ВАВЁРЧЫН БАРАВІК

Общество

Янка ГАЛУБОВІЧ

(абразок)

Сярэдзіна кастрычніка  самы час збору шыпшыны. Вось такою парою кожны год дабіраўся я на  ўзлесак, бо шыпшыны тут — буйной, спелай  —  было так многа, што аж гнуліся ад яе кусты. На гэты раз сонца яшчэ не паднялося і да палавіны неба, а мой ладны рукзак быў паўнюсенькі ягад. Часу хапала. Мне хацелася паблукаць на лесе, можа ўдасца знайсці які-небудзь грыб.

Ля маладых асілкаў-дубоў падаўся ў глыбіню лесу, уважліва прыглядаючыся да зямлі. Але, акрамя некалькіх мухамораў, не сустрэў ніводнага грыба.

Выйшаў на невялікую светлую палянку, на якой расло з дзесятак ёмкіх у камлі старых елак. Шмат разоў на гэтай палянцы, нават у позні час, я знаходзіў баравікі. Дай, думаю, прайдуся туды-сюды цяпер. Не паспеў ступіць некалькі крокаў, як аднекуль узялася вавёрка. Яна шаснула перад самым носам і скокнула на елку, што расла зусім побач. Прымасцілася на ніжняй сухой галінцы і пачала за мной цікаваць. Я таксама прыпыніўся, з захапленнем гледзячы на звярка. Жоўтыя натапыраныя вушкі з чорнымі мяцёлачкамі, вочы-пацеркі блішчаць, як  алмаз. Маленькі пушысты хвосцік нервова ўздрыгвае. Мусіць, не спадабалася вавёрцы маё суседства. Гля- нуў на другую палавіну елкі і зразумеў трывогу вавёркі — знізу і амаль да самага верху на сучках былі развешаны грыбы. Нават лісічак (іх вісела сама болей) не паленавалася назапасіць на зіму працавітая вавёрка.

Каля елкі ўбачыў два вялікія баравікі. Праўда, адзін з іх быў чамусьці без капялюшыка. Але я адразу здагадаўся, што ён стаў здабыткам вавёркі, бо на елцы, дзе сядзеў звярок, ад адных толькі баравікоў я налічыў нанізаных на сучкі ажно трынаццаць сушаных капячлюшыкаў.

Баравік, які пакінула мне  вавёрачка, быў вельмі прыгожы — капялюшык вялікі, чорна-карычневы, а ножка тоўстая, цвёрдая, як першыя маладыя грыбы-дажджавікі пасля спорнага цёплага дажджу.

Дзякуй, тебе, вавёрка, што пакінула мне такі падарунак на развітанне з восенню. Я падаўся крок наперад, але вавёрка цокнула, спрытна скокнула з галінкі на галінку, перабралася на густую рослую елку і знікла з вачэй.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *