Прэс-канферэнцыя губернатара

Общество

Чарговая выязная прэс-канферэнцыя кіраўніка Мінскай вобласці Сямёна Шапіры для рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ прайшла 23 снежня ў Уздзенскім раёне.

Падчас сустрэчы з журналістамі губернатар адзначыў дынамічнае развіццё Міншчыны: «Ва ўсіх сферах ёсць пазітыўныя вынікі. З кожным годам паляпшаецца матэрыяльная база медыцынскіх устаноў. У бягучым годзе набыты два апараты магнітна-рэзананснай тамаграфіі. У наступным годзе апараты МРТ і ангіяграфіі з’явяцца ў Слуцку і Маладзечна».
Па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту цэнтральны рэгіён у бягучым годзе займае другое месца ў краіне, лідарства — за Брэстчынай. Па выніках дванаццаці месяцаў Сямён Шапіра спрагназаваў выхад Міншчыны на першае месца — з-за росту ў снежні вытворчасці ААТ «Беларуськалій».
Кіраўнік вобласці канстатаваў, што падзенне паказчыкаў прамысловасці спынена, пачаўся рост: вытворчасць прамысловай прадукцыі па выніках года будзе на ўзроўні 102%.
Па словах губернатара, сёлета назіраліся сур’ёзныя зрухі на галоўных інвестыцыйных пляцоўках. Практычна завяршаецца будаўніцтва першага ў Беларусі завода па вытворчасці аўтамабіляў «БелДжы» — у наступным годзе на першым этапе ён будзе выпускаць 60 тыс. аўтамабіляў у год.
Сямён Шапіра звярнуў увагу на пазітыўную дынаміку ў развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, першыя аб’екты якога плануецца ўвесці ў строй у наступным годзе; значнасць стварэння Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, якая распачне рэалізацыю буйнога інвестыцыйнага праекту ў Пухавіцкім раёне з будаўніцтвам высокатэхналагічных прадпрыемстваў — у 2017 годзе больш за $ 200 млн. складуць інвестыцыі Кітая. Актыўна развіваецца праект будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных соляў у Любанскім раёне — яго рэалізацыяй займаецца кампанія «Славкалій».
Губернатар адзначыў добрыя вынікі, якіх дасягнула беларуская фармацэўтыка — яна дала значны прырост аб’ёмаў прадукцыі. Медыцынскія прэпараты, якія вырабляюцца ў Барысаве, Лагойску, Нясвіжы, запатрабаваны ў многіх дзяржавах свету.
Нягледзячы на скарачэнне крэдытавання, захаваліся высокія тэмпы будаўніцтва жылля. Плануецца выхад аб’ёму жыллёвага будаўніцтва на стопрацэнтны паказчык да ўзроўню мінулага года.
У сельскай гаспадарцы — прырост вытворчасці (105-106%). «У цэлым ва ўсіх сферах ідзе рух, застою не назіраецца», — рэзюмаваў губернатар.
На прэс-канферэнцыі журналісты ўзгадалі сёлетнія неспрыяльныя метэаралагічныя з’явы. Моцныя снегапады і шквалістыя вятры падчас студзеньскага цыклона «Даніэла» прынеслі вялікія клопаты жыхарам Старадарожчыны: быў абясточаны ўвесь раён без выключэння, а райцэнтр на суткі застаўся без водазабеспячэння.
«Тады я ўбачыў нізкую эфектыўнасць работы некаторых райвыканкамаў, асабліва Старадарожскага. У Старадарожскім раёне ўжо іншы кіраўнік», — сказаў Сямён Шапіра. — Мы засвоілі ўрокі, зрабілі вынікі. Абавязкова час ад часу неабходна праводзіць вучэнні на выпадак масштабных адключэнняў электраэнергіі».
Што тычыцца другога ўрагану, які ў ліпені пранёсся над Смалявіцкім, Бярэзінскім, Крупскім, Мінскім, Чэрвеньскім раёнамі, ён у большай ступені прынёс шкоду лясам. «Цяпер ідзе актыўная праца, якая будзе працягвацца ўсю зіму: буралом прыбяруць, дзелавую драўніну — адсартуюць. Драўніна, якая згубіла дзелавыя якасці, пойдзе на дровы. Абавязкова будзе выканана лесааднаўленне», — запэўніў губернатар.
На Уздзеншчыне журналісты наведалі шэраг аб’ектаў раёна: азнаёміліся з дзейнасцю закрытага акцыянернага таварыства «Вітэкс», турыстычнага комплексу «Шышкі», Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната і ТАА «Марк Фармэль». Апошняе з’яўляецца асноўным прамысловым прадпрыемствам раёна — удзельная вага прадукцыі арганізацыі ў агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі ў раёне за 11 месяцаў склала 65,8%. Што тычыцца кампаніі «Вітэкс», то сёння яна вядома не толькі як найбуйнейшы вытворца касметыкі (прадпрыемства выпускае больш за 700 найменняў парфюмерна-касметычнай прадукцыі). У склад таварыства ўваходзіць сельскагаспадарчы комплекс, які за першае паўгоддзе бягучага года дасягнуў лепшага паказчыка па рэспубліцы па надою малака на адну карову. Па выніках 2016 года чакаецца надой малака на карову 10 300 кг. З 2015 года «Вітэкс» распачаў вытворчасць натуральных сокаў і яблычных чыпсаў.
Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *