Весткі з бібліятэк

Общество

Чэрвеньскай цэнтральнай

 

І НАРАДА, І ВУЧОБА…

На чарговую нараду-вучобу сабраліся вясковыя бібліятэкары. Алена Адамовіч распавяла пра кніжную выставу як сродак прапаганды кнігі і правяла прэзентацыю мультыпраекта. Апрача тэарэтычных звестак і практычных парадаў, гаворка тут ішла пра нетрадыцыйныя выставы, назвы і як іх ладзіць.

Па тэме «Ганаруся Беларуссю. Славутыя і знакамітыя беларусы» выступіла бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Маланка. Яна распавяла пра жыццё Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, і пра справу яе жыцця — ушанаванне памяці паэта, стварэнне філіяла музея ў Вязынцы, збіранне экспанатаў, успамінаў і г.д.

Наступная тэма гучала так: «Заўсёды жывая класіка. Прэзентацыя юбілеяў пісьменнікаў». Пра Максіма Танка, вядомага і невядомага, расказала практыкантка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Аляксандра Жолабава. Выступленне «Праз гады і творы. Янка Брыль» падрыхтавалі бібліятэкары: Горкаўскай сельскай бібліятэкі — Святлана Вайцяховіч, Лядзенскай — Святлана Клепча. У іх выкананні гучалі ўрыўкі з апавяданняў класіка.

А бібліятэкары Валевачоўскай сельскай бібліятэкі — Алена Садчанка, Лучскай — Таццяна Ждановіч выступілі па тэме «У свет кахання запрашае Раіса Баравікова».

Кожны з удзельнікаў нарады пачуў штосьці новае для сябе, што можна выкарыстаць ва ўласнай працы. Напрыканцы мы разгледзелі вытворчыя пытанні.

Алена АДАМОВІЧ, бібліятэкар аддзела

бібліятэчнага маркетынгу

 

ПРА АДНОСІНЫ Ў СЯМ’І ШЧЫРА ГУТАРКУ ВЯЛІ…

Напярэдадні Дня сям’і мы ладзілі сустрэчу «Я цябе кахаю!..» Удзел у ёй узялі загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вікторыя Яскевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №4 г.Чэрвеня Аксана Бандзік, сям’я Усенкаў, бібліятэкары.

На пачатку мерапрыемства псіхолаг Вікторыя Яскевіч прапанавала кожнаму з прысутных тэст «Тэмперамент асобы». Ён складаўся з 24 пытанняў, адказы на якія патрэбна было выбраць з чатырох прапанаваных варыянтаў. Пасля доўгіх падлікаў удзельнікі сустрэчы даведаліся, хто ж яны — флегматыкі ці халерыкі, сангвінікі ці меланхолікі…

Падчас сустрэчы мы абмяркоўвалі важныя пытанні — узаемаадносіны ў сям’і, правілы паводзінаў з навакольнымі… Кожны выказваў сваё меркаванне. Шмат цікавага распавяла Аксана Бандзік. Дарэчы, важную і карысную працу яна праводзіць на факультатыўных занятках са старшакласнікамі. Сапраўды, сёння для моладзі вельмі актуальна як фізічнае выхаванне, так і духоўнае станаўленне. Для школьнікаў, студэнтаў, людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту наша госця рэкамендавала кнігі Канстанціна Зорына. Актыўна ўдзельнічала ў дыскусіі сям’я Усенкаў — Валянціна і Максім.

Бібліятэкары прадставілі ўвазе прысутных кнігу «Домострой», якую падаравала бібліятэцы спецыяліст ЗАГСа Антаніна Кавальчук, і пазнаёмілі прысутных з кнігамі па сямейнай псіхалогіі і выхаванню. Напрыканцы сустрэчы госцям уручылі кветкі.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *