ГІМНАЗІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ — ВАЧЫМА БАБУЛІ І ЎНУЧКІ…

Общество

Асаблівым быў гэты навучальны год для вучняў другога класа гімназіі. Акрамя паспяховай вучобы, юныя гімназісты актыўна знаёміліся са сваімі сем’ямі ды кожны — з самім сабой. І ў гэтай няпростай, але вельмі цікавай і карыснай справе давялося прымаць непасрэдны ўдзел мамам і татам, бабулям і дзядулям.

А пачалося ўсё з Тамары Мікалаеўны Мурашкі — сапраўднай Настаўніцы, чалавека ініцыятыўнага і неабыякавага. Сама гарыць работай і запальвае ўсіх вакол сябе гэта «другая мама» нашых дзетак! Калектыўная творчая справа «Наша дружная сям’я» запоўніла ўсе дні ад верасня да канца красавіка.

Кожны тыдзень прысвячаўся аднаму з вучняў класа. Перад першым урокам у класе вывешвалася ярка аформленая інфармацыя. Напрыклад, сёння — «Я і мае захапленні», заўтра — «Мая сям’я і нашы традыцыі», потым — «Нашы падарожжы», «Мае хатнія гадаванцы», «Бацькам я добры памочнік» і іншыя. А той, каму гэта прысвечана, хвілін дзесяць расказваў пра сябе і сям’ю, паказваў калекцыі марак альбо анёлаў, фанцікаў ад цукерак ці мінералаў, дзіцячых кніжачак або мадэляў аўтамабіляў. Па пятніцах да школьнікаў прыходзілі любімыя цацкі — і перапынкі запаўняліся гульнёй, звонкім смехам, воклічамі захаплення і шчырай дзіцячай радасцю. Пасля ўрокаў гэты дзень яшчэ і частаваў усіх мамінымі смачнымі вырабамі.

Разам з тым ва ўсіх сем’ях вялася няпростая работа. Успаміналі і распытвалі ў старэйшых пра сваіх продкаў: іх імя, калі жылі, якімі былі, чым займаліся. У выніку складаліся радаводы. Іх таксама прынеслі ў клас і аформілі стэнд.

Як цікава і з хваляваннем маленькія чалавечкі распавядалі сябрам пра сваіх прапрапра…дзедаў! З гонарам і сур’ёзнасцю яны расказвалі пра ваенныя часіны, з гумарам і цеплынёй — пра вясёлыя здарэнні ў роднай хаце. І напаўняліся юныя галоўкі ўсведамленнем: «Я — часцінка вялікай сям’і». І абуджалася пачуццё чалавечай годнасці і адказнасці. І ўзбагачалася ўсведамленне непарыўнасці жыцця і любові да Радзімы. І сяброўства мацнела, і сябры рабіліся больш цікавымі і дарагімі…

А скончыўся гэты шлях святам «Які ў гняздзе — такі ў палёце» ў актавай зале гімназіі. Былі і госці — намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўсіх школ раёна. Свята атрымалася! Мамы і бабулі разам з настаўніцай і дзецьмі весела, ярка, эмацыянальна, а галоўнае — дружна адзначылі заканчэнне гэтай цікавай справы.

… Пасля вялікага летняга адпачынку пачнецца новы навучальны год. Будуць новыя справы. З нашай любімай Настаўніцай дзеці зноў запоўняць кожны дзень творчасцю і імкненнем да сапраўднага паўнацэннага жыцця.

Раіса ЦЕРАШОНАК,  бабуля

* * *

Нас дваццаць. Мы розныя, прыйшлі з розных школ. Амаль год прайшоў з таго часу, як вытрымалі іспыты і былі залічаны вучнямі пятага класа гімназіі. Колькі падзей — розных-розных — адбылося за гэты час!

Хваляваліся. Новая ўстанова адукацыі і новыя аднакласнікі. Новыя вучэбныя прадметы і столькі новых настаўнікаў! Напружаны рытм гімназічнага жыцця. Асвоіліся, уліліся, прывыклі. І актыўна ўключыліся ў мноства розных цікавых спраў ды конкурсаў.

Не паверыце, можа, але мы, пяцікласнікі, ад верасня да мая заваявалі 37 дыпломаў, грамат, падзяк за паспяховыя выступленні! І нашы персанальныя партфоліа патаўсцелі ўжо ад ўзнагарод. Ды і ў вучобе мы надзейна ўтрымліваем званне лепшага класа ў гімназіі — наш сярэдні бал 8,3.

Наша класная Тамара Іванаўна Бендзь стала самай класнай для нас! І ў раённым конкурсе «Самы класны класны» яна заняла другое месца.

А нашы гімназічныя святы! Тэатралізаваныя, захапляючыя, прыгожыя… Самым хвалюючым было «Пасвячэнне ў гімназісты», дзе мы паабяцалі з гонарам несці гэтае званне. Лічу, што дакладна адпавядаем патрабаванням, бо жывём дружна, весела і цікава! А вам — тым, хто сёння заканчвае чацвёрты клас, слабо пайсці ўслед за намі? Прыходзьце! Мы прымем вас у нашу дружную гімназічную сям’ю.

Літа ЦЕРАШОНАК, унучка

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *