Пісьменнікі і паэты Чэрвеньшчыны

Общество

Так называецца перасоўная выстава-расповед раённага краязнаўчага музея. Уяўляе яна сабой падборку матэрыялаў пра літаратуразнаўцаў, паэтаў, пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Ігуменшчыне-Чэрвеньшчыне, жылі  ці жывуць тут.

З расповедамі, слайдамі пра іх, а таксама іхнімі кнігамі наведваецца ў навучальныя ўстановы раёна навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Станіслава Чаславаўна Баркоўская. Днямі яе з задавальненнем слухалі ў Валевачоўскай і Грабёнскай школах.

Вось што расказвае Станіслава Чаславаўна аб змесце гэтай выставы-расповеду:

— Пачынаецца яна звесткамі пра Марыю Апанасаўну Мякота — маці паэта незвычайнага таленту Максіма Багдановіча.  Вельмі прыемна, што вучні ведаюць гэта.

Марыя была з небагатай сям’і – бацька працаваў наглядчыкам павятовай лякарні ў Ігумене. Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, смерць бацькі прывялі да таго, што Марыя разам са сваёй малодшай сястрой Аляксандрай і братам выхоўвалася ў Мінскім прытулку, дзе на вялікія здольнасці дзяўчынкі звярнула ўвагу жонка мінскага губернатара і ў хуткім часе ўзяла яе на выхаванне. Марыя скончыла Мінскае трохкласнае жаночае вучылішча, вучылася ў земскай настаўніцкай школе ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. Яна шмат чытала, тонка адчувала мастацтва, мела літаратурныя схільнасці і наогул надзвычай жывую фантазію, па натуры была мяккай, весёлай, вельмі ўражлівай, эмацыянальнай.

Але Марыі Апанасаўне было адпушчана вельмі мала жыцця. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці яна амаль адразу злягла, хутка развілася цяжкая хвароба – сухоты (туберкулёз). На дваццаць восьмым годзе жыцця яна назаўсёды пакінула зямны свет. Максіму было тады ўсяго пяць гадоў.

Падчас выставы-расповеду я прадстаўляю гэтую цудоўную жанчыну як літаратара, таму што задаткі ў яе такія былі — пісьменніцкія. Праявіла Марыя Апанасаўна сябе толькі адным апавяданнем. Клопаты пра дзяцей і кароткі век не дазволілі  раскрыцца таленту ў поўным аб’ёме. Але тое, пра што  напісала ў апавяданні “Напярэдадні Раства”, уражвае. Як потым успамінала сястра Марыі, у гэтым апавяданні яна чулліва перадала няпросты лёс сваёй маці, якая выхоўвала пяцёра дзяцей. Жыла сям’я на капеечнае жалаванне хваравітага бацькі, і маці даводзілася  брацца за любую справу. Бялізну мыла, і нават прасіла служанак з багатых дамоў, каб ёй падказвалі, якая там ёсць праца. І прала, і шыла, і вышывала, і ткала… рукі яе ўсю работу зведалі…

Наступны расповед — пра Уладзіміра Аляксандравіча Ляўданскага. Нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Гудавічы. Жыў  там нядоўга, таму што бацькі вымушаны былі пераехаць на Пухаўшчыну. Закончыў Пухавіцкую сямігодку і пайшоў працаваць у Лапіцкае лясніцтва. Сучкарубам працаваў. Але цяга да навукі была такой вялікай, што ён падаўся ў Мінск, паступіў у настаўніцкі тэхнікум, закончыў яго.  Потым служыў у войску.  Вярнуўшыся, закончыў завочна педінстытут. Але настаўнікам не працаваў. Яго  больш захапіла перакладчыцкая дзейнасць. Ляўданскі ведаў многа моў. Спачатку перакладаў з рускай  — творы Аляксея і Льва Талстога, Чэхава, Салтыкова-Шчадрына і іншых. Затым пачаў перакладаць з іншых замежных моў: нямецкай, французскай. А літаратурную дзейнасць пачаў у сярэдзіне 50-ых гадоў. Выйшлі невялічкія апавяданні, потым — два зборнікі: “Ноч над Нёманам” і “На беразе ракі”. Гэта прыгожыя замалёўкі з натуры. Адчуваецца, што ён вельмі любіў прыроду, флору, фауну. І вось уласныя назіранні за паводзінамі птушак, за раслінамі таленавіта паклаў на паперу! Вельмі ўражвае апавяданне “Дарагі рубель”, дзе апісвае, як ішоў у навуку. Яму вельмі хацелася навучыцца чытаць, але не было па чым. І маці ў суседкі пазычыла “Буквар”. Ён вучыўся па ім чытаць, і маці з вялікім задавальненнем слухала яго кожную раніцу, калі рыхтавала снеданне. Аднойчы, трэба ж было такому здарыцца, суседка зайшла і ўбачыла невялічкую плямку на тым “Буквары”. Адабрала “Буквар” і сказала: “Больш да мяне не прыходзь”.  Ён вельмі перажываў, маці таксама пакрыўдзілася на суседку, бо плямка тая нічога не значыла. Праз некаторы час аднойчы раніцой яна падае  яму рубель. Кажа: “Вось табе, сынок, рубель, ідзі ў мястэчка (маецца на ўвазе Смілавічы) і купі сабе “Буквар”. Але, сынок, помні, што гэты рубель вельмі дарагі, у яго ўкладзена шмат працы,  цяжкай працы бацькавай і маёй, і таму не згубі па дарозе. Ён пайшоў. З ім — суседскі хлопчык Юзік. Калі прыйшлі ў мястэчка, крама была зачынена. Пачакалі там гадзінку-другую, краму не адчынілі,  і тады яны  накіраваліся зноў у Гудавічы.  Раптам на ўзбочыне дарогі  ўбачылі: пад дрэвамі сядзіць сям’я — такія абарваныя, брудныя трое дзяцей, бацька і маці. Бацька сядзіць сагнуўшыся, трымае ў руках шапку і ўвесь час паўтарае адно і тое ж: “Дапамажыце пагарэльцам. Без хлеба, без адзення засталіся.” Людзі, якія ішлі, кідалі, што мелі, у тую шапку — капейкі нейкія. Юзік таксама кінуў пятак. Саша (герой апавядання) не ведае, што яму рабіць:  і пагарэльцаў шкода, і рубля шкода. Але потым рашуча засунуў руку ў кішэнь, кінуў у шапку рубель і, рэзка павярнуўшыся, пайшоў. Юзік яго дагнаў і пытае: “Ты што, рубель укінуў? А што дома скажаш?” “Не ведаю”. І тады Юзік яму прапанаваў: “Давай скажам, што ты згубіў. Губляюць жа людзі грошы і маці табе наказвала: не згубі.” “Давай! А ты мяне не выдасі?”. “Не, не выдам. Я нават дома скажу, што ты згубіў грошы”.

Прыйшлі ў вёску, разышліяс па хатах. Саша пераступіў парог, маці адразу да яго кінулася: “А дзе “Буквар”?” Ён, апусціўшы галаву, кажа: “Крама была зачынена.” “А рубель?” “Дык я заўтра пайду!”. “Не, сынок,  дай рубель, я табе яго заўтра зноў дам”.  Ён яшчэ ніжэй апускае галаву і гаворыць, не падымаючы вачэй: “Я яго згубіў”. І тут бацька зайшоў. Маці пачала папракаць: “Я ж табе казала, што не згубі. Я табе казала, які гэта дарагі рубель для нашай сям’і.”  Ён маўчыць. І тут у хату заходзіць Юзік. Бацька ў яго пытаецца: “Гэта праўда?” Юзік кажа: “Праўда”. Тады хлопчык не вытрымаў і сказаў: “Я яго аддаў. Там сядзелі пагарэльцы, і я яго аддаў”. Бацька зноў у Юзіка пытаецца: “Гэта праўда?” Юзік кажа: “Праўда”. Хлопчык не вытрымлівае, кідаецца на ложак ніцма і пачынае плакаць наўзрыд. Маці хацела яго пашкадаваць, але бацька сказаў: ”Хай паплача. Заслужыў.” А праз некаторы час бацька сам падышоў да сына, пагладзіў па галаве і сказаў: “Сынок, заўсёды трэба казаць праўду, гэта лепей, чым мана”. Той супакоіўся. Недзе праз тыдзень бацька пайшоў у мястэчка, і вяртаючыся назад,  паклікаў яго ў хату. Калі той забег, працягнуў яму новенькі жоўценькі “Буквар”. Ён быў такі шчаслівы, што выбег на вуліцу, убачыў бусла, які кружыў над бярозай, і сказаў: “Цяпер я ведаю, як трэба жыць”.

Вось такое павучальнае апавяданне.

Уладзімір  Ляўданскі разам з Севярнёвай прымаў удзел у выданні “Буквара” (чацвёртае выданне, чытанне для дзяцей-беларусаў). Выходзілі ў яго і кнігі дзіцячых апавяданняў.

Затым ідзе ў выставе Міхаіл Міхайлавіч Пянкрат. Нарадзіўся ён ў сялянскай сям’і ў Карпілаўцы. У 1937 годзе скончыў Хутарскую сямігодку і паступіў у Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома. Увосень 1939 пайшоў служыць у Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне (1939—1940), быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, у санаторыі горада Есентукі, быў камісаваны. У 1940—1941 гадах працаваў у рэдакцыі Рудзенскай раённай газеты «Бальшавіцкі сцяг». З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны да 1942 знаходзіўся ў вёсцы Ведрыца. У 1942 быў сувязным партызанскай брыгады «Красное знамя», якая дзейнічала на Міншчыне. З 1943 года перайшоў у брыгаду, ваяваў да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі. У 1945 пераехаў у Мінск і працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Сталинская молодежь» (1945—1947), «Савецкі селянін» («Колхозная правда», «Сельская газета», 1947—1956), у часопісе «Вожык» (1959—1979). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1951 года. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, мэдалямі.

Першы верш «Песня калгасніцы» апублікаваны ў 1937 у газеце «Чырвоная змена». Многія яго вершы друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі», «Комсомольская правда», часопісах «Полымя», «Смена», «Крокодил».

Першая кніга — зборнік вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар зборнікаў сатырычных апавяданняў і гумарэсак «Палын і кветкі», «Не з таго канца», «Аўтарытэт на колах», апавяданняў і аповесцей «Шчасце маё» , «Ведрыцкія напевы», «Любоў у квадраце», «Прынцыповы пасаг» (апавяданні, вершы і гумарэскі), «Спатканні і ростані», «Не астудзі сваё сэрца». Напісаў кнігі нарысаў «Простыя людзі», «Чэрвень», кніжкі апавяданняў для дзяцей «Два Пецькі», «Двое ў лодцы».

Паасобныя творы пісьменніка перакладзеныя на рускую, украінскую, азербайджанскую, грузінскую, літоўскую, таджыкскую, узбекскую, эстонскую мовы.

Пасля распавядаю пра Эдуарда Ярашэвіча. Нарадзіўся ён у Бабруйску, а ў 1946 годзе сям’я пераехала ў Смілавічы.  У 1954 годзе закончыў сярэднюю школу. У той жа год пасля выпускнога балю цяжка захварэў, не мог вучыцца далей, паколькі быў пазбаўлены магчымасці рухацца. Веды здабываў пастаяннай, настойлівай самаадукацыяй. Завочна скончыў літаратурны інстытут імя М.Горкага ў Маскве. Першае апавяданне «І вось што выявілася» Эдуард Ярашэвіч надрукаваў у газеце «Чырвоная змена» ў 1956 годзе. У тым жа годзе з’явіліся яго замалёўкі ў «Вожыку»  і Чэрвеньскай раённай газеце «Уперад», дзе ён быў няштатным супрацоўнікам.  У 1970 годзе Эдуарда Ярашэвіча прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. Ён аўтар кніг «Вішанькі Восіпа Міхеевіча», «Прызванне», «Дзень далёкі і блізкі», «Практыка ў Вербічах», «Свет імя твайго», «Белыя лугі», «Пражыць дзень».

У дзяцінстве Эдуарду прыйшлося перажыць усе жахі Азарыцкага  канцлагера. Там, сярод балота, абнесенага калючым дротам, пад адкрытым небам дзень і  ноч знаходзіліся жанчыны, дзеці. Акупанты прыгналі туды групу тыфозных людзей, ад якіх зараза пераходзіла на здаровых. Хворыя, галодныя і халодныя людзі паміралі на вачах, а фашысты не дазвалялі нават  вогнішча разводзіць. Тых, хто застаўся жывы, выратавала наступленне Чырвонай арміі. Аб гэтых падзеях пісьменнік апавядае ў кнізе  «Пражыць дзень», якая была апублікавана ў часопісе «Юнацтва» ў 1983 годзе і складалася з дзвюх аповесцей «Нехта вернецца з вайны» і «Сонечнае лета» . Кніга фактычна дакументальная. Усе героі апісаны пад сваімі імёнамі, апрача аўтара. Сябе Эдуард называе Андрэем.

Падчас расповеду я прапаную ўрывак з кнігі Ярашэвіча — апісанне гэтага лагера,  у якіх жудасных умовах яны там знаходзіліся і потым як іх вызвалілі.

Апошняя яго кніга — аўтабіяграфічная аповесць «Чакаю цябе, раніца», працу над якой перапыніла заўчасная смерць. Памёр Э.С.Ярашэвіч 6 кастрычніка 1986 года.

Наступны расповед — пра  Міколу Вяршыніна. Нарадзіўся ён 20 мая 1940 года ў Чэрвені, потым сям’я пераехала ў Рудзенскі раён. Там застала вайна.  Падчас бамбёжцы загінулі бацькі. Выхоўвала яго цётка, потым Чэрвеньскі дзіцячы дом. Ён лічыў нас сваімі землякамі. Кожны зборнік, які ў яго выходзіў у выдавецтве, прывозіў у музей, падпісваў “Чэрвеньскаму краязнаўчаму музею — ад аўтара-земляка…”

Многа і падрабязна расказваю пра Генадзя Аўласенку, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Нарадзіўся ён 16 жніўня 1955 года  ў вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна. З 1974 па 1976 год была служба ва ўзброеных сілах. Затым закончыў біялагічны факультэт БДУ. Некаторы час жыў і працаваў у Якутыі і Забайкаллі. А потым прыехаў у наш раён і пачаў працаваць выхавацелем у інтэрнаце Смілавіцкага СПТВ. Калі ажаніўся, пераехаў у Чэрвень. Больш як 20 гадоў адпрацаваў у Вайнілаўскай школе. Працаваў у Чарнаўской, Новазелянкоўскай, Руднянскай, Кліноцкай, Грабянецкай і іншых школах. А цяпер — у Руднянскай і Грабянецкай школах.

Пісьменніцкай дзейнасцю пачаў займацца даволі позна. Спачатку гэта была выключна паэзія (рускамоўная, затым беларускамоўная), дзесьці з сярэдзіны дзевяностых гадоў захапіўся драматургіяй. П’есы Генадзя Аўласенкі таго часу станавіліся лаўрэатамі трох першых рэспубліканскіх конкурсаў беларускай драматургіі, гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і калектыўных зборніках.

Прозу пачаў пісаць значна пазней. Спачатку гэта быў цыкл невялікіх беларускамоўных апавяданняў пад агульнай назвай: «На мяжы рэальнага і фантастычнага». Апавяданні гэтыя неаднаразова друкаваліся ў часопісе «Маладосць», штотыднёвіку «ЛіМ», газетах «Звязда», «Голас Радзімы», «Настаўніцкая газета». Адно з гэтых апавяданняў у 2007 годзе стала пераможцам конкурса апавяданняў, які штогод праводзіць газета «Звязда». У 2008 годзе ў выдавецтве «Ковчег» выйшаў фантастычны раман Генадзя Аўласенкі «История вместо математики».

Шмат піша для дзяцей. Творча супрацоўнічае з дзіцячымі часопісамі: «Вясёлка», «Бярозка», «Рюкзачок». Дзіцячыя вершы, казкі і п’есы Генадзя Аўласенкі неаднаразова гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся на дзіцячых старонках часопісаў «Алеся», «Родная прырода», «Лесавічок» і інш. Казкі Генадзя Аўласенкі ўвайшлі ў зборнікі казак «Чароўныя пацеркі» і «Вежа міру», якія ў 2006—2007 г.г. выйшлі ў «Мастацкай літаратуры», а таксама ў казачны цыкл выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»: «Чырвоная кніга ў казках і вершах» (2007 г.); «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2008 г.); «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2009 г.).

У 2009 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшла кніга-казка Генадзя Аўласенкі «Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора». У тым жа годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу-казку «Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак».

Напрыканцы 2009 года ў серыі «Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы», якую выдае выдавецтва «Харвест» разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выйшла кніга фантастыкі Генадзя Аўласенкі «Дзікія кошкі Барсума».

Падчас расповеду зачытваю некалькі дзіцячых вершаў — “Сардэчнае”, “Фантазёр”, расказваю пра апошнюю яго кніжку “Казкі дзядулі Дняпра”.

Гэтая выстава-расповед выклікае асаблівую цікавасць краязнаўчымі і біяграфічнымі звесткамі пра творчых людзей, якія маюць дачыненне да нашай малой Радзімы.

 

Занатаваў А.Ружын

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *