ЯКІМІ КЛОПАТАМІ ВЫ ЗАНЯТЫ НА АГАРОДЗЕ?

Общество

Святлана Давыдава,

г.п. Смілавічы:

— Я працую ў Мінску, таму ўсе клопаты ў агародзе ўзяла на сябе мама. Я толькі ёй дапамагаю: прапалоць у выхадны дзень ці вечарам паліць градкі. Дарэчы, праца на зямлі мне не ў цяжкасць. Вельмі люблю, калі квітнеюць ля дома ружы, ліліі, вяргіні, астры, цюльпаны. У нас іх шмат гатункаў, многія з якіх прыдбала ў Мінску ў Батанічным садзе. А мама больш зацікаўлена ў вырошчванні гародніны — агуркоў, памідораў, перца, баклажанаў. Яна робіць з іх разнастайныя салаты, запякае фаршыраванымі — смаката. І на зіму нарыхтоўвае. Калі прыязджаюць мой брат з жонкай і дзецьмі, то першы пачастунак для іх — марынаваны перац.

Вера Ганчарова,

в. Чарнава:

— Напэўна, як і ўсе вяскоўцы — пасадзіць гародніну, бульбу. Дарэчы, наша сям’я ўжо з усім справілася. У нас каля дома 37 сотак зямлі. Таму вырошчваем усё, што можна — цыбулю, часнок, моркву, буракі, агуркі, памідоры… Частку зямлі засеялі ячменем. А за нашым агародам знаходзіцца дача маёй сяброўкі — Марыны Віктараўны Зыль. Гэта вельмі працавітая жанчына, адкрытая да людзей. Нядаўна ў яе быў юбілей. Марыне Віктараўне споўнілася пяцьдзесят. Шчыра жадаю сяброўцы моцнага здароўя, шчасця, поспехаў ва ўсім, клопатаў родных і блізкіх, і, вядома ж, — багатага ўраджаю на градках.

Марына Пятрова,

г. Чэрвень:

— У нас — дача, купілі нядаўна. Так што я яшчэ нявопытная агародніца, толькі эксперыментую. Таму галоўны клопат — усё правільна пасадзіць і па тэхналогіі вырошчваць. Купляю спецыяльную літаратуру, цікаўлюся ў вопытных сваіх сябровак ці старэйшых жанчын, а, бывае, шукаю параду ў інтэрнэце. Пад градкі адвялі зусім мала зямлі — толькі пад самае-самае неабходнае: зеляніну, цыбулю, агуркі, часнок і таматы. Астатні ўчастак — зялёны газончык. Не хочацца шмат працаваць, думаю, лепш прыязджаць на дачу, каб адпачыць, падыхаць свежым паветрам, паслухаць спеў птушак, падсмажыць шашлычок, павесяліцца з сябрамі…

Наталля Сівак,

в. Заполле:

— Агарод я ўжо пасадзіла: дапамаглі сын з дачкою. Перажывала, як яно атрымаецца, бо ў самой сіл ужо не надта, а вясна, самі ведаеце, якая: холадна-холадна — і раптам цяпло. Трэба ж было паспець зрабіць неабходную работу і ў садзе, пакуль лісце не распусцілася, і ў агародзе, пакуль зямля не высахла. Дзякуй Богу, дождычкі прайшлі, і не трэба было шмат паліваць. Цяпер вось усё ўжо квітнее. Вішні і яблыні радуюць вока, толькі б замаразкаў не здарылася, дык будзе добрым ураджай. І трускалкі добра падняліся пасля зімы, ранні гатунак ўжо зацвіў. Люблю раненька выйсці на двор, паслухаць цішыню, палюбавацца прыгажосцю…

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *