ПАЦЯРПЕЛІ АД МОЦНАГА ВЕТРУ

Общество

Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, моцны вецер ў ноч з панядзелка на аўторак пашкодзіў на Чэрвеньшчыне сельскагаспадарчыя аб’екты ў дзвюх гаспадарках.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Валевачы» сапсаваны металічны дах аднаго з будынкаў птушкафермы на плошчы 500 квадратных метраў.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Раванічы» з дахаў 9 гаспадарчых будынкаў вецер сарваў больш за 600 лістоў шыферу. Найбольш пацярпелі малочнатаварная ферма на жывёлагадоўчым комплексе і рамонтныя майстэрні.

Таксама ў шэрагу населеных пунктаў раёна з-за пашкоджання ліній электраперадач адключалася электрычнасць.

 

«КІРАВАННЕ Ў АПК»

— новая спецыяльнасць з такой назвай адкрыецца з наступнага навучальнага года ў Смілавіцкім аграрным каледжы. Пра гэта  паведамляе інтэрнэт-сайт установы.

Яна прадугледжвае навучанне ўдасканаленню тэхналогій вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і методыцы разліку яе сабекошту, метадам павышэння прыбытку і прадукцыйнасці працы, арганізацыі бухгалтарскага ўліку  ў структурным падраздзяленні, кантролю, планаванню і прагназаванню вытворчай дзейнасці арганізацыі, метадам і прынцыпам кіравання працоўным калектывам,  арганізацыі справаводства ў структурным падраздзяленні.

 

«УБЕЛЬСКАЯ ЛАСТАЎКА» ЗНОЎ ЗАВІТАЕ Ў ЧЭРВЕНЬ

4 мая ў Чэрвені пройдуць фінальны гала-канцэрт і ўзнагароджанне пераможцаў адкрытага конкурсу маладых вакалістаў імя Станіслава Манюшкі «Убельская ластаўка».

Прысвечаны нашаму знакамітаму земляку-кампазітару конкурс аб’яўлены Беларускім музычным тэатрам. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца навучэнцы музычных вучылішчаў і каледжаў, а таксама студэнты падрыхтоўчага курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Маладым вакалістам, якія пераадолеюць адборачны тур у музычных навучальных установах Беларусі, будзе прапанавана ў наступных двух турах конкурсу, якія адбудуцца ў Беларускім музычным тэатры, выканаць творы розных жанраў, у тым ліку — песню або раманс Станіслава Манюшкі.

Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя беларускія музыканты, артысты, педагогі, узначальвае заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Віктар Скарабагатаў.

 

ВЯСНОВЫЯ КАНІКУЛЫ Ў ЛАГЕРЫ ПАКЛІКАЛІ

245 школьнікаў раёна падчас вясновых канікулаў адпачнуць у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем.

Такія лагеры з 26 да 31 сакавіка будуць працаваць у гімназіі, другой і чацвёртай гарадскіх школах, абедзвюх школах г.п.Смілавічы, а таксама ў Лядзенскай школе і Чэрвеньскай СДЮШАР.

Як паведаміла галоўны спецыяліст Мінскага абласнога ўпраўлення па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню па Чэрвеньскаму раёну Людміла Паддубіцкая, датацыі з дзяржаўнага бюджэту на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў лагеры складуць 14,4 тысячы рублёў за дзень. А ўсяго на вясновае аздараўленне школьнікаў раёна абласное ўпраўленне выдаткавала 21 мільён 168 тысяч рублёў.

Падчас работы лагераў хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць разнастайныя выхаваўчыя мерапрыемствы, экскурсіі, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзецям-інвалідам.

 

НА ПЕРШЫМ ЭТАПЕ — ПЕРШЫЯ

Сёння чэрвеньскі «Будаўнік» правядзе ў спартыўнай зале «Мінск-Арэны» заключны матч першага этапу чэмпіянату Асацыяцыі аматарскага футбола Мінска па міні-футболу з камандай «Мінск Сіці».

Незалежна ад яго выніку нашы футбалісты застануцца ў турнірнай табліцы спаборніцтваў на першым месцы, паколькі бліжэйшыя сапернікі маюць на чатыры ачкі менш. На другім этапе «Будаўнік» у ліку шасці мацнейшых каманд прадоўжыць барацьбу за званне чэмпіёна.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *