НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. СТУДЗЕНЬ

Духовность

Кожны народ спрадвеку веў свой каляндар, у якiм з пакалення ў пакаленне перадавалiся мудрасць, веды, вопыт жыццёвых назiранняў. Мелi такi каляндар i беларусы. Багацейшы духоўны свет нашых продкаў, iх надзвычайны талент, яскравая фантазiя, гумар адбiлiся ў абрадах i звычаях, гульнях i песнях, прыкметах i павер’ях. Беларускi працаўнiк прымаў у памяцi шматлiкiя парады i забароны, выказаныя вобразным словам. Ён добра ведаў, калi можна весялiцца, а калi ўстрымлiвацца ад забаў, калi можна брацца за тую цi iншую працу, а калi наадварот,  адкласцi яе, каб не нашкодзiць сабе i блiзкiм.

Слова “каляндар” паходзiць ад старажытнарымскага “календы” (“calendae”), што азначала: першыя чыслы кожнага месяца (днi маладзiка). Назва СТУДЗЕНЬ сведчыць пра сцюдзёны характар месяца. Продкі казалі: «Студзень — году пачатак, зіме — сярэдзіна». Нярэдка па народных прыкметах год падзялялі на дзве роўныя часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая — з 1 ліпеня. Заўважаючы асаблівасці надвор`я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор`е ў адпаведны дзень другой паловы года. Па студзеню мяркавалі пра будучую вясну:»Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік». І пра лета — «Студзень мяце — ліпень залье». Па характару першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі: «Студзень пагодны — год будзе плодны». Гнілое надвор`е на пачатку года не абяцала ўцехі чалавеку: «Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы».

6 студзеня. У каталікоў свята “Тры Каралі”. Гэта народная назва, тэалагічная — Аб’яўленне Пана. Урачыстасць звязана з падзеяй, апiсанай у Евангеллi паводле Мацвея: пакланенне мудрацоў Дзiцятку Езусу. Гэтым яны моцна напалохалi цара Iрада, якi бачыў у iх прадказаннi найперш з’яўленне прэтэндэнта на царскую пасаду.  Найважнейшы сэнс свята Трох Каралёў у тым, што Хрыстус ад самага пачатку свайго зямнога жыцця аб’явiўся як Збаўца ўсяго свету, а не толькi аднаго народу, як меркавалi старазапаветныя габрэi, якія чакалi Месiю.

7 студзеня. У праваслаўных — Ражство Хрыстова.  3 гэтага ж дня, вечарам, пачыналі хадзіць калядоўшчыкі з абрадамі слаўлення і добрых зычэнняў гаспадарам і членам іх сямей. 3 незапамятных часоў такім хаджэнням надаецца магічны сэнс. Нашы продкі меркавалі, што падобнымі рытуаламі можна заручыцца падтрымкай Багоў на ўвесь будучы год. Калядоўшчыкі як бы выконвалі функцыянальную ролю пасрэднікаў паміж Богам і чалавекам. Услаўляючы таго ці іншана гаспадара, яны зычылі яму багацця, здароўя і дабрабыту. Усякі гаспадар імкнуўся шчодра надзяліць спевакоў за такія песні-зычэнні. Магчыма, што ў язычніцкія часы падарункі, якімі надзялялі гаспадары калядоўшчыкаў, у першую чаргу адрасаваліся вярхоўным і родавым боствам і Добрым Духам, і частку такіх ахвярапрынашэнняў тыя адносілі да месц пакланення Сварогу, Даждзьбогу, Перуну, Вялесу, Роду і іншым язычніцкім Багам.

Паўсямесна калядоўшчыкі вадзілі з сабою “казу”. Лічылася, што з дапамогай гэтай жывёлы можна выгнаць са двара “нячысцікаў”, а таксама разлічваць у наступным годзе на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і плённы здабытак ураджаю з сялянскай нівы, бо, як спяваецца ў песнях калядоўшчыкаў, “дзе каза ходзіць — там жыта родзіць, дзе каза хвастом — там жыта кустом, дзе каза нагой — там жыта капой, а дзе каза топ-топ — там жыта сем коп”.

14 студзеня. Стары Новы год. Васілле. У навагодніх павер`ях адчуваецца прысутнасць магіі «першага дня». Хто з хатніх жыхароў у самы першы дзень года апярэдзіць астатніх, прынясе са студні вады і ўмыецца — на працягу года будзе рухавы і бадзёры. Калі снег на Новы год падаў з самага ранку, то і зіма прадбачылася снежная. Калі вецер дзьме з усходу — трэба было чакаць гарачага і сухога лета, калі з поўдня — умеранага, заходні вецер абяцаў мокрае лета, паўночны — халоднае, з градам.

19 студзеня.  Вадохрышча — апошняе свята каляндарнага цыкла: «Святое Хрышчэнне і Калядам прашчэнне». У гэты дзень, згодна з праваслаўным календаром, святкавалася хрышчэнне Ісуса Хрыста, асвячалася вада. Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі выпіць хвораму, ёю апрысквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы. Хрышчэнскай вадою асвячалі поле перад сяўбою.  На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова паварочвалася на лета. У народзе казалі: «Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы — не к Ражству, а к Пятру». Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор`я:»На Вадохрышчы вельмі сцюдзёна — у жніво вельмі горача».

20 студзеня. Адзначалася памяць Іаана Хрысціцеля.

Паводле інтэрннэт-сайтаў.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *