ЖЫЦЦЁ ПОРУЧ… З ГНОЕМ

Общество

Сутнасць звароту ў рэдакцыю пенсіянераў Галіеўскіх з Горак наступная:  ужо каторы год непадалёку ад іх дома на поле тутэйшай гаспадаркі скідваюць гной. Яго  і жыжку з мясцовай фермы пастаянна прывозяць сюды, а летась згрузілі  нават тры гнілыя тушы кароў. Няма больш моцы цярпець пажылым людзям гэтую жудасную антысанітарыю. Іх ушчуванні на трактарыста, які рэгулярна курсуе сюды ад фермы, не дапамагаюць…

І вось мы ў Горках. Вуліца Чапаева. Менавіта тут жывуць нашы чытачы — Валянціна Станіславаўна і Леанід Раманавіч Галіеўскія. Іх  прыгожы, дагледжаны дом патанае ў шматквецці і зеляніне. У двары чысціня і парадак: адчуваецца карпатлівая праца нястомных гаспадароў. Насупраць — суседні двор таксама ўражвае фантазіяй гаспадыні, якая не толькі насадзіла розных кветак, але яшчэ і намалявала іх на плоце… Словам, адметны двор. І вёску, і вуліцу сваю Валянціна Станіславаўна любіць.

Мае былыя вучаніцы пастаянна прыязджалі з дзеткамі да нас на адпачынак з Мінска. І ўсё захапляліся: якое чыстае паветра, якая наўкола прыгожая прырода. І лес побач… Ягад шмат.  Мы з мужам радаваліся сваім гасцям. Увогуле летам у вёсцы шмат дзяцей — унукі прыязджаюць з горада на канікулы, —  распавядае жанчына. А затым шчыра жаліцца:

— Ужо гады тры звозяць  з фермы гной да  нашай вуліцы і туды далей, за паварот. Ён паступова зарастае травой, дабаўляюць новы… І жыжку злівалі паблізу.  Як падзьме вецер у наш бок — не прадыхнуць. А мух колькі! У хаце іх немагчыма пазбавіцца. А  што рабілася, калі скінулі ўвосень тушы кароў, дык і словамі не перадаць: вароны гвалт узнялі, кружылі, разносілі кішкі, вырываючы іх адна ў адной, зграі бяздомных сабак збіраліся — з хаты боязна было выходзіць. Вунь галовы кароў бялеюць і да цяперашняга часу…

Леанід Раманавіч не менш за жонку абураны:

— Няўжо нельга знайсці іншае месца для гною?  Ён уздоўж дарогі ажно да  самога лесу — метраў пяцьсот займае, а мо і болей. Хвалюе якасць пітной вады — калодзеж жа непадалёку.

Хата іх суседкі Паддубоцкай Аляксандры Ігнацьеўны (на здымку) увогуле трапіла ў палон: з абодвух бакоў вокнамі ўпіраецца ў гной. Жанчына распавядае, што аднойчы трактарыст згрузіў яго амаль што пад плот. Неяк прыпільнавала, пасварылася, дык наступным рэйсам адвёз гной далей. Але кожны раз упільнаваць не можа, не маладая ўжо, каб бегаць.  Пакуль выйдзе ў двор — толькі і бачылі той трактар…

Словам, не пашанцавала тутэйшым жыхарам.  З чыйгосьці неабдуманага ўказання ці звыклага раўнадушша ўтварылася для іх непажаданая  “смярдзючая” праблема. Пакрыўджаныя вяскоўцы зусім не перабольшвалі, калі эмацыянальна, то з абурэннем, то з жартам,  то з мальбой дапамагчы справіцца з ёю, шчыра распавядалі пра ўласныя адчуванні ў гэтай непрыемнай жыццёвай сітуацыі. Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Галіна Аляксандраўна Шаўчук, якая выехала разам у Горкі, падтрымала вяскоўцаў: так не павінна быць. Яна выклікала на сустрэчу з жыхарамі дырэктара ААТ “Лядзенскі” Аляксандра Яўстаф’евіча Абрамчыка. Трэба адзначыць, што аднёсся кіраўнік да скаргаў сур’ёзна, хаця на пачатку не мог паверыць, што скінулі тут тушы жывёлы, бо ёсць жа спецыяльны магільнік. І што жыжка залівае часам нават вуліцу, і што доўжыцца гэта ўжо не першы год…

Але ўрэшце запэўніў:

— Да канца месяца навядзём тут парадак. Унясем арганіку ў глебу, пасеем кукурузу. Увогуле, разбярэмся.

А Галіна Аляксандраўна паабяцала ўзяць з калодзежаў пробы пітной вады, калі запатрабуюць гэтага гаспадары, для праверкі яе на якасць. Наконт узнікшай праблемы ў спецыяліста меркаванне такое:

— На жаль, такі факт у раёне не адзінкавы. Кіраўнікі гаспадарак павінны памятаць, што адпаведна Пастанове Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 10.02.2011 г.№11 “санитарно-защитная зона размещения площадок для хранения жидкой и твердой фракции навоза не должна быть меньше 300 метров от населенного пункта”. Гэтыя санітарныя нормы павінны абавязкова захоўвацца.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *