ЗА ЖЫЦЦЁМ ГЭТАЙ СЯМ’І НАЗІРАЮ З ЗАХАПЛЕННЕМ!

Люди и судьбы

У нашай вёсцы ўжо шмат гадоў жыве сапраўды ўзорная сям’я. Гэта Віктар Сямёнавіч і Ванда Вячаславаўна Кушнеры. Амаль 60 гадоў яны крочаць поплеч. Такі доўгі іх сямейны шлях. Гэта яшчэ моцныя душой і целам людзі. На двары і на сядзібе ў іх — заўсёды парадак.

… У далёкім 1944-ым 17-гадовым юнаком Віктар Кушнер пачаў сваю працоўную дзейнасць у якасці трактарыста. І працаваў нязменна — да выхаду на пенсію. Працоўны яго стаж — больш за 40 гадоў. Ён і зараз не развітваецца са «сталёвым канём», бо мае асабісты трактар на ўласным падворку. Выконвае сельскагаспадарчыя работы на сваім агародзе і па магчымасці дапамагае родзічам і аднавяскоўцам. Віктар Сямёнавіч — паважаны ў вёсцы чалавек. За шматгадовую бездакорную працу мае падзякі і ўзнагароды. Ветэран працы. А яшчэ ён  выхаваў сабе дастойную змену. Яго сын Васіль таксама працуе трактарыстам у ААТ «Лядзенскі» амаль 30 гадоў. Як і бацька, узорны работнік, паважаны ў сваім калектыве, у адміністрацыі гаспадаркі. А яшчэ — выдатны бацька, разам з жонкай Валянцінай выгадаваў і выхаваў чацвёра дзяцей.

А што датычыцца Кушнераў-старэйшых, дык Віктар Сямёнавіч і Ванда Вячаславаўна маюць пяцёра дзяцей. Трэба сказаць, што гэта было зусім нялёгка — падняць на ногі такую іх колькасць. Маці сямейства патрэбна было працаваць. Ільгот, як цяпер, тады не было. І яна рабіла прыбіральшчыцай у канторы, а потым даяркай — да выхаду на пенсію.

Іх сям’я багатая не толькі на дзяцей. У Віктара Сямёнавіча і Ванды Вячаславаўны 15 унукаў. Ёсць і праўнукі. І калі збіраюцца ўсе разам, дык гэта цэлае гаманлівае застолле! За паўсядзённым жыццём шчаслівай сям’і асабіста я назіраю з захапленнем!

Шчыра віншую шаноўных Віктара Сямёнавіча і Ванду Вячаславаўну Кушнераў з надыходзячымі навагоднімі святамі, зычу здароўя, даўгалецця, радасных дзён. Няхай Ваша хата, шаноўныя, заўсёды поўніцца вясёлымі галасамі дзяцей, унукаў, праўнукаў, спевамі родзічаў у кожнае свята.

Рэгіна Васільеўна ШАЛУПЕНКА, в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *