«З ЛЮБОЎЮ ДА ГАРМОНІІ» —

Общество

на музыкальную вечарыну з гэткай назвай запрасіла аматараў музыкі, выкладчыкаў і вучняў школы мастацтваў Людміла Уладзіміраўна Дарагуж.

Улюбёная ў музыку, з багацейшым запасам ведаў аб гісторыі мастацтва, яна імкнецца данесці прыгажосць і эмацыянальнасць свету гукаў да сваіх вучняў, да жыхароў Чэрвеня.

Як вядома, 25 красавіка 1937 года — дзень афіцыйнага адкрыцця Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Ужо 75 гадоў гэтая ўстанова ажыццяўляе кіраўніцтва і пэўнымі мастацкімі калектывамі, і працэсам музычнага асветніцтва ў Беларусі. Аб нялёгкім перыядзе станаўлення філармоніі як рэспубліканскага музычнага цэнтра, аб самаадданай працы яе творчых калектываў і распавядала Людміла Уладзіміраўна.

Актавая зала школы мастацтваў поўнілася меладычнай беларускай мовай выкладчыцы. Цікавыя звесткі аб калектывах, іх кіраўніках, гастролях і асобных канцэртах суправаджаліся паказам фрагментаў канцэртных выступленняў на экране. Удзячных слухачоў уразіла як глыбіня эмоцый і пачуццяў у лекцыі, так і разнастайнасць прапанаванага аўдыторыі экраннага ілюстрацыйнага суправаджэння. Другую частку вечарыны запоўніла жывая музыка. Вучні школы мастацтваў парадавалі прысутных сваёй творчасцю — і заслужана купаліся ў моры апладысментаў!

Са шчырай удзячнасцю развітваліся ўдзельнікі вечарыны з яе арганізатарам і юнымі музыкантамі. І думалася: як добра, што побач з намі ёсць сціплыя, але такія багатыя душою людзі! І што яны ахвотна прыўносяць гармонію ў душы іншых, як Людміла Уладзіміраўна Дарагуж, — праз уздзеянне музыкай…

Раіса ЦЕРАШОНАК,

г.Чэрвень

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *