НАСТАЎНІК АД БОГА, ПЕДАГОГ ПА ПРЫЗВАННІ…

Общество

«Няма больш годнай і ўдзячнай справы за гэтую — вучыць дзяцей», — так вызначае свае адносіны да працы настаўнік фізікі і астраноміі ДУА «Сярэдняя школа №1 г.п.Смілавічы» Анатоль Канстанцінавіч ШАБУСАЎ.

У 1992 годзе ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.Куляшова. Сярод яго выкладчыкаў былі будучы Міністр адукацыі Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў (геаметрыя) і аўтар падручнікаў па матэматыцы для сярэдніх школ Барыс Дзмітрыевіч Чабатарэўскі (алгебра).

Пасля заканчэння інстытута Анатоль Канстанцінавіч пачаў педагагічную дзейнасць на пасадзе дырэктара Старасельскай СШ Бялыніцкага раёна. У 1998-ым пакінуў кіруючую пасаду і засяродзіўся толькі на працы настаўніка. У СШ №1 г.п.Смілавічы — з 2006 года. Стаж працы — 29 гадоў, кваліфікацыйная катэгорыя — вышэйшая.

Анатоль Шабусаў добра валодае прадметам і методыкай яго выкладання. Да працы ставіцца добрасумленна. Шмат працуе над удасканальваннем свайго педагагічнага майстэрства. З’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізікі і ўнутрышкольнай лабараторыі па інфарматызацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Мае свой сайт, адзін з аўтараў школьнага сайта.

У 2009/2010 навучальным годзе абагульнены вопыт Анатоля Канстанцінавіча Шабусава па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій на ўроках фізікі. На абласным конкурсе «Практычнае выкарыстанне ПК педагогамі Мінскай вобласці» ён атрымаў Дыплом другой ступені. Удзельнічаў у рэспубліканскіх алімпіядах па фізіцы сярод педагагічных устаноў (Дыплом пераможцы ў 1990 г., г.Брэст), у педканферэнцыях педагогаў Магілёўскай і Мінскай абласцей. Друкаваўся ў часопісе «Фізіка: праблемы выкладання». Артыкул «Загадка Нептуна» рэкамендавана для выкарыстання на ўроках астраноміі. Таксама надрукаваны ўрок «Разлік колькасці цяпла пры награванні целаў».

Анатоль Канстанцінавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім абмеркаванні праблемаў адукацыі. Неаднаразова ў «Настаўніцкай газеце» друкаваліся артыкулы па школьных рэформах, увядзенню дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў вучняў.

Яго ўрокі вылучаюцца стараннай падрыхтоўкай і прадуманай арганізацыяй. Ён — педагог па прызванні. Умее знайсці падыход да кожнага вучня, умела прывівае цікавасць да фізікі і астраноміі. Правільна вызначае суаднесенасць адукацыйных, выхаваўчых і развіваючых мэтаў урока, шмат увагі надае дыферэнцыраванаму навучанню.Праводзіць вялікую пазакласную работу па прадмету. Яго вучні бяруць самы актыўны ўдзел у прадметных тыднях, конкурсах, выставах, аглядах.

У выніку комплекснага падыходу да фарміравання пазнавальных інтарэсаў і самастойнай актыўнасці вучняў настаўнік дабіваецца добрых вынікаў. Яго выхаванцы ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах і вучнёўскіх навукова-практычных канферэнцыях. У 2010/2011 навучальным годзе вучаніца 11 класа Таццяна Корзун стала прызёрам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі (Дыплом трэцяй ступені). А разам з Янай Шабусавай атрымала Дыплом другой ступені на 15-й Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ў секцыі фізікі. Дарэчы, Анатоль Канстанцінавіч з’яўляўся кіраўніком каманды Мінскай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы ў 2011 і 2012 гадах.

Вучні пад кіраўніцтвам Анатоля Канстанцінавіча атрымалі 6 дыпломаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі і 6 дыпломаў у інтэрнэт-алімпіядах Мінскай вобласці па гэтых прадметах. Каманда Чэрвеньскага раёна адзначана Дыпломам трэцяй ступені на абласным турніры юных фізікаў.

Для павышэння эфектыўнасці вучэбна-выхаваўчага працэсу Анатоль Шабусаў планамерна выкарыстоўвае магчымасці кабінета, працуе над папаўненнем яго вучэбна-дыдактычным матэрыялам, нагляднымі дапаможнікамі. З’яўляецца кіраўніком рэсурснага цэнтра па фізіцы.

Як класны кіраўнік ён праводзіць вялікую і эфектыўную выхаваўчую работу па фарміраванні ў дзяцей грамадзянскасці, адказнасці, працалюбства. Пастаянна з’ядноўвае вучнёўскі калектыў, арганізоўвае паходы і экскурсіі сумесна з бацькамі вучняў. Усе пазакласныя мерапрыемствы старанна рыхтуе. Яго вылучае разумная патрабавальнасць, веданне псіхалогіі сваіх выхаванцаў, уменне працаваць з калектывам.

Для Анатоля Канстанцінавіча Шабусава характэрны высокі ўзровень самадысцыпліны, арганізатарскія здольнасці, творчы падыход да любой справы, чуласць, ініцыятыўнасць, працалюбства. Ён патрабавальны як да сваіх выхаванцаў, так і да сябе. Заваяваў вялікі аўтарытэт сярод вучняў, калег, родных.

Марына БОРТНІК,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *