І ТЭХНІКА СКЛАДАНАЯ Ў ЯГО РУКАХ — ПАСЛУХМЯНАЯ…

Общество

Калі ў механізатара па тралёўцы і вывазцы драўніны Чэрвеньскага лясгаса Уладзіміра Бажко папытацца, адкуль ён родам, у адказ пачуецца дзіўнае па сённяшнім часе: «З СССР!» І жартоўнае гэта толькі часткова. Бо нарадзіўся Уладзімір у далёкай Карэліі, а бацькі яго — з Мінска…. Воляю лёсу трапіў у Дамавіцк, дзе жыве зараз. А на працу ўжо больш за дзесяць гадоў штодзень, апрача выхадных, ездзіць у Чэрвень…

Дарэчы, месца яго нараджэння, улічваючы сённяшнюю працу, можа падасца даволі сімвалічным. Бо і ў Карэліі, і ў Беларусі ладзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства «Лесаруб», дзе расійская і беларуская каманды заваёўваюць перамогі… на тэрыторыі адна ў адной! Беларусы — у Расіі, расіяне — у Беларусі…

І хаця сам Уладзімір Бажко ў конкурсах не ўдзельнічае, але гэтым разам пільна сачыў за выступленнем у рэспубліканскім «Лесарубе-2012», які праходзіў на Гомельшчыне, свайго калегі Міхаіла Вінцэнтовіча. Да таго ж, падчас адпачынку апошняга менавіта ён замяняў яго на вялізным форвардары.

Зрэшты, і Уладзіміру Бажко скараецца любая тэхніка. І таксама, відаць, як у Міхаіла Вінцэнтовіча, штосьці перадалося на генным узроўні. Бо тата займаўся тралёўкай драўніны ў Карэліі, дзядзька па спецыяльнасці — бульдазерыст. А сам Уладзімір вывучыўся ў Смілавічах на экскаватаршчыка. Рабіў у «Дамавіцкім» трактарыстам, у ДЭУ — па набытай спецыяльнасці. А пяць апошніх гадоў працуе на пагрузачна-транспартнай машыне ў Чэрвеньскім лясгасе. І паколькі мае допуск да работы на такой складанай тэхніцы, дык і прыняў часова пад сваё камандаванне форвардар.

Падчас нашай гутаркі Уладзімір Бажко працаваў на ім ужо трэці тыдзень, вывозячы лес да пад’язных шляхоў з дзялянак у Іванаўскім і Валмянскім лясніцтвах. Зазначыў, што працуецца нармальна. Вось толькі дужа высока знаходзіцца ў форвардара кабіна: пакуль узбярэшся ды пакуль спусцішся… Затое агляд які!

Зрэшты, палюбавацца наваколлем можна толькі падчас пераезду да месца. А затым уся ўвага — на маніпулятар ды шлях пад коламі. Сабраў, загрузіў, вывез, разгрузіў… Вось такія яны, працоўныя будні Уладзіміра Бажко…

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *