ПРАЎЛЕННЕ РАЙСПАЖЫЎТАВАРЫСТВА ТРЫМАЛА СПРАВАЗДАЧУ АБ СВАЁЙ РАБОЦЕ

Официально

Было гэта на агульным сходзе ўпаўнаважаных, які з’яўляецца вышэйшым кіруючым органам спажывецкай кааперацыі. Яны прадстаўлялі больш як 9 тысяч пайшчыкаў раёна.

У справаздачы старшыня праўлення таварыства Сяргей Веракса праінфармаваў аб зробленым за мінулы год па абслугоўванню насельніцтва, выкананні праграмы развіцця спажывецкай кааперацыі, акрэсліў задачы па ўмацаванню яе фінансавага стану, далейшаму развіццю і ўдасканаленню дзейнасці райспажыўтаварыства.

Па словах выступоўцы, работа ўсіх структурных падраздзяленняў была накіравана на садзеянне дзяржаўнаму курсу паляпшэння жыццядзейнасці вяскоўцаў.  Пераважная большасць — 56 кааператыўных магазінаў з 92 — знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Гандлёвым абслугоўваннем забяспечаны 49 вёсак з колькасцю насельніцтва да дзесяці чалавек, а таксама 129 вёсак, дзе няма стацыянарных магазінаў. У іх жыве звыш двух тысяч чалавек. Тавары туды дастаўляюць не менш двух разоў на тыдзень аўтамагазінамі. Праз іх жыхары маюць  магчымасць падаць папярэднія заяўкі на тавары, у якіх яны маюць патрэбу. Як зазначыў старшыня праўлення, з фінансавага погляду дастаўка тавараў аўтамагазінамі не надта прыбытковы від дзейнасці. Але спажывецкае таварыства робіць гэта, выконваючы такім чынам патрэбную людзям сацыяльную функцыю.

Усяго за мінулы год насельніцтву прададзена тавараў на 160,9 мільярда рублёў. На 4,6 працэнта забяспечана павелічэнне аб’ёмаў продажу ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года. Атрымана 935 мільёнаў рублёў прыбытку.

Са справаздачы вынікае, што паслядоўна праводзілася работа па павышэнню якасці і пашырэнню асартыменту вырабляемай прадукцыі, удасканаленню арганізацыі закупу прадукцыі ў сельгасвытворцаў, аказанню паслуг насельніцтву, укараненню энергазберагаючых тэхналогій, развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Па метаду поўнага самаабслугоўвання працуюць 89,1 працэнта каааператыўных магазінаў, без выхадных дзён — 95 працэнтаў ад іх агульнай колькасці, больш як 60 працэнтаў — без абедзеных перапынкаў. Насельніцтва набыло на 2,6 мільярда рублёў тавараў у крэдыт. 96,1 працэнта тавараў, якія рэалізуюцца раённым спажывецкім таварыствам, вырабляюцца ў Беларусі. Пры прагнозе 102,5 працэнта выкананы на 103,5 працэнта рознічны тавараабарот грамадскага харчавання і склаў 12,2 мільярда рублёў. Выраблена і рэалізавана на 8,7 мільярда рублёў уласнай прадукцыі. Забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў па аказанню платных паслуг насельніцтву, зніжэнню ўзроўню затрат на вытворчасць прадукцыі, па рэнтабельнасці продажу, валавым дабаўленым кошце, па аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал, скарачэнню энергаспажывання. Зэканомлена 42 тоны ўмоўнага паліва. Закуплена на 12,9 мільярда рублёў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, у тым ліку больш як на 6,6 мільярда рублёў — у насельніцтва. 4 мільярды 198 мільёнаў рублёў скарыстана на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Аднак, як самакрытычна канстатаваў выступоўца, праўленню не ўдалося ў поўнай меры забяспечыць дынамічнае развіццё сістэмы спажывецкай кааперацыі. Аналізуючы гэтую праблему адносна дзейнасці кожнай галіны кааператыўнага гаспадарання, прафесійнага ўзроўню кадраў, заработнай платы, Сяргей Веракса паведаміў удзельнікам сходу, якія праўленне мае намер прымаць захады для ўзнаўлення  страчаных пазіцый гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў раённым цэнтры і Смілавічах.

У абмеркаванні справаздачы праўлення і рэвізійнай камісіі, аб дзейнасці якой  далажыў яе старшыня Мікалай Стахевіч, узялі ўдзел дзевяць чалавек. У іх ліку намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы, начальнік аддзела эканомікі Алена Шлома, выконваючая абавязкі намесніка старшыні праўлення абласнога спажывецкага таварыства Ірына Гудзіліна, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі, член праўлення  Белкаапсаюза Уладзімір Комса. Яны падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт удасканалення работы спажывецкай кааперацыі ва ўмовах узрастаючай канкурэнцыі з прыватным гандлем.

Работа праўлення і рэвізійнай камісіі за мінулы год прызнана здавальняючай. Выказаныя на сходзе прапановы і заўвагі даручана ўнесці ў мерапрыемствы па іх ажыццяўленню.  Прыняты да выканання наказы, якія выказалі пайшчыкі падчас справаздачнай кампаніі.

 

А.Ружын

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *