Пры карыстанні электраэнергіяй

Общество

Алена ЗАДОРА,

інжынер РУП “Мінскэнерга” філіяла “Барысаўэлектрасеткі”:

— Прынята лічыць, што  15-20 працэнтаў спажываемай у побыце электраэнергіі  страчваецца з-за марнатраўства. Часта ў пустуючых памяшканнях гараць электрычныя лямпы,  бязмэтава працуюць канфоркі электрычных пліт, свецяцца экраны тэлевізараў…

Лёгкая даступнасць электраэнергіі стварыла ў некаторых людзей меркаванне аб невычэрпных  яе рэсурсах,  прытупіла пачуццё неабходнасці  эканоміі.

Між тым, электраэнергія даражэе.  І таму  пастаўленыя ў Год беражлівасці мэты набываюць асаблівую актуальнасць.

Паглядзім, як жа можна зэканоміць спажыванне электраэнергіі. Напрыклад, пры карыстанні электрычнымі прыборамі. Найбольш энергаёмкі — халадзільнік, паколькі пастаянна ўключаны ў сетку. Яго рэкамендуецца ставіць у самае прахалоднае месца кухні  (ні ў якім разе ля батарыі ці  пліты).  Чым ніжэй  тэмпература  цеплаабменніка,  тым  больш эфектыўна ён працуе і радзей уключаецца.  Ледзяная «шуба», якая нарастае на выпаральніку, таксама вымушае ўключацца часцей і працаваць кожны раз даўжэй. Каб вільгаць з прадуктаў не намярзала  на выпаральнікі, трэба захоўваць  у пакетах, спецыяльных ёмкасцях, шчыльна закрытых накрыўкамі.  А калі рэгулярна адтайваць і прасушваць халадзільнік, можна зрабіць яго больш эканамічным.

Пры выкарыстанні пральных машын неабходна памятаць, што яны разлічаны на аднаразовую загрузку сухой  бялізны пэўнай масы і, калі дабавіць дадаткова кілаграм, матору цяжка будзе працаваць, якасць мыцця бялізны пагоршыцца. Не думайце, што, загрузіўшы бак напалову, можна дабіцца эканоміі энергіі.  Палова магутнасці машыны  пойдзе на тое, каб ганяць ваду дарэмна.

Даволі значная магутнасць праса. Каб дабіцца эканоміі, бялізна павінна быць крыху вільготнай, бо перасушаная альбо надта мокрая патрабуе большай затраты энергіі.

Для эфектыўнай работы пыласоса вялікае значэнне мае добрая ачыстка пылазборніка. Напоўненыя пылам фільтры памяншаюць цягу паветра.

Цяпер пра рацыянальнае асвятленне пакояў. Яно складаецца з натуральнага і штучнага. Для паляпшэння натуральнага асвятлення памяшкання рэкамендуецца рабіць аздабленне столі і сценаў светлых колераў. Страчваецца святло і з-за брудных шкляных шыбаў. Запыленыя, яны могуць паглынаць да 30 працэнтаў святла. Наяўнасць вялікай колькасці хімічных прэпаратаў дазваляе гаспадыні без цяжкасцей утрымліваць вокны ў чысціні.

Штучнае асвятленне ствараецца электрычнымі свяцільнікамі. Беларускія вытворцы наладзілі выпуск да іх энергазберагальных лямпачак  розных мадэляў і рознай магутнасці,  з вузкім і шырокім цокалем, у форме спіралі і U-падобныя, цёплага і халоднага колераў асвятлення.

Айчынныя каштуюць танней у параўнанні з замежнымі аналагамі. Энергазберагальныя лямпачкі   спажываюць менш электрычнасці і служаць даўжэй. Важна памятаць, што лепш выкарыстоўваць адну лямпачку большай магутнасці, чым некалькі менш магутных.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *