“МЫ ЎДЗЯЧНЫ ЎСІМ, ХТО ДАЛУЧАЕЦЦА ДА ЗАХАВАННЯ СПАДЧЫНЫ”

Общество

РАЁННАМУ КРАЯЗНАЎЧАМУ МУЗЕЮ — 20 ГАДОЎ.

Дырэктар музея Алена ЗАБАРОНАК:

“МЫ ЎДЗЯЧНЫ ЎСІМ, ХТО ДАЛУЧАЕЦЦА ДА ЗАХАВАННЯ СПАДЧЫНЫ”.

Рашэннем Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта адкрыццё Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея было прызначана на 1 студзеня 1992 года. Першым дырэктарам музея быў Анатоль Сцяпанавіч Фурык, науковым супрацоўнікам працаваў Вячаслаў Бярнардавіч Мысліцкі, наглядчыкам — Ніна Мікалаеўна Ледар, захавальнікам фондаў — Ірына Мікалаеўна Кішко.

І хаця ў падрыхтоўчай рабоце па збору экспанатаў удзельнічалі работнікі культуры ўсяго раёна, у арганізацыйных пытаннях па рамонту памяшканняў, набыцці мэблі і інш. дапамагалі сакратар райкама партыі Н.І. Краўцова, намеснік старшыні рйвыканкама М.І.Краснагір, загадчык аддзела культуры А.В.Міцкевіч. Менавіта на невялікі калектыў музея леглі асноўныя задачы — стварэнне экспазіцыі і фонда музея.

З верасня 1992 да жніўня 2005 года дырэктарам музея працавала Ганна Міхайлаўна Аўласенка. Гісторык па адукацыі, яна, як ніхто іншы, разумела важнасць музейнай справы. Менавіта Ганна Міхайлаўна наладзіла сяброўскія сувязі з многімі вядомымі ўраджэнцамі раёна. Дзякуючы яе намаганням, у музеі арганізоўвалася шмат цікавых і змястоўных мерапрыемстваў, зладжана працаваў калектыў. Пад кіраўніцтвам Аўласенкі праведзена вялікая работа па стварэнню гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Чэрвеньскі раён», якая выйшла ў 2000-ым годзе. Ганна Міхайлаўна дапамагала і перадавала свой вопыт малодшым калегам. Дзякуючы яе парадам, авалодалі асаблівасцямі музейнай справы Наталля Мікалаеўна Ісачкіна, Святлана Уладзіміраўна Адамовіч, Галіна Мікалаеўна Кузьміна, якія працавалі ў розныя часы навуковымі супрацоўнікамі. Набывала ў той час вопыт і я.

Галоўная задача, якая стаіць перад калектывам музея сёння, як і дваццаць год таму, збор і захаванне матэрыяльнай спадчыны, вывучэнне і прапаганда гісторыі і культуры нашага краю, якасць працы з наведвальнікамі. Навуковыя супрацоўнікі Ірына Іванаўна Вабішчэвіч, Станіслава Чаславаўна Баркоўская, Ірына Васільеўна Серада з вялікай адказнасцю адносяцца да сваіх абавязкаў, добра ведаюць сваю справу, працуюць творча і натхнёна. Экскурсіі, лекцыі і іншыя мерапрыемствы, якія яны рыхтуюць, з задавальненнем наведваюць і дзеці, і дарослыя. Апошнім часам яны прапануюць наведвальнікам музея новыя формы работы — інтэрактыўныя і перасоўныя выставы, мультымедыйныя прэзентацыі і іншае.

З мэтай выхавання ў нашых наведвальнікаў цікавасці да вывучэння гісторыі і традыцый Чэрвеньшчыны, пры музеі створаны краязнаўчы клуб «Бонда». Краязнаўчая яго секцыя, якую ўзначальвае Станіслава Чаславаўна Баркоўская, налічвае больш як 25 удзельнікаў розных узростаў. Для развіцця інтэлектуальных магчымасцяў моладзі, яе патрыятычнага выхавання музейнымі сродкамі створана інтэлектуальная секцыя клуба, якой кіруе Ірына Іванаўна Вабішчэвіч. Удзельнікі клуба з’яўляюцца актыўнымі ва ўсіх музейных мерапрыемствах — прэзентацыі выстаў, у турнірах, вечарынах, канферэнцыях.

Супрацоўнікі музея з выставамі і прэзентацыямі часта прымаюць удзел у раённых мерапрыемствах — рабочых семінарах, канферэнцыях, святах. У арганізацыі такіх перасоўных выстаў вялікую дапамогу супрацоўнікам аказвае галоўны захавальнік фондаў Галіна Мікалаеўна Кузьміна. Працуе яна ў музеі з 2007 года. За гэты час дасканала вывучыла склад музейнага фонда, поўнасцю камп’ютарызавала яго ўлік. Да яе можна звярнуцца з пытаннем аб наяўнасці таго або іншага экапаната і адразу атрымаць дакладны адказ.

За дваццаць гадоў свайго існавання музей зрабіў значныя крокі ў асноўных накірунках сваёй работы — навукова-фондавай, экспазіцыйна-выставачнай і асветніцкай.

На сённяшні дзень фонды музея налічваюць 7740 экспанатаў, кожны год музей наведваюць ад 7 да 10 тысяч чалавек, супрацоўнікамі музея праводзяцца каля 400 экскурсій і лекцый. Павялічваецца колькасць выстаў, культурна-масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца сумесна з аддзелам адукацыі і аддзелам па справах моладзі райвыканкама, БРСМ.

Музейныя выставы прэзентуюць творчасць прафесійных і самадзейных мастакоў, паэтаў, кампазітараў, як ураджэнцаў Чэрвеньскага раёна, так і іншых слаўных людзей зямлі беларускай, шмат арганізоўваецца і іншых тэматычных выстаў.

За многія гады наладжана супрацоўніцтва з дзяржаўнымі музеямі рэспублікі — гісторыі беларускай літаратуры, Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, гісторыі і культуры яўрэяў, Вялікай Айчыннай вайны і інш. Выставы з фондаў гэтых устаноў рэгулярна прапаноўваюцца ўвазе нашых наведвальнікаў.

Калектыў музея ўдзячны за супрацоўніцтва ўсім, хто праяўляе цікавасць да нашай работы, удзельнікам нашых выстаў, нашым здатчыкам, якія дапамагаюць у папаўненні фондаў. Прыходзьце ў музей, мы заўсёды рады наведвальнікам.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *