ШЛЯХ ДА ПОСПЕХУ І РОСКВІТУ

Официально

ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА ЛІЧЫЦЬ НЕАБХОДНЫМ РЭАЛІЗАВАЦЬ ТРЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАЕКТЫ ДЛЯ АБНАЎЛЕННЯ БЕЛАРУСІ.

ТРЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАЕКТЫ ДЛЯ АБНАЎЛЕННЯ БЕЛАРУСІ

Аб гэтым ён заявіў 19 красавіка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

«Ключавая праблема нашай эканомікі — канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў. І каб выйграваць у цяжкай канкурэнтнай вайне на сусветным рынку, мы павінны пастаянна абнаўляць веды, тэхналогіі, абсталяванне, сістэмы кіравання. Таму сёння галоўная стрыжнёвая ідэя для Беларусі — ідэя абнаўлення», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абнаўленне — гэта не адмова ад існуючай у Беларусі мадэлі і ранейшага шляху, а новы этап у развіцці. «Калі мы гаворым аб абнаўленні, мадэрнізацыі, гэта не значыць, што гэта нейкая выдумка Прэзідэнта. Мы даўно да гэтага падышлі, і не проста падышлі, а па некаторых асноўных напрамках значна рушылі наперад у мадэрнізацыі. Мы не толькі абнаўляем старыя, але і будуем новыя прадпрыемствы», — сказаў ён. «Мы павінны абаперціся на тры магутныя нацыянальныя праекты, якія дадуць магчымасць абнавіць дзяржаву. Першы праект — гэта мадэрнізацыя эканомікі. Другі — інфарматызацыя грамадства. Трэці — падтрымка моладзі і яе маштабнае прыцягненне да дзяржаўнага будаўніцтва», — заявіў Прэзідэнт.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на фінансавы крызіс, інтэлектуальны прагрэс у свеце ніколькі не запаволіўся, а толькі паскараецца, набіраючы каласальныя абароты. «Перакананы, што менавіта новыя навуковыя вынаходствы, а не хітрыя фінансавыя схемы запусцяць матор сусветнай эканомікі, які глухне. Глабальны вір новых ідэй, тэхналогій і вынаходстваў зацягвае ў сябе і Беларусь. Нягледзячы на тое, што мы сярэдняя па еўрапейскіх мерках дзяржава, пазбаўленая якіх бы там ні было планетарных амбіцый, мы ўжо не можам думаць аб нашым лёсе асобна ад агульнасусветных працэсаў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Наш выбар невялікі. Мы можам або прыстасавацца да бурных перамен, або застацца на абочыне гісторыі. Іншага не дадзена».

На думку кіраўніка дзяржавы, у новага часу ёсць тры галоўныя патрабаванні: скорасць, гібкасць і творчасць. Гэта звязана са светам, які імкліва змяняецца, з’яўленнем новых ідэй і тэхналогій, неабходнасцю пастаянна прыстасоўвацца да гэтых змяненняў і прапаноўваць штосьці новае. «Той, хто пастаянна капіруе, той заўсёды асуджаны на адставанне. Таму любая маладая нацыя павінна, з аднаго боку, вучыцца ў навакольнага свету, а з іншага — заўсёды помніць аб тым, што на нейкім этапе трэба быць гатовым прыўнесці ў свет штосьці сваё. Толькі творчасць можа забяспечыць прарыў у групу лідараў», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 

ВЫПУСКНІКІ ВЫШЭЙШЫХ НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОЎ ПАВІННЫ ПРАЦАВАЦЬ ПА АТРЫМАНАЙ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ

«Аднойчы прыйшоў у ВНУ, вучыўся за кошт дзяржавы або нават за ўласны кошт. Калі рыхтуешся стаць урачом, едзь і працуй урачом. І гэта датычыцца ўсіх спецыялістаў і спецыяльнасцей. Прашу міністраў прыняць адпаведнае рашэнне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне не хапае вузкіх спецыялістаў. «Пашырайце мэтавы набор абітурыентаў у медыцынскія навучальныя ўстановы рэспублікі. Усе медыцынскія ўстановы павінны быць забяспечаны кадрамі. Па кожнаму непрацаўладкаванаму ў галіне маладому спецыялісту міністр дасць справаздачу асабіста, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Акрамя таго, неабходна прадоўжыць курс на далейшае развіццё амбулаторна-поліклінічнага абслугоўвання насельніцтва. Вось цэнтральная лінія развіцця нашай медыцыны».

 

ЗАРПЛАТА БЮДЖЭТНІКАЎ, ПЕНСІІ І ДАПАМОГІ Ў 2013 ГОДЗЕ БУДУЦЬ НЕАДНАКРАТНА ПАВЫШАНЫ

Рост дабрабыту народа — адна з галоўных мэт нашай палітыкі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Даходы грамадзян прадаўжаюць расці. «Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць людзей, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых умовах», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Колькасць малазабяспечаных дамашніх гаспадарак зніжаецца як у горадзе, так і ў вёсцы, дадаў ён.

«Так, у апошнія гады ўтварыўся істотны разрыў паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы ў цэлым. Сёння гэтыя суадносіны складаюць амаль 80 працэнтаў, а аптымальна павінна быць не менш як 90 працэнтаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Згадзіцеся, не павінен настаўнік або медыцынскі работнік адчуваць сябе непаўнацэнным перад работнікамі іншых сфер».

На бягучы год у бюджэце закладзена неаднакратнае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду бюджэтнікаў, пенсій і дапамог.

«Але гэта не павінна быць простай індэксацыяй росту цэн або «імітацыяй» росту заработнай платы, — папярэдзіў беларускі лідар. — Мной на нарадзе ў сакавіку гэтага года перад урадам пастаўлена задача па скарачэнню разрыву ў аплаце працы работнікаў у бюджэтнай сферы і ў цэлым па народнай гаспадарцы. Па выніках першага паўгоддзя чакаю даклада аб прынятых мерах па выпраўленню сітуацыі».

«Маё патрабаванне застаецца ранейшым: заработная плата павінна быць зароблена! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яе рост поўнасцю залежыць ад нас. Калі зможам мадэрнізаваць прадпрыемствы і павысіць прадукцыйнасць працы, выгадна прадаць прадукцыю, то наша праца будзе аплачана ў вялікіх памерах. Адпаведна, вырастуць даходы бюджэтнікаў і памеры пенсій і дапамог».

 

АБ НЕДАПУШЧЭННІ ПРАЯЎ КАРУПЦЫІ

«Скажу вам прасцей, па-народнаму, калі вы хочаце жыць у сваёй краіне і не хочаце страціць краіну, калі вы не хочаце, каб вас у выніку народ проста вышпурнуў, і мяне разам з вамі з гэтых крэслаў, давайце па-чалавечы працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, трэба цаніць, гэта дарагога каштуе, што Беларусь у свеце лічаць прыстойнай, прыгожай краінай, дзе практычна няма карупцыі. «Дзякуй, што так гавораць. Ёсць яна, яе цяжка выкараніць, я гэта ведаю», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Але нельга ад гэтага адыходзіць. Ён папярэдзіў чыноўнікаў: «Не чапайце чужога, бо бокам вылезе, вы ж усе вернікі».

І такое папярэджанне не з’яўляецца нейкім піярам, падкрэсліў Прэзідэнт. «Некаторыя пачынаюць папісваць, а некаторыя падумваць, што Прэзідэнт пачынае нейкую новую кампанію. Ды, родныя мае, што я тут новага сказаў, што змянілася ў маім стылі работы? Проста некаторыя забылі, што будзе жорсткае спагнанне», — нагадаў ён.

 

АБ ДЗЯРЖДАПАМОЗЕ Ў ЖЫЛЛЁВЫМ БУДАЎНІЦТВЕ

«З гэтага часу дзяржаўная дапамога ў жыллёвым будаўніцтве будзе не толькі адрасная, але і жорстка кантралюемая адносна яе мэтавага выкарыстання, — сказаў Прэзідэнт. — Мы ўстанаўліваем жорсткія патрабаванні пры здачы ў арэнду жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай. Сёння пабудаваў па льготных крэдытах жыллё, а заўтра здае ў арэнду і атрымлівае ад гэтага даход — дык навошта дапамагалі гэтаму чалавеку, калі яму жыллё не патрэбна?» «Свая кватэра, свой дом, свой дах над галавой павінны быць у кожнай сям’і. Менавіта таму мінулыя гады мы, нават насуперак законам макраэканомікі ўкладвалі каласальныя сродкі ў будаўніцтва жылля», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што сотні тысяч сем’яў абзавяліся жыллём дзякуючы вельмі магутнай дзяржаўнай дапамозе. «Мы будавалі ў сярэднім амаль 5 млн. кв.м жылля ў год. Прычым больш за палавіну з іх для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па гэтых пазіцыях мы апярэджваем усе краіны СНД», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў: «Прамая дзяржаўная падтрымка грамадзян у забеспячэнні жыллём захоўваецца сёння і будзе захавана ў далейшым. Але яна становіцца больш адраснай, улічвае рэальныя фінансавыя магчымасці грамадзян. Аказваць яе будзем толькі тым, хто сапраўды мае ў ёй патрэбу».  Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з бягучага года для тых, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу, жыллё будуецца па дзяржзаказу. «Гэта значыць спачатку жылы дом будзе пабудаваны. Затым ужо гатовае жыллё будзе прадастаўляцца грамадзянам па цэнах, якія склаліся на дату ўводу дома ў эксплуатацыю, з выдачай ільготнага крэдыту», — растлумачыў беларускі лідар.

Таксама пашыраюцца магчымасці грамадзян самастойна вырашаць сваё жыллёвае пытанне. «Ствараем сектар арэнднага жылля, павялічваем долю індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

 

АБ ВЫРАШЭННІ ПРАБЛЕМЫ ВЫСОКІХ ЦЭН НА ЛЯКАРСТВЫ І НЕДАХОПУ ВУЗКІХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

Прэзідэнт  адзначыў, што ў паняцці «якасць жыцця чалавека» асаблівая ўвага надаецца падтрыманню і ўмацаванню здароўя. «Апошнія гады ў галіне медыцы дасягнуты несумненныя поспехі. Практычна поўнасцю перааснасцілі ўстановы аховы здароўя сучасным абсталяваннем. Праводзім высокатэхналагічныя ўнікальныя аперацыі. Прычым не толькі ў сталіцы, але і на рэгіянальным узроўні, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не чарговы піяр, выдумка Прэзідэнта перад прэзідэнцкімі выбарамі, мы ўжо другую пяцігодку мадэрнізуем аб’екты аховы здароўя. Адстаючым у гэтым плане быў Мінск, але і ён ужо падцягнуўся».

«Але як ні парадаксальна, маем і праблемы, якія сур’ёзна хвалююць нашых людзей. Гэта — высокія цэны на лякарствы, недахоп вузкіх спецыялістаў і даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Гэтыя пытанні трэба вырашаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Аб жорсткім кантролі за цэнаўтварэннем паўтарацца не буду. Акрамя таго, неабходна ў першачарговым парадку асвойваць у Беларусі вытворчасць найбольш сацыяльна значных лекавых сродкаў». Беларускі лідар паставіў задачу ўраду штогод павялічваць долю айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку. «Да 2015 года яна павінна складаць не менш як 50 працэнтаў. І не ўздумайце хітраваць з пераўпакоўкай! Патрабаванне за вынік будзе самым жорсткім», — дадаў ён.

 

АБ АПТЫМІЗАЦЫІ ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ Ў ВЁСЦЫ

Аптымізацыю органаў мясцовага самакіравання ў вёсцы трэба праводзіць не на шкоду людзям. Аб гэтым заявіў  Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Мікалая Іванчанкі пасля звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

«Трэба аптымізавацца, але не на шкоду людзям, не на шкоду сабе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне дэпутата наконт магчымай замены сельскіх Саветаў дэпутатаў на адміністрацыі сельскіх тэрыторый. Прэзідэнт пры гэтым адзначыў: «Усё ж такі савет нам больш падыходзіць, адміністрацыя не будзе ўспрынята». Паводле яго меркавання, адміністрацыі раёнаў прыжыліся, напрыклад, у Мінску, але ў вёсцы ўсё інакш.

«У вёсцы, можа, не варта. Удасканальваць гэту структуру трэба, аптымізаваць сельскія Саветы таксама трэба. Але трэба без галавацяпства і без залішніх прыгожых малюнкаў. Трэба так рабіць, каб было выгадна для народа», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, ён адзначыў: «У вёсцы людзі, калі іх называюць дэпутатамі, гэтым ганарацца. Я сам быў дэпутатам сельскага Савета і раённага, таму ведаю, што гэта такое. Вядома, не хацелася б там, на далёкім рубяжы, а можа быць, і першым, у вёсцы, страціць нашых актывістаў». Прэзідэнт адзначыў, што таму не трэба спяшацца пры аптымізацыі самакіравання. «Цяпер ідзе прапрацоўка многіх пытанняў, і мы абавязкова прымем рашэнне разам з вамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

 

БЮДЖЭТНАЯ СФЕРА МАЕ ПАТРЭБУ Ў АПТЫМІЗАЦЫІ

«Згадзіцеся, не павінен настаўнік або медыцынскі работнік адчуваць сябе непаўнацэнным перад работнікамі іншых сфер. Пры гэтым — ніякага папулізму, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Я сказаў аб медыцынскіх работніках, педагогах. Мог бы сказаць і аб іншых. Пакуль яны самі не пачнуць сябе аптымізаваць, ні аб якіх высокіх зарплатах размовы ісці не можа».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, напрыклад, падцягнуць стаўку педагога з 18 гадзін у тыдзень да 20. «Зрабіце крок насустрач у гэтым плане, як адбылося з дзяржаўным апаратам, дзе я прыняў рашэнне аб скарачэнні 25 працэнтаў дзяржслужачых. І народ зразумее, калі мы за кошт гэтага і іншых рэсурсаў узнімем для дзяржслужачых заработную плату», — лічыць Прэзідэнт.

Ён звярнуўся са слушнымі пытаннямі: «Чаму не пайсці на гэтыя 2 гадзіны, каб народу прадэманстраваць? Чаму Міністэрства адукацыі да гэтага часу не ачысціла ўсю нашу адукацыйную структуру ад розных прыліпал? Колькі там розных метадычных і іншых калектываў, якія ніякай карысці адукацыі не прыносяць!» «Толькі патрабуюць ад гэтых настаўнікаў: планы, перспектыўныя планы, мэтавыя планы, яшчэ нейкія. Што толку ад іх!» — дадаў Аляксандр Лукашэнка. «Пакуль вы гэтага не зробіце, аб зарплаце нават не гаварыце! — сказаў ён. — І на мяне, і на ўрад гэта пытанне не звальвайце». «А калі вы гэтага не зробіце ў бліжэйшы час, пойдзеце за вядомымі міністрамі!» — папярэдзіў Прэзідэнт.

Пры гэтым не трэба мець ілюзій, што знікне аб’ектыўная дыферэнцыяцыя ў аплаце працы, размова ідзе толькі аб ліквідацыі перакосаў, растлумачыў Прэзідэнт.

«Хацелася, каб ва ўсіх зарплата расла як мага хутчэй і часцей. Аднак лёгкіх рашэнняў тут няма. Пустыя надрукаваныя грошы неадкладна прыводзяць да росту цэн. І гэта зводзіць на нішто любое павышэнне зарплат і любую прыбаўку даходаў», — рэзюмаваў беларускі лідар.

 

БУДЗЕ ПАВЫШАНА АДКАЗНАСЦЬ ЗАБУДОЎШЧЫКАЎ

«У самы бліжэйшы час будзе павышана адказнасць забудоўшчыкаў пры долевым будаўніцтве. Тэрміны і кошт будаўніцтва, замацаваныя ў дагаворы, будуць жорстка кантралявацца і строга выконвацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. І падкрэсліў, што ў выпадку іх парушэння па віне забудоўшчыка ўсе дадатковыя расходы лягуць на яго. «Плюс забудоўшчык заплаціць дольшчыкам істотны штраф», — дадаў ён.

 

ПАТРАБАВАЦЬ, КАБ БЕЛАРУСЬ АДВЯРНУЛАСЯ АД РАСІІ, КОНТРПРАДУКЦЫЙНА

«З брацкай Расіяй нас звязваюць саюзніцкія адносіны, у нас адсутнічаюць якія-небудзь палітычныя рознагалоссі. Мы выходзім на вельмі высокі ўзровень двухбаковага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржывы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што адносіны з суседзямі з’яўляюцца прыярытэтам Беларусі. «І пры гэтым яшчэ раз шчыра, вельмі сумленна хачу сказаць для Еўрасаюза, Злучаных Штатаў і іншых: ведучы з вамі перагаворы, мы ні ў якім разе не будзем зыходзіць з таго — мы з вамі або з Расіяй. У нас няма такога выбару і быць не можа!» — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Расія, рускі народ і беларусы — гэта адзінае цэлае. Гэта адно дрэва. Мы, зразумела, не можам быць без Расіі, як і Расія не можа кінуць пад нагу камусьці беларусаў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Ніхто не здольны парушыць гэты святы закон — ні Лукашэнка, ні Пуцін, ні Мядзведзеў, ні нехта іншы! Гэта зразумела. І патрабаваць ад нас, каб мы павярнуліся пэўнай часткай да Расіі, — контрпрадукцыйна. Гэтага ніколі не будзе!» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«І калі нехта гэтага будзе патрабаваць ад нас, лепш не садзіцеся з намі за стол перагавораў», — дадаў ён.

 

АБ  ВІЗАВЫМ РЭЖЫМЕ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці яму прапановы па спрашчэнню або адмене візавага рэжыму з шэрагам краін. «У нашых інтарэсах максімальна аблягчыць нашым партнёрам умовы для работы з Беларуссю. А гэта візавы рэжым», — адзначыў Прэзідэнт.

 

АБ НОРМАХ ПРАЕКТАВАННЯ ПА ШЧЫЛЬНАСЦІ ЗАБУДОВЫ І КОЛЬКАСЦІ ПАРКОВАЧНЫХ МЕСЦ

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада, мясцовых органаў улады перагледзець існуючыя нормы праектавання як па шчыльнасці забудовы, так і па колькасці парковачных месц.

«Жыллё ў нашай краіне павінна быць не толькі даступным, але і зручным. І сёння гэтыя пытанні ад грамадзян гучаць усё больш востра. Перш за ўсё людзі скардзяцца на адсутнасць парковак, праславутае ўшчыльненне забудовы. Дарэчы, гэтыя два пытанні ўзаемазвязаны паміж сабой, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так, недзе трэба і ўшчыльняцца, недзе трэба і паркоўкі будаваць, але толькі ў інтарэсах людзей і дзяржавы, а не таго, хто сёння прыйдзе і вам прапануе нейкі праект».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Абавязкова трэба ўлезці да людзей, каб яны раззлаваныя хадзілі? Няўжо зямлі ў краіне мала і ў Мінску ў межах кальцавой дарогі для таго, каб будаваць гэтыя паркоўкі і будаваць жыллё. Дастаткова. На ўшчыльненне ісці толькі ў крайнім выпадку. Наконт гэтага таксама прынята адпаведнае рашэнне».

Прэзідэнт лічыць, што ў краіне трэба больш энергічна будаваць шматузроўневыя і падземныя паркінгі. Акрамя таго, неабходна прыняць дадатковыя меры па пашырэнню пляцовак для часовай паркоўкі легкавых аўтамабіляў на прысядзібных тэрыторыях жылых дамоў.

 

У БЕЛАРУСІ НЯМА І НЕ МОЖА БЫЦЬ ПАДСТАЎ ДЛЯ РОСТУ ЦЭН

«Ураду, Нацыянальнаму банку і мясцовым органам улады выказана маё строгае патрабаванне — ажыццяўляць цэнавае рэгуляванне больш эфектыўна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сёння ў Беларусі няма і быць не можа падстаў для росту цэн. Любыя факты іх павышэння звыш прагнознага ўзроўню, асабліва на спажывецкія тавары, павінны быць прадметам неадкладнага разбору».

Паводле слоў Прэзідэнта, унутраны рынак варта рашуча зачысціць ад усіх, хто спрабуе нажыцца за кошт звышпрыбытку, карыстаючыся сваім дамінуючым і не толькі дамінуючым становішчам.

Таксама неабходна сачыць за цэнамі ў ЖКГ. Трэба ўзяць на кантроль каштарысы затрат літаральна кожнай структуры ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, электраэнергетыцы, газавай галіне. Абгрунтаванасць затрат на кожным этапе цэнаўтварэння павінна кантралявацца самым строгім чынам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прэм’ер-міністра, кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: «Міхаіл Уладзіміравіч, красавіцкія даныя сведчаць аб тым, што ў нас усё ж такі сітуацыя з цэнамі больш-менш стабілізавалася. Таму скажу тым, хто, прабачце мяне, вякае: калі Прэзідэнт сказаў, то так і будзе, рана ці позна».

«Прычым рана ці позна будзе — залежыць не толькі ад Мясніковіча, але і ад кожнага чалавека на кожным працоўным месцы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Запрагайцеся і цягніце — тады будзеце багатымі. І кожны вечар, кладучыся спаць, кожны грамадзянін краіны павінен падумаць: а што я зрабіў за гэты дзень, каб заўтра запатрабаваць ад Лукашэнкі вышэйшую зарплату, пенсію або дапамогу, каб заўтра жылося лепш, каб наогул багацейшы быў сам і краіна? Вось калі ты будзеш задаваць сабе гэта пытанне і хоць бы працэнтаў на 50 шчыра адказваць на яго, тады ты мне прэтэнзіі прад’яўляць не будзеш».

 

БЕЛАРУСЬ НЕ ХОЧА СВАРЫЦЦА З ЕС І ЗША, А ХОЧА ДОБРЫХ НАРМАЛЬНЫХ АДНОСІН

«Мы не хочам з вамі сварыцца, мы хочам быць з вамі ў добрых нармальных адносінах», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да ЕС і ЗША.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ніколі не стварала ніякіх праблем і цяжкасцей для суседзяў, асабліва заходніх. «Мы самыя прыстойныя, прабачце за нясціпласць, і надзейныя людзі, якія жывуць у цэнтры Еўропы», — сказаў Прэзідэнт.

«Вялікая колькасць нафтапрадуктаў, нафты ідзе з Усходу на Захад. Вы хоць помніце, што яны ў асноўным ідуць праз Беларусь? Не. Таму што тут ціха і спакойна для вас. Калі здарыцца, не дай бог, нейкая дробязная аварыя, на працягу некалькіх гадзін яна ліквідуецца. Вы ўжо заўтра з уводам другога калектара Ямал-Еўропа будзеце атрымліваць яшчэ больш, больш за палавіну, прыроднага газу праз Беларусь. Вы калі-небудзь нас абвінавачвалі ў тым, што мы нядобрасумленна выконваем гэтыя функцыі? Добрасумленна выконваем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вы ездзіце туды-назад мільёны, сотні мільёнаў разоў за год. Вы хіба якія-небудзь нязручнасці адчувалі на тэрыторыі Беларусі? Не! — прадоўжыў Прэзідэнт. — Міграцыйныя патокі, уранавыя, розныя атамныя тэхналогіі і іншыя шкодныя рэчывы, наркотыкі, якія мы затрымліваем кілаграмамі і тонамі на сваёй граніцы… Змагаемся мы ў чыіх інтарэсах? У вашых!»

«І гэта ўжо добры парадак дня для пачатку нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам і Штатамі», — лічыць беларускі лідар.

«Але мы ніколі, паўтараю ўжо каторы раз, не пойдзем на тое, каб стаць перад кім-небудзь на калені, згорбіцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.- Не трэба нас душыць. Бо вы пераканаліся: усе гэтыя санкцыі контрпрадуктыўныя». «І не стаўце нас перад выбарам. Наш лёс такі, мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. Вы самі гаворыце, што Беларусь выконвае ролю нейкага сувязнага звяна, моста, калідора паміж Захадам і Усходам. Так ён павінен быць спакойны і бяспечны. Мы вам гарантуем, што ён будзе такім», — заявіў Прэзідэнт.

«І ні на якія рэвалюцыі мы таксама не пойдзем. Больш таго, мы не дапусцім ніякіх рэвалюцый. Мы нікога не будзем душыць, цкаваць, няхай існуе апазіцыя, сапраўдная апазіцыя, няхай змагаюцца на прэзідэнцкіх, парламенцкіх выбарах, але сумленна змагаюцца, не ламаюць, не крышаць, не бамбяць. Будуць бамбіць — атрымаюць па мазгах. Што тут незразумелага?! Мы дзейнічаем гэтак жа, як і вы. Абсалютна гэтак жа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што калі будзе воля з боку ЕС і ЗША, Беларусь свой шлях пройдзе вельмі хутка.

(Па матэрыялах БелТА)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *