БЫВАЙ, ЗІМА! ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ВЯСНА!

Общество

Шматлюдна было 9 сакавіка ў Смілавічах ля пасялковага грамадскага цэнтра культуры і адпачынку . Сюды завіталі цэлымі сем’ямі, прыйшло шмат моладзі. Вуліца Горкага стала пешаходнай. Жыхары пасёлка развітваліся з Зімой і віталі Вясну. Уздоўж вуліцы размясціліся шматлікія гандлёвыя кропкі, гучала музыка.

Свята Вясны адкрыла старшыня пасялковага Савета дэпутатаў Ірына Пятроўна Марціновіч. Шмат намаганняў прыклала яна асабіста, каб гэтае мерапрыемства адбылося. На ўдзел у ім былі закліканы мясцовыя арганізацыі.

Нават прырода спрыяла смілаўчанам і гасцям пасёлка. Дзень выдаўся хоць крыху і халаднаватым, але ясным і лагодным. Са сцэны гучалі песні самадзейных смілавіцкіх артыстаў. На пляцоўцы перад ёй ладзіліся розныя гульні, як было гэта даўней.

Выкладчык Смілавіцкага каледжа Любамір Феліксавіч Філіповіч выканаў некалькі папулярных песняў. Потым на гармоніку на вуліцы “запальваў” удзельнікаў свята. Вельмі прыязна ўспрымаліся народныя мелодыі.

Ад паху шашлыкоў цяклі слюнкі — ногі самі скіроўваліся да мангалаў. Аматары маглі пакаштаваць напой карамболь, прыгатаваны па колішніх беларускіх рэцэптах. На любы густ выпякаліся бліны. Але адметна яны вызначаліся ў жанчын-прыгажунь Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа — з мёдам, з мядовым напоем. Жадаючыя маглі набыць для сябе слоічак мёду. У прыватнасці, гэта зрабіў Аляксандр Ільіч Каленік — купіў карысны салодкі сюрпрыз для жонкі Таццяны Аляксееўны.

Усяго і не пералічыць, чым гандлявалі. Былі патрэбныя тавары для дарослых і цацкі дзецям.

Удзельнікі свята дакрануліся да нацыянальных традыцый, духоўных вытокаў, атрымалі зарад бадзёрасці. Дарэчы, такое ўдалае масавае мерапрыемства ўжо не першае тут.

Сумесна са смілаўчанамі радавалася на свяце старшыня Чэрвеньскага раённагна Савета дэпутатаў Валянціна Браніславаўна Тарасік. І я там быў, блін еў і карамболь піў.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *