Упадабала нашыя лясніцтвы …бабруйчанка

Люди и судьбы

Калі Аня Усік была яшчэ адной са шматлікіх школьніц Бабруйска, яна і не марыла ні пра якую «лясную» прафесію. Хаця ў лесе, безумоўна, бывала — падчас прыездаў на летнік. А ўвогуле, яна пакрысе займалася розным: вышываннем крыжыкам, маляваннем, а пазней — нават усходнімі танцамі.

Калі ж вырашыла паступаць разам з сяброўкамі, даверылася выбару дарослых. Мама адной з дзяўчат прапанавала набыць спецыяльнасць «майстар лясной гаспадаркі» ў мясцовым лесатэхнічным каледжы.

І так атрымалася, што на практыку Аня разам з сяброўкай Ірынай трапіла… ў наша Валмянскае лясніцтва. І так ім спадабаліся і праца, і дружны калектыў, што дзяўчаты па вяртанні ў каледж папрасіліся, каб іх размеркавалі на Чэрвеньшчыну. Праўда, Ірына па сямейных абставінах перавялася ўжо ў іншы лясгас. Аня ж больш за год працуе там, куды накіравалі — у Чэрвеньскім лясніцтве. Напачатку і зараз — майстрам лесу. А пэўны перыяд таму займала пасаду памочніка ляснічага.

Чым жа займаецца Аня Усік дзень пры дні? Адпускае драўніну, выпісвае накладныя, кантралюе работу леснікоў… Так-так, у падначаленні ў юнага жыццярадаснага майстра лесу — чатыры мужчыны! І, па сцвярджэнню дзяўчыны, — усе адказныя, ставяцца паважліва. Словам, задаволена яна такім станам спраў.

А ўвогуле, працаваць напачатку, прызнаецца, цяжкавата было. І хоць, вядома, дапамагалі калегі маладому спецыялісту, але шмат у чым давялося разбірацца самой. Калі працавала памочнікам ляснічага, бывала, і да дзесяці вечара сядзела над паперамі. Бо ў каледжы давалі, лічы, адну тэорыю. А калі прыходзіш на вытворчасць, пачынаць даводзіцца з нуля.

Але яна, аптымістка-рагатушка, не засмучаецца. Нягледзячы нават на бытавыя цяжкасці (малады спецыяліст здымае кватэру), рэдкія паездкі дахаты (далёка, дорага, «на перакладных»), практычную адсутнасць месцаў для культурнага адпачынку моладзі ў Чэрвені… Ёсць ужо новыя сяброўкі, з якімі цікава бавіць вольны час, можна падзяліцца праблемамі альбо радасцю…

Дарэчы, сёлета Аня Усік удзельнічала ў пасадцы лесу. Яе клапатлівыя рукі шмат маленечкіх хвоек і елачак пасадзілі на месцы вырубак за два тыдні. І праз колькі гадоў дзяўчына ўжо зможа ганарыцца, што ўнесла свой важкі ўклад у аднаўленне ляснога фонду Чэрвеньшчыны.

Што ж датычыцца лясной прыгажосці, якая кранае сэрца, дык Ані, па яе ўласным прызнанні, найбольш даспадобы чамусьці такі жывы малюнак. Зіма. Лес. Драўніна, роўненька складзеная і прыцярушаная сняжком. Леснікі паляць вогнішчы… Рамантыка, кажа. Глядзела б і глядзела…

Абраўшы выпадкова «лясную» прафесію, Аня Усік нечакана для сябе яе палюбіла. І нават вучыцца завочна пайшла ў ВНУ — на біялагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны па спецыяльнасці «лясная гаспадарка». Ужо скончыла першы курс — разам з сяброўкай з каледжа.

Застаецца дадаць, што дзяўчына задумваецца над тым, каб пасля абавязковай адпрацоўкі застацца ў Чэрвені. Упадабала бабруйчанка нашыя лясніцтвы…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *