СВЯТА АКЦЯБРАТ

Общество

Дзень 23 лістапада стаў незвычайным для дзесяці другакласнікаў нашай Хутарскай школы. Па-святочнаму апранутыя, з прыўзнятым настроем яны, здавалася, нават пасталелі, сталі больш арганізаванымі і спакойнымі. Інакш і быць не магло, у іх жа свята: прыём у акцябраты!

Старэйшыя сябры-піянеры разам з педагогам-арганізатарам Л.У.Кульман і настаўніцай Н.М.Ждановіч падрыхтавалі для малых цікавую забаўляльную праграму «Падарожжа ў краіну акцябрат». За гадзіну «вандроўкі» другакласнікі зрабілі некалькі «прыпынкаў». Спачатку трапілі ў «Даліну беларусаў», дзе шмат новага даведаліся пра гісторыю нашай краіны, самі адказвалі на пытанні вядучых. Потым была «станцыя» «Мора сяброўства». Тут дзеці гаварылі пра сяброўства, пра тое, якім павінен быць акцябронак і як трэба адносіцца да таварышаў. На прыпынку «Спартландскія горы» ішла гутарка пра здароўе і спорт. На «Музычнай» «станцыі» будучыя акцябраты дэманстравалі свае артыстычныя здольнасці. Потым была «станцыя» «Піянерская». Юныя піянеры распавялі малодшым сябрам пра гісторыю сваёй арганізацыі, правялі экскурсію ў піянерскі пакой.

Заключным прыпынкам быў «Гай памяці». Будучых акцябрат запрасілі ў школьны краязнаўчы музей. Тут дзеці даведаліся пра многіх знакамітых людзей Хутаршчыны, пра гераічны шлях нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Потым загучаў Гімн Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстай абстаноўцы хлопчыкаў і дзяўчынак прынялі ў акцябраты. Піянеры павіншавалі сваіх молодшых сяброў, уручылі ім зорачкі і сувеніры на памяць аб значнай падзеі.

Жыццярадасныя і шчаслівыя, з вясёлым настроем разыходзіліся са школы нашы юныя грамадзяне, будучае нашай вёскі, Чэрвеньшчыны, любімай краіны. Мне здаецца, гэты святочны дзень, які арганізавалі для іх старэйшыя, запомніцца малым назаўсёды. Шчаслівага вам жыццёвага шляху, юныя сябры!

Пётр САКАЎ,

кіраўнік краязнаўчага музея Хутарскай школы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *