«ДЛЯ МЯНЕ ГАЛОЎНАЕ – СЯМ’Я І ЛЮДЗІ, ШТО ЖЫВУЦЬ ПОБАЧ…”

Общество

Любоў ДЖАФАРАВА:

Наведваючы цэнтральную раённую бібліятэку, штораз любуюся вялікімі плакатамі — вокладкамі кніг, якія нагадваюць пра юбілей таго ці іншага выдання беларускай альбо рускай класікі. І толькі параўнальна нядаўна даведалася, што іх намалявала колішні бібліятэкар Хутарскай сельскай бібліятэкі, сённяшні — Чэрвеньскай дзіцячай Любоў Анатольеўна Джафарава. Вырашаю пагутарыць з ёй — і столькі адметнага даведваюся! Аказваецца, яна ў дзяцінстве марыла стаць мастачкай, вучылася на рэстаўратара архітэктурных элементаў у Піцеры, скончыла вучылішча па спецыяльнасці «дэкаратар-афарміцель», аформіла цэнтральны ўнівермаг горада Гянджы, што ў Азербайджане, распісвала вадкім золатам фарфор на заводзе… А па прыездзе ў Беларусь расіянка-гараджанка асвоіла… працу дыспетчара ў сельскагаспадарчай арганізацыі, многія віды вясковых работ і, у рэшце рэшт, бібліятэкарскую справу, атрымаўшы адпаведную вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры.tc «Наведваючы цэнтральную раённую бібліятэку, штораз любуюся вялікімі плакатамі — вокладкамі кніг, якія нагадваюць пра юбілей таго ці іншага выдання беларускай альбо рускай класікі. І толькі параўнальна нядаўна даведалася, што іх намалявала колішні бібліятэкар Хутарскай сельскай бібліятэкі, сённяшні — Чэрвеньскай дзіцячай Любоў Анатольеўна Джафарава. Вырашаю пагутарыць з ёй — і столькі адметнага даведваюся! Аказваецца, яна ў дзяцінстве марыла стаць мастачкай, вучылася на рэстаўратара архітэктурных элементаў у Піцеры, скончыла вучылішча па спецыяльнасці \»дэкаратар-афарміцель\», аформіла цэнтральны ўнівермаг горада Гянджы, што ў Азербайджане, распісвала вадкім золатам фарфор на заводзе… А па прыездзе ў Беларусь расіянка-гараджанка асвоіла… працу дыспетчара ў сельскагаспадарчай арганізацыі, многія віды вясковых работ і, у рэшце рэшт, бібліятэкарскую справу, атрымаўшы адпаведную вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры.»

Актыўнасцю Любові Джафаравай, яе цягай да ўсяго новага, умельствам і талентам можна захапляцца бясконца! Да вашай увагі, шаноўныя чытачы, інтэрв’ю з няўрымслівай жанчынай, у якой атрымліваецца мяняць уласны лёс па свайму жаданню…

— Любоў Анатольеўна, адкуль Вы родам?

— Я з Ленінградскай вобласці, з горада, які даўней называўся Петракрэпасцю, а цяпер — Шлісербургам. І вось што дзіўна… Я тады нават і не ведала пра існаванне старажытнага Ігумена, сучаснага Чэрвеня, у якім зараз жыву. А ён жа звязаны са Шлісербургам. У тамтэйшай крэпасці сядзеў ураджэнец Ігуменскага павета, вынаходнік падводнага карабля Казімір Чарноўскі. Вось такая дзіўная повязь.

— А  кім Вы хацелі стаць у дзяцінстве?

— Марыла — мастаком, бо малявала несупынна! У мастацкай школе не вучылася, але атрымлівалася добра. У мяне і абодва старэйшыя браты выдатна малявалі, займаліся інкрустацыяй. Мусіць, пад уплывам архітэктурна-мастацкіх багаццяў Піцера… Бацькі развівалі нашы здольнасці, кругагляд, цэлыя сямейныя вечары ладзілі. Вось я спачатку і паступіла ў Піцеры на рэстаўратара архітэктурных элементаў. Але па стану здароўя  давялося з Піцера выехаць. Я не закончыла сваю вучобу там, пераехала ў сярэднюю паласу Расіі, дзе ў вучылішча мяне ўзялі без экзаменаў — на дэкаратара-афарміцеля.

— І куды пасля яго заканчэння ўладкаваліся на працу?

— У горадзе Сафонава было закрытае прадпрыемства, куды з групы ўзялі толькі мяне і яшчэ аднаго хлопца. Ён, між іншым, у нас на вяселлі быў шаферам. Зараз жыве ў Варонежы, і мы перапісваемся на «Аднакласніках» (усміхаецца). У нас была вялікая майстэрня. Плакаты там рабілі шрыфтавыя, дзіцячыя садкі афармлялі, і ўвогуле — увесь горад. Пасля я замуж выйшла — за азербайджанца, пераехалі ў яго родную краіну, у цёплы клімат. Там я працавала ў аддзеле афармлення горада. Нават цэнтральны ўнівермаг горада Гянджы афармляла. Для мастакоў, якія займаліся мазаікай, рабіла эскізы. Затым даведалася, што на фарфоравым заводзе адчынілі эксперыментальны цэх, куды набіралі моладзь з добрай адукацыяй — для ручнога роспісу посуду на экспарт. Туды цяжка было трапіць, але я пайшла да дырэктара завода і прапанавала свае паслугі. Як аказалася, ён закончыў Мухінскае вучылішча народных промыслаў у Піцеры. І калі даведаўся, адкуль я родам, прыняў без пытанняў. На тым заводзе я працавала год жывапісцам, вельмі падабалася.

— А ўзоры былі складанымі?

— Вельмі, усходнія. Такія тонкія, прыгожыя… Працавалі мы вадкім золатам. Стэкамі, пэндзлямі… Мазкі ўсе адпрацоўвалі…

— А дома шмат свайго посуду было?

— А мне гэтага неяк і не хацелася. Я люблю посуд, але такі… Скажам, натуральны кітайскі фарфор. Прыгадваю, як у печы рабілі апошні абпал нашых вырабаў. Там тысяча градусаў. На дне посуду ставіўся нумарны знак. І калі мой паднос выходзіў з печы, яго ўжо чакалі і… разбіралі (смяецца). Для мяне гэта была лепшая пахвала… Я там мела шмат сябровак — і азербайджанак, і армянак. Суседзі — і ўвогуле армяна-азербайджанская сям’я. А пасля пачалося распальванне міжусобіцы паміж армянамі і азербайджанцамі. Было жахліва за ўсім гэтым назіраць па тэлебачанні. Народ у большасці сваёй не дужа адукаваны, але па крыві гарачы, таму лёгка паддаваўся на правакацыі. І калі пачаліся ўжо разбоі, мы зразумелі, што трэба з’язджаць.

— Гэта які быў год?

— 1986-1987-ы, здаецца. У 1988-ым мы пачалі ўжо збірацца выязджаць. Думалі з мужам — куды. Хаця я напачатку і не хацела. Нават нягледзячы на тое, што ўсе рускія ўжо выехалі. А там жа было шмат ваенных гарадкоў, і мы ў такім жылі. Мне падабалася. Ездзілі ў вёску, да бацькоў мужа. Яго бацькі — цудоўныя. Тата — цясляр. Зараз ён старэнькі. Дай Бог яму  і свекрыві здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Дык вось пачалі думаць, куды нам. Назад у Піцер? З маім здароўем я б доўга там не вытрымала. Сказала мужу: «Вось мы ездзілі з сяброўкамі ў Беларусь. Як яна мне спадабалася”.  Тады і  сказала мужу: «Хачу жыць у вёсцы! Уяўляю сабе: лес, рака ці возера… І каб менш людзей было, мітусні…» Я ад гэтага, відаць, стамілася, хаця ж і маладая была. Адзін з маіх братоў параіў, каб муж паехаў у Белаграпрам, дзе дадуць размеркаванне. А муж мой — шафёр, былы ваенны. Зараз — шафёр-міжнароднік, ездзіць па ўсёй Еўропе. Ён паехаў сюды, у Беларусь, а я яшчэ там засталася, з яго раднёй. Яму прапанавалі на выбар Чэрвень ці Старыя Дарогі. А ў Чэрвені — Хутар і яшчэ адну вёску. Ён паехаў у Хутар, дзе працаваў Аляксандр Міхайлавіч Пікулік. Хутар тады славіўся, уся інфраструктура развітая. Пасяліўся муж у Ведрыцы ў бабулі на кватэры. Побач з возерам, вакол лес… І я атрымала ад яго ліст: маўляў, знайшоў, як ты марыла. Тады я і прыехала сюды. Вядома, была ўражана. Але нават і гэта мяне не спужала: кастрычнік, шэрань вакол, а мы… са студні ўмываемся. У адным пакоі з бабуляй жывём, а ўсё адно добра (смяецца)… Пасля далі нам інтэрнат, затым — кватэрку маленькую. І мы адтуль нікуды не хацелі пераязджаць. Людзі цудоўныя вакол…

— І Вы адразу куды ўладкаваліся на працу?

— У саўгас. Пікулік узяў мяне дыспетчарам. А вучыў усяму галоўны дыспетчар Антон Аляксандравіч Шпілеўскі. Спачатку на месцы ўсё асвойвала, а пасля — на курсах, куды затым накіравалі . Анатоль Паўлавіч Навадран быў тады старшынёй Хутарскага сельвыканкама. І вельмі хацеў, каб я ў яго працавала — у культуры, у школе. Але я ўпарта адмаўлялася! Лезла буракі палоць, лён падымаць… Мне ўсё было цікава…

— І гэта пасля Вашага высокага мастацкага промыслу!..

— Вось мне так захацелася. І ў кожнай справе я знаходзіла задавальненне. Кватэрку сама рамантавала, у агародзе позна сядзела, з лесу ў сезон не вылазіла…

— І ўсё для Вас было новым…

— Так. Я люблю ўсё новае. Берагу тое, што назапашана, рэчы захоўваю — ёсць ува мне штосьці такое… архівісцкае (смяецца)… І ў той жа час люблю навізну. А пасля атрымалася так. Бібліятэкарка хутарская пайшла ў дэкрэт. А для маладога спецыяліста трэба было вызваліць пасаду дыспетчара. І мяне ўпрасілі. Хаця мне вельмі падабалася праца дыспетчара. Але згадзілася і пайшла ў бібліятэку. У Хутары зрабілі капітальны рамонт у клубе. Якраз на Новы год, з 1989-га на 1990-ы, я туды перайшла, прыняла бібліятэку. І пасля мяне ўжо не хацелі адпускаць. У школу запрасілі таксама. Мая добрая сяброўка Любоў Міцкевіч прапанавала, каб я працавала ад Чэрвеньскага Дома дзіцячай творчасці. Дзеці проста ліплі да мяне… Зараз ім гадоў па трыццаць ужо, усе са мной сябруюць у «Аднакласніках» (смяецца). Яны нават прасілі, каб я ў іх класным кіраўніком была. Тады дырэктарам працавала Софія Барысаўна Кайрыс. Яна прапаноўвала мне перайсці ў школу. Казала: «Ты створана для школы, для дзяцей!» Але я не згадзілася… Прыехалі мы сюды, у Чэрвеньскі Дом дзіцячай творчасці. І яго дырэктар Сяргей Якаўлевіч Варанько аформіў мяне на працу па сумяшчальніцтве. У клубе выдзелілі для мяне памяшканне. Саўгас дапамагаў: сталы выдзялялі, будматэрыялы. У мяне была свая студыя выяўленчага мастацтва. Мы з дзецьмі малявалі, арганізавалі лялечны тэатр… Мы толькі чатыры гады як пераехалі ў Чэрвень, а так усё — там…

— Дзяцей да Вас многа прыходзіла?

— Так, асабліва напачатку. Такія цікавыя. Вельмі добрыя, таленавітыя. Мы ўдзельнічалі нават у маладзечанскай выставе дзіцячых малюнкаў на тэму міласэрнасці, атрымалі прызавое месца. Прыемна, што мае выхаванцы ў дарослым жыцці знайшлі сябе, нават хлопцы. Студыя выяўленчага мастацтва і лялечны тэатр былі непарыўна звязаны. Калі нараджаліся ідэі, мы самі рабілі лялькі, стваралі дэкарацыі. І ўсё гэта адбывалася ў бібліятэцы. Тут жа бралі кнігі…

— Любоў Анатольеўна, апрача малявання, мастацкага роспісу, чым яшчэ Вы асабіста займаецеся?

— Мэблю сама ўмею рабіць. Мы з мужам нават першую «сценку» зрабілі ўласнымі рукамі — па майму эскізу.  Калі вяла заняткі ў студыі, мы ўсё спрабавалі з дзецьмі: саломапляценне, саломку, аплікацыю… Яшчэ ўмею плесці з лазы кашы.

— Затым Вы вырашылі працягнуць сваю дзейнасць ужо ў Чэрвеньскай дзіцячай бібліятэцы. І маляваць не кінулі. Вось гэтыя вокладкі кніг у цэнтральнай раённай бібліятэцы…

— Я тады па сумяшчальніцтве працавала мастаком-афарміцелем бібліятэчнай сістэмы. Увесь раён афармляла, сельскія бібліятэкі. Цягала ў руках шыльды і ўсё такое з Хутара ў Чэрвень, а з Чэрвеня — у Хутар… І чытальная зала, і дзіцячая бібліятэка — усё гэта афармленне яшчэ з тых часоў. А праз столькі гадоў ізноў прапанавалі — на палову стаўкі. Альбомы прыносяць-прывозяць сельскія бібліятэкары, работы стае…

— У Вас — дачка і сын. У іх як-небудзь праявіліся маміны мастацкія здольнасці?

— Не. Хаця Рома ў дзяцінстве быў да ўсяго здольны. Але цяпер у яго на першым месцы — камп’ютар. А вучыцца ён на трэцім курсе тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «лясная гаспадарка». А дачка  яшчэ школьніца.

— Любоў Анатольеўна, што галоўнае ў Вашым жыцці?

— Канешне, сям’я, каб дзеці адчувалі стабільнасць і спакой. Каб муж быў ува мне ўпэўнены.  І яшчэ —  мае сябры, хутаране, а зараз і калегі. Яны ўплывалі на маё станаўленне, адносіліся з клопатам. Вясковыя жанчыны вучылі мяне жыццю і побыту, калегі і сябры — асаблівасцям працы… Калі б не гэтыя іх добразычлівасць, дабрыня, цеплыня, клопат і ўвага, магчыма, я б і не засталася ў Беларусі — адна, без родных…

У дзіцячай бібліятэцы Любоў Джафарава працуе ў чытальнай зале. Разам з іншымі бібліятэкарамі ладзіць шматлікія мерапрыемствы для цікаўных юных наведвальнікаў. І спадзяецца знайсці для сябе яшчэ не адзін новы адмысловы занятак…

Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара і з архіву Любові ДЖАФАРАВАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *