МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

Общество

На мой погляд, гэты адметны дзень, які прыпадае на 21 лютага, — добрая нагода для таго, каб паразмаўляць на роднай беларускай мове ці хаця б сказаць колькі слоў… Адчуць непаўторнасць яе і прыгажосць, блізкасць і роднасць… Прыслухацца сэрцам і ўспрыняць усёй душой свежасць і кранальнасць… Сягнуць праз стагоддзі да моманту з’яўлення-зараджэння беларускай мовы і атаясоміць сябе з далёкімі продкамі… Захаваць надоўга тое адчуванне замілаванасці, якое выклікаецца ўжо самім фактам яе існавання…

З гэтага года павінна пашырыцца выкарыстанне беларускай мовы ў справаводстве, бо ў новым Законе аб зваротах грамадзян уведзена норма – пісьмовы адказ даваць на мове звароту. Праўда, што датычыцца адказаў афіцыйных асобаў на запыты рэдакцыі, дык лік з моманту ўступлення Закона ў дзеянне пакуль 1:3. На карысць рускай мовы. Але спадзяёмся, што хаця б да заканчэння года сітуацыя зменіцца… Бо, часцей за ўсё, усе ведаюць, усе ўмеюць, толькі саромеюцца ці што…

А вось адзін з кіраўнікоў арганізацыі раёна хаця і сціпла адмаўляецца ад гутаркі пра ўласныя адносіны да роднай мовы на старонках “раёнкі” (маўляў, мала размаўляю), але заўсёды ў рэдакцыі гаворыць на ёй. Чысцюткай і багатай, нават не задумваючыся. І гэта вельмі прыемна. Як і тыя выпадкі, калі субяседнік раптам кажа: “З Вамі хочацца размаўляць па-беларуску – у адказ…” І таксама гаворыць…

На мінулым тыдні пабыла на нарадзе бібліятэкараў Чэрвеньшчыны – і таксама засталася ўсцешанай: практычна ўсе размаўлялі на роднай мове. І падчас разгляду вытворчых пытанняў, і падчас звычайных стасункаў… Ды яшчэ і ў рускамоўнага госця-творцы папыталіся, ці складае ён вершаваныя радкі па-беларуску. А той таксама перайшоў на родную мову – у адказ…

І адразу ж прыгадаліся словы міністра культуры РБ Паўла Латушкі, сказаныя не так даўно – восьмага лютага. Ён нагадаў, што два гады таму прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі і кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей зацвердзілі план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы. Гэтыя рашэнні запісаны і ў праграме кіраўніцтва на 2011-2015 гады. Аднак, як заявіў Павел Латушка, мерапрыемствы плана не выконваюцца ў поўнай меры ўсімі дзяржаўнымі арганізацыямі, асабліва на мясцовых узроўнях. Ён таксама зазначыў, што папулярызацыі беларускай мовы ў Год кнігі павінны садзейнічаць мерапрыемствы, прысвечаныя класікам-юбілярам – Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Танку. А прыклад ужывання і распаўсюджвання роднай мовы павінны паказваць установы культуры… Што з поспехам робіць, па маіх шматлікіх назіраннях, на працягу не аднаго ўжо года Чэрвеньская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма…

Зрэшты, нішто не замінае любой установе, арганізацыі, прадпрыемству ладзіць раз-пораз уласныя дні беларускай мовы, як гэта робяць у некаторых абласцях Беларусі. Было б жаданне і перакананне, што наша мова не толькі прыгожая, але і вартая штодзённага ўжытку.

А калі камусьці патрэбна нагода, каб паспрабаваць загаварыць па-беларуску… Дык вось яна – у аўторак, 21 лютага… Міжнародны дзень роднай мовы… Своеасаблівае свята… З надыходзячым, сябры!

 

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *