Ганарымся! Захапляемся! Шануем!

Общество

Бронзавы прызёр летніх Паралімпійскіх гульняў-2012 па акадэмічнаму веславанню, ураджэнка Смілавічаў Людміла Валчок вярнулася з Лондана на радзіму.

Здаецца, зусім нядаўна гэта было… Сакавік 2006-га… Нацыянальны аэрапорт «Мінск-2″… Мы сустракаем з італьянскага Турына чэмпіёнку і трохразовага сярэбранага прызёра спаборніцтваў па лыжных гонках Людмілу Валчок… Потым быў Пекін-2008, «серабро» летніх Паралімпійскіх гульняў у акадэмічным веславанні. А праз два гады — зімовыя гульні ў Ванкуверы, з якіх наша зямлячка прывезла два залатыя і два бронзавыя медалі…

Урачыстыя сустрэчы славутай спартсменкі сталі традыцыйнымі, але не шараговымі. Чаканне ўсё такое ж радаснае і хвалюючае…

Мы прыехалі ў аэрапорт, каб павіншаваць Людмілу Валчок з заваяваннем бронзавага медаля ў акадэмічным веславанні на летніх Паралімпійскіх гульнях-2012, разам з намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Алай Шахоцька і начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Ігарам Філічонакам. Рэйс з Лондану затрымліваўся на паўгадзіны, але ў кампаніі з мамай Люды Галінай Пятроўнай і маленькай дачушкай спартсменкі Настачкай час праляцеў непрыкметна. Для свайго ўзросту (Настачцы — усяго толькі сем месяцаў) дзяўчынка трымалася на людзях малайчынай: не капрызнічала, не толькі не пужалася тэлекамер і ўспышак фотаапаратаў, але і па-гаспадарску тузала рукамі мікрафоны… Словам, баявое хрышчэнне мамінай славай вытрымала на «выдатна».

— Першыя некалькі дзён Настачка сумавала па маме, а потым прызвычаілася, — распавядае Галіна Пятроўна. — Літаральна на наступны дзень, як Люда паляцела на спаборніцтвы, у малой прарэзаліся два зубкі. А яшчэ наша дзяўчынка навучылася «гуляць у футбол». Я яе трымаю пад пахі, а яна з задавальненнем адбівае ножкамі мяч, які ёй хлопчыкі кідаюць…

…Чакаем Люду. Хвалюемся… Нарэшце, залу прылёту напаўняюць магутныя гукі духавога аркестра, і праз колькі секунд адорвае ўсіх сваёй непаўторнай ўсмешкай Людміла Валчок, якая ў суправаджэнні трэнера Тамары Шыманскай і брата Аляксандра першай з паралімпійцаў з’яўляецца ў  расчыненых дзвярах зоны мытнага дагляду…

Такія хвіліны заўсёды кранальныя, але, бадай, самы шчымлівы момант надыходзіць, калі Люда, не стрымліваючы слёз радасці, прыціскае да сябе Настачку:

— Я так чакала сустрэчы з дачушкай, ноч не магла заснуць, непакоілася: пазнае яна мяне, ці не…

Але нацешыцца Настачкай Людзе адразу не ўдаецца, бо надыходзіць абавязковы для спартыўных зорак яе велічыні час інтэрв’ю для тэлебачання. На пытанні журналістаў наша зямлячка адказвае, як заўсёды, ахвотна, шчыра і эмацыйна:

— Гэты бронзавы медаль, дарэчы, юбілейны, дзясяты па ліку з заваяваных на Паралімпіядах, для мяне, мабыць, самы цяжкі з усіх. Уявіце сабе, якая была барацьба на дыстанцыі за трэцяе месца: у інтэрвал 40 тысячных «ўціснулася» тры лодкі! Я проста нічога не бачыла перад сабой! Адна толькі думка была: памру на дыстанцыі, але медаль не аддам! Бо мы ішлі да яго вельмі доўга і цяжка. У ім — велізарная праца не толькі мая, але і трэнераў, і маёй сям’і, якая, пакуль я трэніравалася і выступала, узяла на сябе ўсе клопаты пра Настачку…

Гэтыя словы спартсменкі патрапілі на многія тэлеканалы, у газеты. А для нашай «раёнкі» ў Людмілы знайшоўся «эксклюзіў». Калі мы ехалі з аэрапорту ў яе дом у вёсцы Заполле, зямлячка распавяла пра тое, як праводзіла ў Лондане вольны ад трэніровак і спаборніцтваў час:

— Старалася часцей выязджаць за межы алімпійскай вёскі. Пабачыла, бадай, усе знакамітыя мясціны Лондана: Букінгемскі палац, Біг Бэн, музей васковых фігур мадам Цюсо, іншыя буйныя музеі. Займела шмат новых сяброў. І нават на дыскатэцы павесялілася!

А колькі гледачоў было на Паралімпіядзе! Нават нам, спартсменам, даводзілася загадзя білеты заказваць, каб паглядзець на спаборніцтвы ў басейне ці на стадыёне…

У Заполлі Люду чакалі ўтульная хатняя абстаноўка і святочна накрыты стол. Тут яе ва ўсіх сэнсах важкі бронзавы медаль па традыцыі паклалі ў кубак з шампанскім. А прыемная місія дэлегацыі з Чэрвеня скончылася ўручэннем Людміле Валчок намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Алай Шахоцька Ганаровай граматы раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміі.

…Бліжэйшым часам наша славутасць збіраецца паехаць на адпачынак. Спартыўныя планы Людмілы таксама вядомыя. Але агучваць іх не наважваюся, каб не сурочыць. Лепш зноў шчыра парадуемся за Люду, калі задуманае спраўдзіцца.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *