды, вясеннімі былі дзяўчаты.

Але нялёгкі выбар быў зроблены: «Міс школы — 2013» аб’яўлена вучаніца 10 класа Пыко Лізавета, «Віцэ-міс» — вучаніца 7 «Б» класа — Раманюк Аліна.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.В. Асановіч прывезла прыз для «Міс сімпатый гледачоў» (большасцю галасоў прызнана Бабраўнічая Даяна). Старшыня пасялковага савета І.П.Марціновіч падзякавала ўсім удзельніцам конкурсу і ўручыла асабісты падарунак дзяўчынцы, якая стала для яе «Міс — адкрыцце» — Пыко Лізавеце.

Ад імя арганізатараў мерапрыемства і адміністрацыі школы шчырая падзяка спонсарам: Каральчук М. П — ААА «Конта-партнёр-строй; Варэнік С. М. — студыя «Дыядэма», Ваявода Б.М. — ААА «Сталь-лайн».

І верыцца: пасля такога захапляльнага шоу вясна ўжо больш не затрымаецца — абавязкова прыйдзе!

 

Л.І.ШЫДЛОЎСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №1 г.п. Смілавічы

 

 

 

p



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *