ЖНІВЕНЬ СЕЕ, ЖНЕ І КОСІЦЬ – НА СТАЛАХ БАГАЦЦЯ ДОСЫЦЬ

Общество

Сучасная беларуская назва восьмага месяца года адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. У жніўні заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы.

2 жніўня. Ілля (Галляш). Апякун земляробства і абаронца ад нячыстай сілы,  які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна. Успрымаецца як канец лета: “Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два”, “Ілля нарабіў гнілля”, “На Іллю да абеда лета, а пасля абеда восень”.

14 жніўня. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята маку і мёду. Праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку. Варажылі: “Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы мне, Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапельку брала”. Пчалаводы правяралі пчол, “макалі ў мёд нажы”.

Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макава – будзе многа грыбоў”.

15 жніўня. Прачыстая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары – Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці (уведзена ў VІІ стагоддзі). Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”. Свенцяць зёлкі, кветкі, садавіну, збожжа, што лічацца гаючымі і аберагаючымі.

19 жніўня. Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас). Свята садавіны. Асвячаюць у царкве яблыкі, пасля чаго іх дазвалялася есці (яны лічыліся грэшнымі пладамі). Згодна Бібліі, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Прыказка нагадвала: “Спас – усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”.

22 жнiўня — апостал Мацей. Большасць работ у полi зроблена, таму ў народзе кажуць: «Пасля Мацея мужык у полi не пацее».

23 жнiўня. Дзень Лаўрына. У гэты дзень глядзелi на ваду ў рэках i азёрах: калi вада цiхая, не хвалюецца, то восень абяцае быць цiхай, лагоднай. Збожжа з поля звезена, а ў селянiна шмат iншых клопатаў, i адзiн з iх — як змалоць збожжа новага ўраджаю на муку: «На Лаўрына спяшайся да млына».

25 жнiўня. Фоцiй. Казалi, што пачынаецца так званы чарвiвы тыдзень, i пасеянае ў гэты час збожжа дае чарвiвую муку. Прыводзiлi ў парадак свiрны, клецi, гарышчы.

27 жнiўня. Дзень Мiхея-цiхавея. У народзе казалi: калi на Мiхея вятры моцныя, то чакай непагадзi ў вераснi. Калi ж дзень выдаўся гарачым, то зiма будзе марозная. У гэты дзень паляцелi ў вырай жураўлi — то ў сярэдзiне кастрычнiка чакаецца мароз, а не — зiма прыйдзе пазней.

28 жніўня. Прачыстая (Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная). Свята ўраджаю і падрыхтоўкі да сяўбы. Асвячалі “бараду” – апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі, а таксама зёлкі і гародніну.

Вядомы прыказкі: “Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае”, “Прачыста – сяўба чыста, а касьба не чыста”. Менш распаўсюджаны наступныя: “Гаспажа – хлеба дзяжа”, “Надышло Успенне – цягні бульбу за карэнне”.

Хрысціянская царква адзначые Дзень смерці – Успенне Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, душу якой без пакут прыняў у царства нябеснае Гасподзь Ісус.

29  жніўня. Трэці Спас (Малы Спас, Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Адно са свят хлеба. Шмат дзе спраўлялі дажынкі – свята канца жніва. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”, “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”.

Падрыхтавана па сайтах Інтэрнэта.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *